Некаторыя цытаты

— Можаш параўнаць Плошчу-2006 і цяперашнія падзеі? Што агульнага, а што прынцыпова іншае?

— Калі мы гаворым пра 2006 год, то вялікая колькасць людзей старэйшага пакалення, якіх я ведаю, рэальна думалі, што там у палатках сядзяць нанятыя баевікі, наркаманы, алкаголікі і т.д. Цяпер, мабыць, з усяго майго шырокага кола ёсць адзін чалавек, які працягвае хадзіць і зрываць сцягі бел-чырвона-белыя і змагацца. І лічыць, што гэта тычыцца нейкіх нанятых наёмнікаў. Зараз гэта закранула кожнага. У 2006-м гэта была справа 5 тысяч самых сумленных.

Што да сённяшніх падзей, то Віктар Марціновіч глядзіць на іх з песімізмам.

«Лепш добраму здзіўляцца. З іншага боку, я тут жыву колькі гадоў ужо — мне 43 гады. З 1994 года я памятаю, як кожная надзея, якая ў мяне ўзнікала, абломвалася даволі драматычна. Я памятаю, што калі выйшаў раман «Возера радасці», то Дар'я Кастэнка напісала пра яго рэцэнзію, у якой у першы раз ужыла фразу «вывучаная бездапаможнасць» у дачыненні да гераіні. Потым гэтую фразу падхапіў Бабарыка і ўсе пачалі думаць, што гэта Бабарыка прыдумаў — няпраўда. Дык вось у нас вывучаны песімізм. Гэта вывучаны песімізм. Усё пытанне ў тым, ты ўжо яго вывучыў ці яшчэ пакуль аптыміст».

— Які ён — вывучаны песімізм?

— Гэта сітуацыя, калі на плошчы знаходзіцца 1 млн чалавек і калі ўсё тваё веданне пра тое, як звычайна гэта ўсё скончваецца, крычыць табе, што гэта перамога. Усё зменіцца. Але вопыт назірання менавіта за нашай сітуацыяй табе кажа пра тое, што не, чувак, нічога не зменіцца, нічога не зменіцца. І гэта так працуе вывучаны песімізм. Калі ўвесь рацыяналізм, калі ўся логіка паведамляе табе аб тым, што ўсё, усё адбылося, бо як фарш не перакруціш, але не, вывучаны песімізм нашэптвае табе, што не, не спяшайся радавацца.

«Дзіўна, што мы сядзім у белай студыі і такія прыбраныя. Мы цяпер пасярод катастрофы. Катастрофы такіх памераў, што калі мы станем бабулямі і дзядулямі, то мы будзем распавядаць пра яе гэтак жа, як нашы бабулі і дзядулі распавядалі пра вайну. Гэта значыць можна зрабіць выгляд, што мы пры гэтым аптымісты, але навошта?»

«Ёсць такая суцяшалка, што мы зараз дачакаемся вясны, і я б дазваляў бы сабе нейкія ілюзіі, калі б я не памятаў гэта «дажывём да вясны» ўсе папярэднія 20 гадоў. Вось увесь час, пачынаючы з 1996 года, мы дажывалі да вясны, а потым вясной праходзіў вялікі марш, напрыклад, «Чарнобыльскі шлях», таму што на 1 мая ніхто не выходзіў — і потым усе казалі пра тое, што будзем чакаць восені: увосень эканоміка навернецца і вось тады ўжо. А ўвосень мы зноў чакаем вясны. Чаканне процілегла дзеянню. Калі ты чаго чакаеш, то ты ўжо не дзейнічаеш.

— Пратэст здзьмуўся?

— Пратэст не здзьмуўся. Пратэст задушаны такім чынам, што пра гэта будуць пісаць у падручніках гісторыі. Прычым не толькі нашай. Пратэст быў задушаны масіраванымі рэпрэсіямі. Такімі рэпрэсіямі, якіх Усходняя Еўропа не ведала ніколі. 10 тысяч за ўвесь час у Польшчы «Салідарнасці» — і звыш 30 тысяч у Беларусі за 4 месяцы. Гэта не здзьмуўся.

Гэта называецца забіты нагамі ў зямлю і там жыве да гэтага часу.

Бо пратэст здзьмецца, калі людзі на кухнях пачынаюць казаць аб тым, што, можа, ён [Лукашэнка] сапраўды перамог. Я такіх размоў не чую.

«Надзея ў тым, што людзі ўжо не тыя. Надзея ў тым, што нейкае дабро, якое першапачаткова прысутнічала ў прамовах тых людзей, якія цяпер сядзяць у турме, пачне ператвараць нешта. Бо яны [улады] вельмі класна абаронены супраць гвалту. Гвалт — гэта бессэнсоўная тактыка. Яны выдатна ведаюць, як сябе весці з гвалтам, больш таго, ім камфортная сітуацыя вайны. Калі раптам на волю будуць выпушчаныя Калеснікава, Бабарыка і іншыя людзі, то мы можам бачыць вяртанне да той тактыкі, якая мяне на першым часе захапляла — тактыкі непраціўлення злу, тактыкі абяззбройвальнай усмешкі, — таго, чаго цяпер няма. І гэтая сітуацыя вельмі дыскамфортная для сістэмы, бо яна не ведае, што цяпер з ёй рабіць. І любое зло свету не ведае, што рабіць з дабром. А калі табе шырока ўсміхаюцца, то біць па твары вельмі складана».

«Я б спадзяваўся на нейкі ўсё ж такі дыялог пры ўсёй таксічнасці гэтага слова, але я не ведаю, якія зоркі і дзе павінны сысціся. Па-першае, трэба міласэрнасць, якой мы не бачым. Міласэрнасць выпусціць тых людзей, якія маюць права голасу ў любым дыялогу. Сёння, тыя людзі, якія маюць права голасу, знаходзяцца ў Беларусі за кратамі», — мяркуе Віктар Марціновіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0