Суддзя Таццяна Шоцік пастанавіла прызнаць Нурдзінава вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазоў «Мінсктранса» вырашылі перадаць на разгляд у грамадзянскі суд.

Пракурор Святаслаў Вялікі патрабаваў для Нурдзінава 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Нагадаем, Аляксандра Нурдзінава абвінавачвалі ў тым, што 9 жніўня 2020 года ён разам з іншымі невядомымі блакаваў дарогу, выйшаўшы на праезную частку праспекта Пераможцаў у Мінску. З-за гэтага праца гарадскога пасажырскага транспарту была парушаная. Тады ж Нурдзінаў «сарваў расліннасць з клумбаў і кінуў яе ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», калі ўбачыў дзеянні сілавікоў.

Маладога чалавека абвінавачваюць таксама ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня на скрыжаванні вуліц Сурганава, Куйбышава і Леаніда Бяды ў Мінску. Тады, паводле абвінавачвання, ён кідаў у бок супрацоўнікаў міліцыі прадметы і ўзводзіў барыкады на праезнай частцы са смеццевых кантэйнераў і кветнікаў, тым самым стварыў перашкоду для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і аказаў супраціў прадстаўнікам улады.

Будаўніцтва барыкад на судзе даказана не было, малады чалавек сваё дачыненне да гэтага адмаўляў. У тым, што кідаў прадметы, таксама не згодны — патлумачыў, што ён замахнуўся, прыкінуўшыся, быццам нешта кідае, паводле яго слоў, у руках у яго нічога не было. «Групы асоб» таксама не было — у Нурдзінава ні з кім не было змовы.

Мінчуку ставілі ў віну два артыкулы — паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту) і ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У судзе пракурор пералічыў дзясяткі маршрутаў, якія вымушана спынілі 9 і 10 жніўня на праспекце Пераможцаў і на вуліцы Сурганава. Далучылі да справы пазоў пракуратуры аб спагнанні маёмаснай шкоды ў адрас «Мінсктранса» за блакаванне працы грамадскага транспарту. Сума шкоды — 27 тысяч 958 рублёў 50 капеек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0