Марыя Літвіновіч з Рылавічаў вядомая як «коровайныця». На вясельле, абавязкова замаўляюць каравай у яе. Адмыслова для гасьцей Марыя з задавальненьнем апранае («накладае») вышываны строй.

Тут нарадзіліся выдатныя мастакі й першы прэзідэнт Ізраілю. У вёсцы Рылавічы трактарыст паставіў у палісадзе мармуровую капліцу ў гонар Маці Божае й падсьвятляе яе па вечарох лямпачкамі. А ў Агове ткуць посьцілкі й расьпісваюць прыгажэзныя куфры. Ну й, вядома, не прапусьціце славутыя мотальскія кілбасы… Янаўшчына і Піншчына ў рэпартажы Сяргея Харэўскага.

Тады і там

Янова калісь называлася Порхавам. У 1423 годзе ўласьнік вёскі падараваў яе луцкаму касьцёлу. А ў 1465-м вёска Порхава была перайменаваная ў Янова ў гонар луцкага біскупа Яна Пасовіча Лясковіча. А суседняя вёска атрымала назву Ляскавічы. Па вайне зьмянілі Янова на Іванава. А чыгуначную станцыю ў цяперашнім «Іванаве» пакінулі як «Янаў-Палескі». Але надыдзе пара – і вернуць Янову яго гістарычны назоў! Зрэшты й «Порхаў» мог бы стаць неблагім тамтэйшым брэндам для назваў крамаў, кавярняў, фірмаў, нават конкурсу прыгажосьці. Штогод у раённым Цэнтры культуры праходзяць моладзевыя шоў-праграмы «Мiss Iwanawa». Хіба «Міс Порхаўка» гучэла бы менш калярытна?

Цяпер тут амаль у кожнага – мабільны тэлефон. Едзе дзядзька на возе – з мабільнікам. Ідзе цётка казу даіць – з мабільнікам. Побач са старым мястэчкам вырасла гэткага ж памеру New Iwanawa зь вялікімі сучаснымі дамамі, капітальнымі гаражамі, спадарожнікавымі антэнамі і... вялікімі дагледжанымі агародамі – дзядоўскай традыцыяй.

По-сільску

У Іванаўскім раёне сама меней тры гаворкі: мотальская, яноўска-агоўская і махроўская… Прычым ня цыкляцца, гавораць міжсобку «по-сільску» ды ганарацца гэтым.

Не разьбярэсься з тутэйшымі канфэсіямі. У даведніках ясна напісана, што ў Моталі ёсьць суполка й малельны дом пяцідзясятнікаў. Але ані ў музэі, ані ў мотальскай кавярні не далі рады, дзе тыя пяцідзясятнікі пасядаюць.

У Янове вялізарную царкву эвангельскіх хрысьціянаў не схаваеш, яна пануе над нізкай забудоваю гораду. Як і цудоўна адрэстаўраваны ампірны касьцёл ХІХ ст., дзе за савецкім часам быў то Дом культуры, то склад… Цяпер гэты рэдкі помнік – гонар Янова. Хоць спытай, хто ж тут каталікі – разьвядуць рукамі. «У нас выключна усе праваслаўныя!» – катэгарычна адпрэчыла гаспадыня з Агова, хоць яе муж мне ўжо сказаў быў па сакрэце, што іх дзеці і ўнукі сталі добрымі каталікамі ў Янове. Тут пачнеш верыць у што заўгодна…

То ў адной гутарцы, то ў іншай між словаў трапляецца – «калдун»: «а гэта трэба да калдуна», «во каб калдун тады». Але бяз дай патрэбы ніхто нічога пра тых калдуноў ня скажа. Цалкам можа быць, што сярод маіх субяседнікаў і папутчыкаў сядзяць тыя самыя калдуны й назіраюць за мною.

Словам, была тут ніва для Андрэя Баболі, які нястомна наварочваў тут палешукоў у каталіцкую веру. І тутака 16 траўня ў 1657 годзе за тое й прыняў жудасную сьмерць. Да 1939 году штогод 16 траўня зь Пінску ў Яноў Палескі ішоў адмысловы цягнік зь вернікамі з усіх краёў, якія жадалі пакланіцца вялікаму сьвятому.

За дзікімі савецкімі часамі прыгожую капліцу, што стаяла на месцы мардаваньня сьвятога Андрэя, зьнішчылі. Цяпер сьвяты глядзіць ізноў на сваё Янова з вышыні новай капліцы пры касьцельнай браме. Глядзіць на чысьцюткі гарадок, на пляц, на якім стаіць сьмешны бэтонны Ленін, паквэцаны «серабранкай», пад якім праяжджаюць сёньня й навюткія даражэзныя аўто мытнікаў і кантрабандыстаў і стогадовай даўніны падводы, запрэжаныя порсткімі конікамі. Тут ёсьць нават прадуктовыя конныя фургоны замест аўталавак, чаго я нідзе больш ня бачыў.

А на другім канцы цэнтральнага пляцу стаіць (ці, лепей сказаць, сядзіць) вялікі помнік вялікаму мастаку й кампазытару Напалеону Орду.

Напалеонаўскія пляны

Апошні мае стаць яшчэ адным брэндам Яноўшчыны. Як і Баболя, як і саладкаватая на смак тутэйшая мінэралка «Марыля».

Наш Напалеон нарадзіўся ў тутэйшых Варацэвічах. Герой двух вызвольных паўстаньняў, ён стварыў унікальную энцыкляпэдыю ў малюнках архітэктурных краявідаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны.

На гэты год выдаткавана 4 мільярды (!) рублёў на стварэньне экспазыцыяў будучай карціннай галерэі ў былым маёнтку Ордаў, спаленым у 1943 годзе савецкімі партызанамі. Там будзе вялікі музэйна-канцэртны комплекс для правядзеньня прысьвечаных памяці Орды пленэраў і канцэртаў. Не забыліся запраектаваць і шыкоўны гатэль з паркінгам, саўнамі, басэйнамі, конна-забаўляльнай базаю і, вядома ж, базай паляўнічай гаспадаркі... Во заслужыць якую памяць можна!

ППРІ

Ведама, Янаўшчына слаўная ня толькі Напалеонам Ордаю. Тутсама нарадзіўся й Аляксей Кузьміч, аўтар гучна рэклямаваных дзяржаваю «Славянскіх мадонаў». А ў мотальскім музэі ўжо ёсьць цэлая заля маладога тутэйшага мастака Янкі Рамановіча.

Царква ў Янаўшчыне: малюнак Напалеона Орды і сучасны выгляд.

Мястэчка Моталь маляўніча пасела над ракой Ясельдай. Некалі гэта была сапраўдная сталіца беларускага прадпрымальніцтва. Канкурэнцыя зь габрэямі шмат у чым перадвызначыла й мотальскі мэнталітэт.

Тут, у Моталі, у 1874 годзе нарадзіўся першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман. Па сканчэньні гімназіі ён вучыўся ў Бэрліне і Швайцарыі. Быў прафэсарам хіміі ва ўнівэрсытэце ў Манчэстэры. У Моталі ў яго было 14 братоў і сясьцёр, і ўсе яны сталі навукоўцамі, лекарамі, дантыстамі, інжынэрамі, выкладчыкамі. Але ані пра першага прэзыдэнта з Моталю, ані пра ягоных родных нічога сёньня тут няведама. Памяць пра тутэйшае жыдоўства сьцёртая амаль у нівошта расстрэламі 1941 году.

Музэй у Моталі.

Старыя піхты

У агні ХХ ст. згінула ня толькі жыдоўская цывілізацыя. Дашчэнту былі панішчаныя й шыкоўныя панскія двары. Ды яшчэ якія шыкоўныя!

У вёсцы Дубай, што ў бок Пінску, прайшлі дзіцячыя гады вядомага паэта і гісторыка Адама Нарушэвіча. Да 1939 году тут існаваў шыкоўны паркавы ансамбль. Шыхты прастакутных сажалак пры дапамозе дамб забясьпечвалі перапад вады і напаўнялі ставы й фантаны.

Ад панскага двара захаваліся, як кажуць у вёсцы, Ялыны́ – старадаўнія белыя піхты, якім болей як 200 гадоў. У іх засені туліцца цяпер пара сядзібаў калгасьнікаў. Тамака ж на колішніх кветкавых клюмбах, між старадаўніх дрэваў, садзяць і бульбу. А ў былым касьцёле з фамільным склепам да нядаўна была трансфарматарная будка. Ужо доўгі час няма тут ані вітражоў, ані фрэсак. Усё разрабавана, нават і цяпер скарбашукальнікі не лянуюцца па пэрымэтры абкопваць, як зьвяры, падмуркі сьвятыні.

Зруйнавана дашчэнту цяпер і Моладава, што спрадвеку належала Скірмунтам. Утульны асяродак цывілізацыі таксама не перажыў 1939 г. Маёнтак быў узяты штурмам, а яго ўладальнік – адзін з айцоў БНР Раман Скірмунт – закатаваны разам зь сям’ёю й гасьцямі. Целы іхныя былі таемна пахаваныя слугамі ў графскім парку ў блізкай сядзібе Парэчча. А ў Моладаве капліца-ратонда дзіўна глядзіцца сапраўднай рымскай руінаю сярод выгану, на якім пасьвяцца козы.

На шчасьце, ацалеў той шыкоўны парк у Парэччы, што займае блізу 80 гектараў! Цяпер там, у зацішным далёкім кутку, між экзатычных піхтаў і кедраў, на магіле вялікага гаспадарніка й палітыка Рамана Скірмунта пастаўлены крыж, спавіты беларускімі ручнікамі. Але ў колішніх ягоных заводах да сёньня гаспадараць нашчадкі тых камбедаўцаў, якія яго закатавалі. Смурод стаіць жахлівы. Няма нават як разгледзіць унікальныя тульпанавыя дрэвы, што граф-эстэт замовіў у Амэрыцы.

Зрэшты, калі ў тых краях і стаяць цудам ацалелыя помнікі, гэта зусім ня значыць, што яны засталіся ў ранейшым выглядзе. Няўрымсьлівы сьвятар у вёсцы Махро, адкуль родам любімы мастак Лукашэнкі, Аляксей Кузьміч, вырашыў наблізіць да праваслаўных расейскіх канонаў будынак старасьвецкай царквы XVIII ст. У выніку, адзін з найбольш арыгінальных помнікаў нашага драўлянага дойлідзтва зьнявечаны непапраўна: аўтар перанесены на ўсход, зьнятыя барочныя купалы, званіца стала меншаю на цэлы паверх. У выніку маем безаблічную царкву, як і сотні іншых у псэўдарускім гусьце.

А ў Дастоеве цяпер узьвялі аграмадную царкву ў самым кандовым расейскім стылі. Некалі тутэйшай мастацкай адметнасьцю была старажытная драўляная Ільлінская царква. Выразны яе архаічны абрыс быў цалкам арганічны ў тутэйшым краявідзе, у засені дубовых шатаў. У 1970 годзе храм у Дастоеве, дзе шлюбаваліся й хрысьціліся продкі слыннага клясыка літаратуры, як помнік народнага дойлідзтва вывучала экспэдыцыя АН БССР з мэтай улучэньня яго ў «Збор помнікаў Беларусі». Але пасьля абмераў і фотафіксацыі царква была зруйнавана трактарамі на загад мясцовага сельсавету. Няма помніка – няма праблем! Гэты акт савецкага вандалізму ўразіў тады ўсю інтэлігенцыю СССР.

Каравайніца

Затое на Палесьсі таленавіты й вясёлы народ. У вёсцы Рылавічы, што славіцца на ўсю краіну сваімі бандарамі, селянін-трактарыст паставіў у палісадзе мармуровую капліцу ў гонар Маці Божае й падсьвятляе яе па вечарох лямпачкамі. А ў Агове ткуць шыкоўны посьцілкі й расьпісваюць прыгажэзныя куфры. А ў Моталі робяць слынныя мотальскія кажушкі. Ну й, вядома, славутыя мотальскія кілбасы. Некалі – ажно 40 гатункаў! Тут іх вырабляюць цяпер аж тры цэхі, два зь якіх – прыватныя.

Пётар Воран з Рылавіч паставіў у сваім двары каплічку і па вечарох падсьвятляе яе электрычнасьцю. Пётра працуе трактарыстам і шмат разоў цудам заставаўся жывы, трапляючы ў аўтааварыі. Гэтак ён вырашыў аддзячыць Божай Маці.

Лідзія Доўгер, вядомая на ўсё Агова малявальніца куфроў і ткальля. Уладальніца адных з трох апошніх у вёсцы кроснаў.

Паляшуцкая кухня – асобная гаворка. Напрыклад, тут частуюць варэнікамі з бульбы, скваркамі і цыбуляю. Паліваецца сьмятанаю. Яшчэ тут робяць чурэкі. Бульба надзіраецца, як на дранікі. Пасьля дадаюць у яе муку. Цеста робіцца вельмі густое й вязкае. Выкладаецца на дубовае лісьце й ставіцца ў печ. А на патэльні з такога цеста атрымаецца хутчэй звычайны дранік ці блін. Часьцяком палешукі зьмешваюць тыя прадукты, што не прынята мяшаць у беларусаў. Напрыклад, рыбныя й малочныя прадукты. Альбо: шпінат паніруюць, асобна падсмажваюць абваляныя ў муцэ грыбы й смажаць на... сале. Падаецца з халодным малаком альбо квасам. Тутэйшая цікавая страва – крышаны. Іх робяць з бульбы, бобу, сьвежых грыбоў. Ужо гэтыя інгрыдыенты выклікаюць у сярэдняга беларуса падозраньне. Тушаць і… заліваюць малаком.

Едзьце! Наясьцёся!..

Фота Веранікі Дзядок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?