Сяргей Максімішын. Фота CNN

Сяргею Максімішыну, намесніку галоўнага доктара, было 55 гадоў, піша CNN.

«Са шкадаваннем паведамляем, што намеснік галоўнага доктара па анестэзіялогіі і рэанімацыі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі №1, супрацоўнік кафедры Омскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Максімішын Сяргей Валянцінавіч раптоўна памёр», — напісана ў паведамленні бальніцы. Прычына смерці не ўказваецца.

Прэс-сакратарка Омскага абласнога міністэрства аховы здароўя паведаміла, што, згодна з папярэднімі звесткамі, смерць наступіла ў выніку сардэчнага прыступу.

20 жніўня Аляксея Навальнага першапачаткова шпіталізавалі ў Омскую бальніцу пасля атручвання. Самалёт, дзе знаходзіўся палітык, здзейсніў вымушаную пасадку ў Омску. У гэтай бальніцы Навальнага ўвялі ў медыкаментозную кому, пасля чаго яго перавезлі ў Берлін, дзе ён лячыўся на працягу 5 месяцаў.

Леанід Волкаў, кіраўнік штаба Навальнага, пацвердзіў, што Сяргей Максімішын быў адказным за лячэнне Навальнага, у прыватнасці, за рашэнне ўвесці палітыка ў медыкаментозную кому.

«Максімішын ведаў пра стан Аляксея больш за ўсіх, таму я не адмаўляю, што гэта магло быць наўмыснае забойства, — сцвярджае Леанід Волкаў. — Аднак расійская сістэма аховы здароўя вельмі бедная, таму не дзіўна, што дактары такога ўзросту раптоўна паміраюць. Я сумняюся, што будзе нейкае расследаванне наконт яго смерці».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?