Reuters.com

Тое, што адбылося ў Янгоне пазаўчора, мае самае беспасярэдняе дачыненне да аднаго з магчымых сцэнароў будучыні Беларусі. Я чытаю, што пішуць на тэму дзяржаўнага перавароту ў беларускамоўных і рускамоўных СМІ, і бачу грунтоўнае неразуменне таго, чым ёсць гэтая краіна, у чым яе падабенства да Беларусі і як гэта звязана з намі.

Я прыехаў у М’янму ў 2012-м. 

Гэта быў пераходны год — мабільныя тэлефоны ў замежнікаў ужо не канфіскоўвалі, іх не трэба было пакідаць у спецыяльнай скрыні ў аэрапорце — неверагодная палёгка! Але сувязь забяспечвалася толькі дзяржаўным аператарам, праз дзяржаўныя ж, таргаваныя па «спецыяльным» кошце тэлефоны, а роўмінгу не было наогул. 

Нагадвала сітуацыю з колішнім беларускім «Белселам», які працаваў у стандарце сувязі, што прадугледждваў велізарныя трубкі і велізарныя ж цэны, праз што ў суседняй Літве «мабіла» каштавала ў разы танней.

Нацыянальны лідар М’янмы, Аўн Сан Су Чжы, яшчэ была не кіраўніцай краіны, а дысідэнткай. Яе ведалі і любілі ўсе суайчыннікі — і тыя працаўнікі кафетэрыяў, якія не баяліся кантактаваць з іншаземцамі, падаючы фірмовы бірманскі напой — каву з лаймам (смаката!), з захапленнем пераказвалі біяграфію гэтай смелай жанчыны. 

Янгон быў вычышчаны ад любых згадак пра Аўн Сан Су Чжы — я чуў гісторыі, як строга караецца спроба наклеіць постары з яе выявай. 

Але ў маленькіх ядальнях непадалёк ад сталіцы, у тым жа Багане, над уваходам заўсёды вісеў чорна-белы партрэт мужчыны ў вайсковай форме. Калі я пытаўся, хто гэта, мне адказвалі: «Аўн Сан Су Чжы».

Я дзівіўся, чаму гэта яна зрабілася мужчынам, пакуль адзін добра абазнаны ў справах М’янмы іншаземец не патлумачыў: на гэтым партрэце — генерал Аўн Сан. Бацька Аўн Сан Су Чжы. Лідар барацьбы за незалежнасць і нацыянальны герой М’янмы. Забараніць ягоныя выявы немагчыма, бо без яго не было і б такой краіны.

Не могучы павесіць у сваім інтэр’еры саму Аўн Сан Су Чжы, м’янманцы на знак павагі вешаюць яе бацьку — і гэта выразна вызначае іх палітычныя погляды.

М’янма дзесяцігоддзямі, пакуль Аўн Сан Су Чжы не перамагла, была паўнавартаснай тлустай дыктатурай. 

Краінай кіравала ваенная хунта. 

Але гэтая дыктатура была вельмі спецыфічнай. 

Паколькі ўсе тамтэйшыя генералы былі будыстамі і ішлі шляхам вучэння Гаўтамы, яны ставіліся да Аўн Сан Су Чжы не так жорстка, як з ёй абышоўся б Сталін. Яе не расстралялі. Яе нават не пасадзілі ў турму. Яе змясцілі пад хатні арышт і дазвалялі штотыдзень прыходзіць медытаваць у Шведагон — велізарны залачоны храм, прысвечаны Буду.

Перад купалам у Шведагоне — восем выяў Буды. Па колькасці дзён тыдня ў будыстаў (там дзве серады — «серада раніца» і «серада вечар»). 

І ты мусіш медытаваць ля Буды таго дня, у які ты нарадзіўся. Аўн Сан Су Чжы нарадзілася ў аўторак, таму мусіла заглыбляцца ў сябе ля Reclining Buddha злева ад уваходу. 

І як жа я здзівіўся, калі пабачыў ля гэтай статуі ажно тры велізарныя відэакамеры. Як патлумачылі мне мясцовыя, камеры фіксавалі кожную медытацыю Аўн Сан Су Чжы, каб выяўляць і караць яе прыхільнікаў. Тых, хто збіраецца памаўчаць вакол яе.

І вось у такіх умовах будыстка Аўн Сан Су Чжы здолела перамагчы і ачоліць дзяржаву. 

Без усялякага гвалту і забурэнняў — бо, паўтаруся, і Аўн Сан Су Чжы, і тыя, хто яе прэсаваў, былі будыстамі. 

Адразу пасля таго як у М’янме ўпершыню за 25 гадоў вырашылі правесці парламенцкія выбары, «Ліга за дэмакратыю» Аўн Сан Су Чжы набрала большасць. 

Навошта спатрэбіліся выбары, спытаецеся вы, калі сітуацыя і так была кіраванай? 

Дык усё проста: за часы хунты эканоміка прысела настолькі, што нават нафтаздабыча ўжо не дапамагала. З М’янмы масава беглі людзі, лагеры бірманскіх уцекачоў я бачыў нават у Бангладэш. А Бангладэш, на хвіліначку, — самая бедная краіна Азіі.

То М’янме давялося паступова адкрывацца свету. 

З той пары (2016) і да пазамінулага дня краіна зрабілася магнітам для турыстаў і інвестыцый. Яшчэ год таму я параіў бы яе любому вандроўніку, які хоча пабачыць сапраўдную Азію: людзей такога гатунку — шчырых, не сапсаваных Захадам і індустрыяй — вы не знойдзеце нідзе. Гэтаксама як і салаты з лісця гарбаты, пасыпанай арахісам.

Але ж, але.

Але людзі ў пагонах нікуды не падзеліся. І пасля другіх парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ўвосень 2020-га, зразумелі, што ўлада да іх ужо ніколі не вернецца. Бо каму захочацца жыць у краіне, самыя тлустыя кавалкі якой падзеленыя паміж сваякамі найбольш уплывовых сілавікоў.

І адбыўся рэванш. 

«Будысцкі дзяржаўны пераварот». 

Мяккі, без страляніны з танкаў па Белым Доме. Ніводнага забітага. Але Аўн Сан Су Чжы і прэзідэнт яе партыі Він М’ін зноў пад арыштам. І гэтым разам урокі вывучаныя, і выбараў тут болей яўна не будзе.

У чым, на маю думку, памылка Аўн Сан Су Чжы? У тым, што не падмацавала сваю ўладу замірэннем з тымі, ад каго некалі пакутавала. Была Аўн Сан Су Чжы як увасабленне дабра і пяшчоты — і былі генералы, якіх проста адсунулі ўбок. 

Відавочна, што дэмакратыі без кансэнсусу з усімі часткамі грамадства — асабліва тымі, што здольныя выводзіць бронетэхніку да палацаў і блакаваць аэрапорт, — не бывае. 

Відавочна таксама, што краіна, якая некалі была ваеннай хунтай, але пасля зрабілася дэмакратыяй з прыязным, міжнародна прызнаным лідарам, усё роўна застаецца ваеннай хунтай. 

Высновы рабіце самі.

Чытайце таксама:

М’янма: што адбываецца, калі сілавікі робяцца ўладнай кастай

«Незаконныя партатыўныя рацыі»: сілавікі выставілі абвінавачванні законным кіраўнікам М'янмы

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?