Сьцяпана Чыкілёва асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). Яго вызвалілі ў залі суду да ўступленьня прысуду ў законную сілу.

Дзяржабвінаваўца Крысьціна Асран сьцьвярджала, што 15 лістапада Сьцяпан Чыкілёў з хуліганскіх намераў, наўмысна, беспрычынна разам з групай асобаў зрабіў ня менш як тры кідкі ў бок міліцэйскіх аўтамабіляў, у выніку чаго былі пашкоджаныя сама меней 3 міліцэйскія аўтамабілі — дэфармаваліся лякафарбавыя пакрыцьці бусаў, і тым самым вайсковай частцы 3033 нанесена матэрыяльная шкода ў суме 1180 рублёў.

Інжынэра-праграміста абвінавачвалі ў злосным хуліганстве паводле часткі 2 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу.

Дзяржабвінаваўца прасіла пакараць Чыкілёва 3 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову. Адвакатка Крысьціна Печкурава настойвала, што яе падабаронны невінаваты.

Што адбылося на праспэкце Пушкіна 15 лістапада апоўдзень

На шматлікіх відэа, якія зьнялі і журналісты, і камэры відэаназіраньня, відаць, як хлопец у шэрай куртцы замахваецца рукоў у бок міліцэйскіх бусаў. Рух на праспэкце Пушкіна ў той момант быў перакрыты. У гэты момант па сустрэчнай паласе едзе яшчэ адзін сіні бус, які і зьбіў пешахода. Сілавікі выскачылі з аўтамабіля, зацягнулі туды хлопца і зьехалі. Красоўкі яго так і засталіся на дарозе. Увечары маладога чалавека з пастарунку даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі са шматлікімі траўмамі, а праз пару дзён вярнулі на Акрэсьціна. У адносінах да інжынэра-праграміста Сьцяпана Чыкілёва завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкулу 339 — Злоснае хуліганства.

Двое з шасьці сьведак апазналі Сьцяпана Чыкілёва

У судзе сьведкамі выступілі шэсьць байцоў спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня. Сьведак дапытвалі без высьвятленьня іх асобы, асабістых зьвестак, каб забясьпечыць іх непазнавальнасьць. Твары іх цалкам закрытыя балаклавамі, на вачах цёмныя акуляры, усе яны выступалі пад несапраўднымі прозьвішчамі.

Толькі двое з шасьці сказалі, што пазналі Сьцяпана па целаскладзе і прычосцы.

У бусіку і аўтазаку Чыкілёва моцна пабілі — з пастарунку яго забрала «хуткая»

Сам жа Сьцяпан Чыкілёў на судзе расказаў, што пасьля затрыманьня яго жорстка білі ў мікрааўтобусе. Падзеі памятае слаба, бо траціў прытомнасьць.

«Памятаю, што мяне зацягнулі ў бус, нацягнулі куртку на галаву. Паклалі на падлогу, супрацоўнік міліцыі націснуў каленам на грудзі, было цяжка дыхаць. Траціў прытомнасьць, у бусе білі, ужылі электрашокер. Потым перасадзілі ў аўтазак і доўга вазілі па горадзе», — расказаў Сьцяпан падчас допыту ў судзе.

У Фрунзэнскім РУУСе дзяжурная адвакатка настаяла, каб Сьцяпану выклікалі хуткую дапамогу. У лякарні хуткай дапамогі мэдыкі дыягнаставалі спалучаную траўму, страсеньне мозгу, шматлікія сьляды ўдараў, драпіны, пашкоджаньне ныркі. Пацярпеламу наклалі швы, на шыю надзелі фіксавальны каўнер. У шпіталі мужчыну трымалі пад канвоем, праз тры дні перавялі на Акрэсьціна, а потым у Жодзіна, дзе ён праседзеў амаль 3 месяцы.

34-гадовы Сьцяпан Чыкілёў — вядучы інжынэр-праграміст буйной ІТ-кампаніі. Калегі кажуць, што ён «нарадзіўся праграмістам», «чалавек-легенда», «звышмэгаўраўнаважаны і добразычлівы хлопец».

«Нарадзіўся праграмістам» і «чалавек-легенда». Судзяць мінчука, на якога наехаў міліцэйскі бус

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?