Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

У канцы мінулага года ўсім вядомыя персанажы Disney ад Мікі Мауса да Мулан сталі даступнымі для прагляду ў кожным доме Ісландыі. Але ёсць адна праблема: ніводны з фільмаў ці мультыкаў не мае ні дубляжу, ні субцітраў на ісландскай мове.

На гэтым тыдні міністарка адукацыі Ісландыі накіравала скаргу галоўнаму дырэктару Disney, у якім яна заклікае кампанію дапамагаць намаганням краіны захаваць ісландскую мову.

«Мы робім усё магчымае, каб падтрымліваць мову, асабліва сярод дзяцей і моладзі, якія штодня знаходзяцца пад уплывам іншых моў, у асноўным ангельскай», — напісала міністарка ў лісце, які быў апублікаваны ў сацсетках. Яна адзначыла, што для дзяцей асабліва важна атрымліваць як мага больш інфармацыі на ісландскай мове.

Гэты ліст падтрымала шмат ісландцаў. Мультыкі ад Disney на ісландскай мове — важны крок да захавання роднай мовы ісландцаў, якая, па іх меркаванні, знаходзіцца ў небяспецы праз шырокае выкарыстанне ангельскай.

Сервіс Disney прапаноўвае субцітры і дубляж на 16 мовах, згодна з інфармацыяй на вэб-сайце. Кампанія сцвярджае, што плануе дадаць больш моў, пасля таго як сервіс стане даступным у большай колькасці краін.

Папулярнасць Disney+ узрасла падчас пандэміі. У снежні кампанія паведаміла пра 87 мільёнаў падпісчыкаў ва ўсім свеце, хаця стрымінгавы сервіс Disney+ пачаў працу толькі ў 2019 годзе.

Многія класічныя фільмы Disney мелі дубляж на ісландскай мове, калі іх паказвалі ўпершыню. Аднак гэтыя версіі адсутнічаюць на сервісе Disney+, што выклікае пытанні ў многіх ісландцаў.

«Я сапраўды здзіўляюся, чаму яны хаця б не прапаноўваюць мінулыя версіі», — кажа перакладчык Торарын Эліярн, які пераклаў дзясяткі дзіцячых кніг на ісландскую мову. «Ці яны думаюць, што Ісландыя занадта малая і нязначная, каб з ёй валэндацца, ці мяркуюць, што ўсе разумеюць ангельскую».

Ісландская мова — адна са скандынаўскіх моў, якая засталася адносна нязменнай у астраўной дзяржаве, якую засялілі 1100 гадоў таму. Лёс ісландскай мовы выклікае непакой, бо на ёй размаўляюць усяго толькі некалькі сотняў тысяч чалавек ва ўсім свеце.

На дзяржаўным узроўні былі ўведзеныя некаторыя меры па захаванні ісландскай мовы: правілы вяшчання патрабуюць, каб замежныя шоу абавязковы суправаджаліся субцітрамі. Але гэта правіла не распаўсюджваецца на стрымінгавыя пляцоўкі.

Сярод ісландскіх дзяцей ангельская мова распаўсюджваецца вельмі хутка. Школы былі вымушаныя перагледзець вучэбную праграму, бо выявілася, што большасць дзяцей не здольная свабодна чытаць «Сагу аб ісландцах», твор сярэднявечнай літаратуры, які распавядае пра першых пасяленцаў Ісландыі і лічыцца асновай ісландскай мовы.

Ісландцы падкрэсліваюць, што без разумення ісландскай мовы шмат скандынаўскіх казак згубіліся б. Гэта значыць, што, напрыклад, прыбытковага серыяла «Магутны Тор», які транслюецца на Disney+ магло б і не быць, бо за аснову аўтары ўзялі ісландскую міфалогію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0