Авігдор Ліберман (злева) і Сяргей Мартынаў. Фота Уладзя Грыдзіна.
Пасля перамоваў у МЗС і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, міністр замежных справаў Ізраілю Авігдор Ліберман разам з беларускім калегам Сяргеем Мартынавым далі невялікую прэс‑канферэнцыю.Перад гэтым бакамі была падпісаная дамова аб супрацоўніцтве ў культуры, навуцы і адукацыі на 2009 — 2012 гады.
Сяргей Мартынаў сказаў, зыходным пунктам у стасунках паміж краінамі з’яўляюцца нашы суайчыннікі, якія пражываюць у Ізраілі, але не губляюць сувязі з Радзімай. «Трэба перавесці чалавечыя кантакты ў эканамічныя, якія пакуль што жадаюць лепшага», — зазначыў С.Мартынаў.
На ягоную думку, стасункі патрэбна развіваць у такіх галінах, як сельская гаспадарка, турызм высокія тэхналогіі, бізнес. «Мы чакаем эканамічнага скачка ў нашых кантактах», адзначыў беларускі міністр.
На сённяшні дзень Ізраіль збіраецца інвеставаць у беларускую эканоміку, у праект «Сіліконавая даліна». «Спадзяюся, што гэты праект стане флагманам, які дапаможа прыйсці ў Беларусь іншым інвестыцыям», — сказаў А.Ліберман.
«Прыйдзе час і візітам на вышэйшым узроўні», — запэўніў Ліберман. Міністр адзначыў, што прэзідэнт Ізраілю Шымон Перэс выхадзец з Беларусі, і «ён любіць сюды прыязджаць».Авігдор Ліберман адзначыў, што падчас бліжэйшай сустрэчы з прэзідэнтам будзе абмяркоўваць і гэтае пытанне. Таксама ён запрасіў наведаць Ізраіль з візітам у адказ Сяргея Мартынава.
Значная частка выступу Авігдора Лібермана была прысвечаная пытанню беларуска‑іранскіх стасункаў. «Безумоўна, гэтая тэма падымалася. Для нас яна вельмі істотная, найперш з маральнага гледзішча. У Іране спрабуюць перапісаць гісторыю, аспрэчыць Халакост, іхны прэзідэнт абяцае сцерці Ізраіль з сусветнай карты. Разам з тым, большасць еўрапейскіх краін падтрымліваюць стасункі з Іранам. Для нас непрымальна, калі Сарказі сустракаецца з іранскім міністрам. Іран — пагроза нестабільнасці на Блізкім Усходзе. Усе баевікі праходзяць там падрыхтоўку, ці карыстаюцца іранскімі грашыма. Спадзяюся, што мы знойдзем узаемаразуменне па гэтым пытанні», — сказаў Ліберман.
Варта адзначыць, што Авігдора Лібермана падчас прыезду ў Мінск суправаджае былы пасол Ізраілю ў Беларусі Зееў Бен‑Ар’е. Па нашых звестках сп.Бен‑Ар’е цяпер з’яўляецца дарадцам Лібермана па пытаннях краін СНД.
Зміцер Панкавец
* * *
З міністрам замежных справаў Ізраілю Авігдорам Лібэрманам сустрэліся кіраўнік Беларусі і міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. Запланаваная таксама сустрэча з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімірам Макеем.
Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на падтрымку Ізраілю ў справе наладжваньня стасункаў з Эўропай і ЗША. Такую заяву кіраўнік Беларусі зрабіў у часе сустрэчы зь міністрам замежных справаў Ізраілю Авігдорам Лібэрманам.
«Мы будзем удзячныя, калі ваш пэрсанальны ўнёсак, аўтарытэт Ізраілю паслужаць нармалізацыі стасункаў ня толькі з Эўропай, але і з Амэрыкай», – заявіў Лукашэнка.
«Ізраіль – краіна для нас не чужая, перад усім, бо там пражывае не адзін дзясятак тысячаў, не адна сотня тысячаў нашых суайчыньнікаў. Лёс гэтых людзей нам неабыякава», – заявіў Лукашэнка.
Раней адбылася сустрэча Авігдора Лібэрмана з ягоным беларускім калегам Сяргеем Мартынавым. Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў зазначыў, што ў Беларусі з Ізраілем заўсёды былі «нармалёвыя, роўныя адносіны». «Гістарычна паміж краінамі склаліся самыя добрыя стасункі», – падкрэсьліў міністар.
Мартынаў заклікаў паляпшаць магчымасьці для кантактаў людзей і эканамічнага ўзаемадзеяньня.
Авігдор Лібэрман прызнаў, што пакуль няма добрых вынікаў эканамічнага супрацоўніцтва. Ён дадаў, што неабходна разьвіваць кантакты «на чалавечым узроўні».«Прыклад тут падае вялікая беларуская дыяспара, якая прысутнічае ў Ізраілі, і вельмі актыўна працуе.
Міністар замежных справаў Ізраілю адзначыў збалянсаваную пызыцыю Беларусі ў часе вайсковай апэрыцыі ў Сэктары Газа.
* * *
Намеснік прэм'ер-міністра – міністр замежных спраў Дзяржавы Ізраіль Авігдор Ліберман 3-5 чэрвеня з рабочым візітам наведвае Беларусь. Гэта першы візыт прадстаўніка Ізраілю такога ўзроўню за апошнія 15 гадоў.