14 жніўня Самалазава разам з дзясяткамі іншых затрыманых раптам выпусцілі з ізалятара ў Жодзіне. З тых часоў прайшло амаль паўгода, але ён у дэталях памятае падзеі тых дзён.

З Лондана — у аўтазак

У пачатку ліпеня 2020 года Самалазаў пераехаў жыць і працаваць у Лондан. А ў жніўні на тыдзень прыляцеў у Беларусь, каб правесці час з сям'ёй і прагаласаваць.

— Гэта быў бесклапотны тыдзень: сустракаўся са сваякамі, потым з сябрамі і дзецьмі паехаў за горад, на Нёман. Там мы прабылі восьмага і дзевятага жніўня, — расказвае Валерый. — За горадам ні мабільнай сувязі, ні інтэрнэту не было. Дзявятага жніўня вярнуўся ў Мінск. На пад'ездзе да Мінска мабільная сувязь так і не з'явілася, затое на ўездзе ў горад убачыў грузавікі з людзьмі ў форме і ўседарожнікі з людзьмі ў цывільным і ў балаклавах.

Увечары 10 жніўня Валерый дамовіўся сустрэцца з калегам. Недалёка ад мінскага чыгуначнага вакзала да мужчыны падышло некалькі сілавікоў у чорным. Спыталі, куды ён накіроўваецца. Адказ «на сустрэчу з калегам» іх не задаволіў, мужчыну затрымалі.

«Карнік»

— Іх увагу прыцягнуў мой вонкавы выгляд. Па іроніі лёсу на мне была майка з сімвалам фільма «Карнік», а яшчэ гэта сімвал брытанскага спецназа і батальёна «Азоў». Надзець у той вечар гэту майку было адным з самых няўдалых маіх рашэнняў. Мяне спыталі, ці ведаю я, што азначае сімвал на маёй майцы, а пасля гэтага скруцілі і павялі «ластаўкай» да аўтазака. Перад аўтазакам звязалі рукі сцяжкамі, дасталі ўсё з кішэняў. Ударылі ў грудзі каленам і зацягнулі ўнутр.

Злашчасная майка / Еўрарадыё

Зрэшты, сілавікі амаль адразу вярнуліся па Валерыя і выцягнулі з аўтазака вонкі.

— Я падумаў: ура, яны праверылі дакументы і зразумелі, што я законапаслухмяны грамадзянін. Як жа я памыляўся! — працягвае ён. — У маіх рэчах знайшлі брытанскія карты, брытанскія фунты, брытанскую сім-карту ў роўмінгу. На тэлефоне гісторыя званкоў на брытанскія нумары, эсэмэскі на англійскай. Мяне палічылі падазроным і павялі на першы допыт са збіццём. Дапытвалі і паралельна білі. Па адчуваннях, каля шасці чалавек.

Мужчыну задавалі пытанні пра тое, куды ён накіроўваўся, з кім выходзіў на сувязь, дзе праходзіў падрыхтоўку, якая яго роля, хто яго куратар, адкуль грошы. Допыт ні да чога не прывёў, і Самалазава пакінулі ў дворыку Заводскага РУУС.

У тры ўзроўні

Па словах Валерыя, за час, праведзены ў аддзяленні міліцыі, ён з лішкам нагледзеўся на гвалт. Сілавікі не шкадавалі нікога. 20-гадовая дзяўчына, супрацоўніца падшыпнікавага завода, заступілася за аднаго з затрыманых: падняла галаву і закрычала, каб перасталі збіваць футбольнага фаната, які адключыўся. Тады супрацоўнік проста пераключыўся на яе, хоць яна ляжала на зямлі з рукамі, сцягнутымі за спінай.

— Уначы ўсіх падзывалі падпісваць пратаколы. Чалавек у масцы працягнуў стос папер і сказаў падпісаць. У пратаколе было напісана, што я ішоў па вуліцы ў натоўпе, крычаў «Жыве Беларусь!». І месца, і час былі іншымі, ніякага дачынення да мяне не мелі. Я кажу: «Я не магу гэта падпісаць, гэта няпраўда», а чалавек у масцы кажа: «Ты што, е****ты? Падпісвай давай!»

У тую ноч нас пераганялі з адной часткі дворыка ў іншую. У адзін з такіх момантаў я апынуўся побач са скрываўленым чалавекам, які стагнаў. Яго прозвішча было Цахоўскі. Чалавек, які быў бліжэй за ўсіх да Цахоўскага, прасіў для яго дапамогі. Яму адказалі: гэта твой білет на волю, бяры яго і цягні за тэрыторыю, і вы абодва вольныя. Ён паклаў гэта цела сабе на плячо і пацягнуў, ім адчынілі вароты. Больш я іх не бачыў.

 Прыкладна каля 11 раніцы прыехаў аўтазак і спакаваў, як яны гэта называюць, першую партыю затрыманых. «Упакоўка» заключаецца ў тым, што табе вельмі балюча заломваюць рукі і вядуць у аўтазак, усярэдзіне кідаюць на падлогу і загадваюць легчы плазам. Ты ляжыш на падлозе, па табе ходзяць людзі, праходзяць далей, таксама кладуцца на падлогу.

Далей, калі першы ўзровень запоўнены, затрыманыя пачынаюць класціся на цябе. Так нас паклалі на падлогу ў тры ўзроўні. Апошняй заводзілі тую самую дзяўчыну з падшыпнікавага. Яна наступіла на мяне, і ў той момант я адчуваў, як усё яе цела дрыжыць. Можна сабе ўявіць адчуванне жаху, калі табе загадваюць ісці па людзях, калі чуеш іх стогны. 

«У мяне трое маленькіх дзяцей, я не змагу пракарміць іх без рук»

— Калі «ўпакоўка» скончылася, нам гучна абвясцілі, што той, хто папросіць вады, ежы, у прыбіральню або аслабіць сцяжкі — будзе жорстка збіты. Мяркуючы па ўсім, мяне нейкім чынам пазначылі як арганізатара. Мяне пастаянна білі праз гэту майку, праз якую мяне затрымалі. Дзесьці ў сярэдзіне дарогі адзін з канваіраў сказаў «Можна прыступаць». Яны дасталі аднекуль з-пад сядзення спецыяльныя шырокія і гладкія сцяжкі, якія не пакідаюць слядоў, разрэзалі мае сцяжкі і адмысловым чынам, склаўшы мае рукі за спінай, зацягнулі новыя. Я адчуў, як кровазварот спыніўся маментальна, але я не выдаў ні гуку. Тады я думаў толькі пра тое, што, калі ўсіх выведуць з аўтазака, мне будуць «дубінку ў дупу соваць», як абяцаў начальнік РУУС.

Сляды ад сцяжак на руках Валерыя / Еўрарадыё

— Я думаў, што пасля гэтай паездкі мне, хутчэй за ўсё, ампутуюць рукі. Я чуў, як збіваюць людзей, якія просяць аслабіць сцяжкі, але я вырашыў, лепш рызыкнуць, чым потым застацца без рук. Я сабраўся з духам і сказаў: «Я не адчуваю рук па локаць, аслабце, калі ласка, сцяжкі. У мяне трое маленькіх дзяцей, я не змагу пракарміць іх без рук».

Валерый Самалазаў — бацька траіх дзяўчатак / Еўрарадыё

— Мабыць, яны чакалі, пакуль гэты момант настане, калі я маральна размякну, а рукі мае дасягнуць патрэбнай кандыцыі. Адзін з канваіраў падышоў з задаволеным выглядам і стаў выкручваць мае рукі ў бок галавы. Боль нерэальны, да гэтага часу нічога больш балючага ў жыцці не адчуваў. Я закрычаў і страціў прытомнасць. Апрытомнеў я, калі мы ўжо стаялі ў чарзе на ўезд у турму Жодзіна, мы чулі, як у суседніх аўтазаках людзі спяваюць гімн Беларусі.

Калі мы пад'ехалі на выгрузку, усім, акрамя мяне, загадалі ўстаць і выйсці з аўтазака. Калі ўсе сышлі, мне загадалі ўстаць. Са сціснутымі рукамі за спінай я не мог устаць, таму яны самі мяне паднялі, паставілі да сцяны і сталі біць па твары, галаве, рэбрах, сцёгнах. Білі ў асноўным кулакамі і нагамі, рукі ў іх былі ў пальчатках. 

З 32 сукамернікаў толькі адзін — за Лукашэнку

Так Валерый апынуўся ў турме ў Жодзіне.

— У камеры было восем айцішнікаў. З трыццаці двух чалавек, якія знаходзіліся там, гэта досыць высокі адсотак. Пацешна, што з намі апынуўся заўзяты прыхільнік цяперашняй улады. Атрымалася так, што з 32 чалавек толькі адзін галасаваў за Лукашэнку, што ў цэлым укладваецца ў статыстычную мадэль.

У турме была поўная блытаніна. Людзі сядзелі без суда і без пратакола больш за тры дні, ніхто іх не выпускаў і нічога не рабіў. Было адчуванне, што пра нас забыліся, але часам кормяць. Наглядчыкі ў паніцы бегалі і пыталіся, ці ёсць у камеры замежнікі, журналісты. Калі бег па калідоры стаў хаатычным і адчуванне панікі нарастала — стала зразумела, што турма не спраўляецца з патокам зняволеных.

Уночы на 13 чысло я ўпершыню з'явіўся ў спісах затрыманых. Да гэтага я лічыўся зніклым без вестак: заяву аб знікненні падалі мая жонка і мой брат. Пазней мае калегі зладзілі пікет з патрабаваннем мяне вызваліць.

 

Даведка аб знаходжанні ў жодзінскай турме / Еўрарадыё

«Мы іх засудзім»

— Пасля вызвалення сябры мне сказалі: «Цябе ператрымалі на 12 гадзін больш, чым належыць, да цябе не пусцілі адваката, тваёй жонцы не паведамілі, цябе збівалі на тэрыторыі РУУС — гэта ўсё вельмі цяжкія злачынствы, мы іх засудзім».

Я падумаў: каго засудзім? Там суддзі па локаць у крыві, ім прыводзяць людзей ледзь жывых, а яны іх нават не слухаюць. Тым, хто мацней збіты, даюць большыя тэрміны, каб зажылі траўмы.

Пасля вызвалення я адчуваў сябе вельмі дрэнна. Жонка адвезла мяне ў бальніцу, там мяне адправілі на шпіталізацыю з чэрапна-мазгавой траўмай і пераціснутымі рукамі, пальцаў якіх я не адчуваў.

 

Накіраванне, выдадзенае Валерыю Самалазаву / Еўрарадыё

Амаль шчаслівы фінал

— Калі я лёг у бальніцу, да мяне паспрабаваў прыехаць участковы для таго, каб высветліць прычыны траўмаў. Я сказаў як ёсць: мяне збілі супрацоўнікі МУС. На наступны дзень да мяне ў бальніцу прыехала следчая з СК, яна апытвала мяне восем гадзін. Яна дала накіраванне на судмедэкспертызу, я яе прайшоў, але на рукі мне нічога не далі, сказалі, што адправяць самі ў пракуратуру.

Пасля выпіскі ўдалося купіць білет да Лондана і паляцець. Цяпер уся сям'я са мной: жонка, дзеці, сабака і кошка. Многія пытаюць мяне: а як жа кватэра, дом, машына? Я адказваю так: матэрыяльная маёмасць вельмі хутка губляе кошт, калі цябе ўціскаюць берцам у асфальт. Я гатовы плаціць падатак 50% у краіне, у якой цябе не хапаюць на вуліцы неапазнаныя людзі і не вязуць у невядомым кірунку, а ў гэты час твае сваякі абзвоньваюць моргі.