Галоўным пунктам збору асуджаных стаў «спецпрыёмнік у Сахараве». Гэта Цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзян у вёсцы Сахарава ў Новай Маскве. Звычайна там сядзяць замежнікі ў чаканні дэпартацыі, але цяпер да іх дадаліся і незадаволеныя ўладай масквічы.

Сахарава, корпус спецпрыёмніка. Фота: Міхаіл Джапарыдзэ / ТАСС

Сахарава, корпус спецпрыёмніка. Фота: Міхаіл Джапарыдзэ / ТАСС

Спецпрыёмнік знаходзіцца на тэрыторыі вялікага шматфункцыянальнага міграцыйнага цэнтра, які адкрылі ў 2015 годзе. 

Але чаму масквічоў раптам пачалі звазіць у цэнтр для мігрантаў? Усё банальна: у іншых спецпрыёмніках расійскай сталіцы проста скончыліся месцы.

Раніцай 2 лютага ля спецпрыёмніка ў Сахараве выстраіліся ў чаргу аўтазакі з затрыманымі.

«Увесь гэты час прыдумлялі, як размясціць арыштантаў. Да сярэдзіны дня ўсе камеры былі ўкамплектаваныя. А ля брамы спецпрыёмніка стала вырастаць яшчэ адна чарга — гэта сваякі і сябры, якія прыехалі ў Сахарава з перадачамі», — піша Новая газета.

Праз вялікую колькасць сваякоў асуджаных час прыёму нават працягнулі на дзве гадзіны.

Фота — Новая газета

А неўзабаве інтэрнэт запоўнілі фотаздымкі і нават відэаролікі непасрэдна з камер.

Фота з тэлеграм-канала «Протестный МГУ»

Фота з тэлеграм-канала «Протестный МГУ»

Здымкі апублікаваў адміністратар канала «Протестный МГУ»:

«Нас проста перавялі з аўтобуса ў будынак, каб адпусціць кіроўцу і супрацоўнікаў, якія суправаджалі нас. У 8-мясцовай камеры на двух'ярусных металічных ложках без матрацаў размясціліся 28 чалавек.

З аддзела паліцыі мы выйшлі ў гадзіну дня. Амаль увесь наступны час, за выключэннем кароткага перапынку на суд, мы правялі ў аўтобусе: каля 16 гадзін. А 5-й раніцы нас перавялі ў адну з камер Сахарава, працягваем чакаць».

Адміністратар канала Дзмітры Іваноў растлумачыў «Нашай Ніве», як змог зрабіць і апублікаваць фотаздымкі:
«Нас вывелі з аўтобуса, завялі ў 8-мясцовую камеру 28 чалавек, у некалькіх суседніх камерах было тое ж самае. Супрацоўнікі бегалі па калідорах, размаўлялі выключна матам, начальнік ізалятара гарлапаніў на канваіраў і патрабаваў тэрмінова знайсці камеры.

У такіх умовах немагчыма пракантраляваць нічога, нас проста ўчатырох вывелі з той камеры і пасадзілі ў камеру на чатыры месцы. Нас не абшукалі, не аформілі.

Сядзім у камеры з усімі рэчамі, як прыехалі.

Наогул, я разумею, што кадры з Сахарава з перапоўненымі камерамі вонкава нагадваюць тое, што вы бачылі ў Жодзіне і на Акрэсціна, але стаўленне супрацоўнікаў тут зусім іншае: у нас уся «жэсць» дзеецца на вуліцах і (часам) у аддзелах паліцыі, а ў спецпрыёмніках супрацоўнікі досыць ветлівыя і акуратныя, я не ведаю ніводнай гісторыі, каб тут кагосьці збілі».

Пасля затрыманых пачалі нарэшце раскідваць па камерах.

На фота справа — Сяргей Смірноў, галоўны рэдактар «Медыязоны». Ён атрымаў 25 сутак за рэпост жартаўлівага твіта, у якім была дата мітынгу. У выніку, судзілі Смірнова ў беларускім стылі і пакаралі… за ўдзел у мітынгу!

Цікава, што за фота з камер арыштантаў не пакаралі, а наадварот, палепшылі ім умовы.

«Толькі што да нас прыходзілі сябры грамадска-назіральнай камісіі і кіраўніцтва ізалятара. Яны запатрабавалі выдаць нам матрацы, тэпцікі, шампунь і ваду, на працягу пяці хвілін усё з'явілася. Спадзяёмся, у іншых камерах такая ж сітуацыя, — піша адмін канала «Протестный МГУ». —

Начальства ізалятара вельмі зачапіла публікацыя фатаграфій з перапоўненай камеры. Яны патлумачылі, што змясцілі ўсіх у камеры на час афармлення, каб не трымаць людзей у аўтазаках, дзе ўмовы яшчэ горшыя. Я са свайго боку магу сказаць, што гэта падобна да праўды. Супрацоўнікі спецпрыёмніка сапраўды не настроены да нас негатыўна. Змяшчэнне 28 чалавек у 8-мясцовую камеру выглядае жудасна, але гэта сапраўды лепш, чым калі б мы да гэтага часу былі ў аўтазаках.

Ці значыць гэта, што мы не маем нічога супраць такіх умоў? Вядома, не. Маем. Ізалятар сутыкнуўся з калапсам — усіх арыштаваных проста немагчыма было прыняць такім чынам, каб не трымаць іх у аўтазаках або перапоўненых камерах шмат гадзін. Такой колькасці арыштаваных быць не павінна».

Умовы ў спецпрыёмніку цяжкія, але непараўнальныя з Акрэсціна. Наўмысных здзекаў — прынамсі пакуль што — няма.

«У камерах было горача. Мы ратаваліся ад духаты, хаваючы батарэі коўдрай. Сцены ў пакоях пакрытыя белай тынкоўкай з бруднаватымі кропелькамі, падлога бетонная, — распавядаў адзін з асуджаных парталу Strelkamag. — Нельга сказаць, што рамонт зусім атас, але калі мы зайшлі ў камеры, то афігелі. Туалет-дзірка са змывам размяшчаецца проста ў камеры. Санвузел агароджаны сценкай каля 1,2 метра ў вышыню, дзвярэй там няма. Душ у спецпрыёмніку агульны на паверх, адразу ў ім могуць мыцца шэсць чалавек. Адчуванні ад спецпрыёмніка такія: прыязджаеш і афігеваеш. Потым рагочаш з пацанамі: «Ну і занесла ж нас». Праз пару дзён ужо звыкаешся, нічога не раздражняе. Звыкаешся не звяртаць увагу на ўмовы, пабольш мець зносіны, жартаваць, чытаць, пісаць нешта і гуляць у гульні».

Пры гэтым умовы ў Сахараве горшыя, чым у звычайных маскоўскіх спецпрыёмніках, расказаў «Нашай Ніве» юрыст ФБК Уладлен Лось. Ён адбываў трое сутак у спецпрыёмніку «Бірулёва-Заходняе».

«У Сахараве камеры на большую колькасць людзей, ложкi двухпавярховыя, санiтарныя прылады брудныя», — адзначыў Лось.

Таксама ў спецпрыёмніках Расіі існуе норма, якую цяжка ўявіць грамадзяніну Беларусі. Штодня асуджаны мае права на 15 хвілін карыстання сваім мабільным тэлефонам!

«Існуе норма, што ты можаш мець сувязь 15 хвiлiн на дзень. У розных рэгiёнах па-рознаму. У Пецярбургу летась можна было толькi званiлкай карыстацца без фота і інтэрнэту. У Маскве такiх абмежаванняў няма, — кажа Уладлен Лось. — Адмiнiстрацыя адразу пасля шпацыру дазваляе атрымаць тэлефон. На шпацыр выводзяць па камерах. То-бок усе людзi з адной камеры карыстаюцца тэлефонамі адначасова.

Для гэтага людзей адводзяць у асобны пакойчык, забіраць мабільнік у камеру нельга.

У маiм спецпрыёмнiку гэта быў пакой недзе тры на тры метры. Цябе туды прыводзяць, там стол, крэсла, разетка для тэлефона. На стале стаiць скрыня, дзе ляжыць твой тэлефон у пакеце. Сядаеш, бярэш тэлефон, палiцэйскi гаворыць, што пачалiся 15 хвiлiн. Сам сядае побач з дзвярамi.

Палiцэйскi сядзiць недзе у старонцы, але непасрэдна у тэлефон не заглядвае».

На раніцу 3 лютага ў Сахараўскім спецпрыёмніку знаходзілася 506 грамадзян Расіі, паведамляе сябра АНК Марына Літвіновіч, з іх каля 90% апынуліся там за мітынгі. Але ж затрыманых 31 студзеня ў Маскве было не менш за 1400 чалавек. Магчыма, іх будуць накіроўваць адбываць пакаранне ў рэгіёны, піша Новая газета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0