Фота BBC

Алекс Лі ўзначальвае лабараторыю робататэхнікі ў Эдынбургскім універсітэце і з’яўляецца адным з лідараў у прымяненні штучнага інтэлэкту да робатаў, піша BBC. 

Штучны інтэлект, які кіруе сабакам, можа справіцца з сітуацыямі, што былі невырашальныя для яго раней: лесвіцы або слізкія паверхні.

Алекс Лі разам з камандай займаецца дрэсіроўкай рабатазаванай сабакі па мянушцы Цзю-Ін. Навуковец параўноўвае гэты працэс з навучаннем малых дзяцей гуляць у футбол. Спачатку іх вучаць асобным элементам: як даваць пас, весці мяч і забіваць яго ў вароты. Як толькі яны вучацца гэтым асновам, дзеці могуць узяць удзел у простых матчах, дзе яны ўжо паспрабуюць аб’яднаць гэтыя навыкі. Гэты паступовы працэс навучання з’яўляецца натуральным для чалавека, таму даследчыкі спрабуюць прымяніць яго і для машын.

Сабаку-робата спачатку вучылі двум навыкам: хадзіць і ўставаць пасля падзення. Для гэтых двух навыкаў былі распрацаваныя дзве асобныя нейронныя сеткі. Іх узялі за аснову для стварэння іншых — усяго ў сабакі восем нейронных сетак. Калі ўявіць, што гэта восем гульцоў у футбол, то для іх патрэбны трэнер, які б мог аб’яднаць іх у адну каманду. Аналагічна для нейронных сетак патрэбны такі «трэнер» — штучны інтэлект, з дапамогай якога сабака можа сумяшчаць асобныя навыкі і выконваць больш складаныя задачы, напрыклад рухацца па лесвіцы ці па камяністай паверхні.

Работа Алекса Лі заснаваная на даследаваннях DeepMind Technologies — брытанскай кампаніі, якая займаецца распрацоўкай штучнага інтэлекту (належыць Google). Кампанія з’яўляецца лідарам у распрацоўцы метаду, з дапамогай якога нейронныя сеткі вучацца на вопыце. З дапамогай гэтага метаду DeepMind Technologies распрацавала штучны інтэлект, які перамог найлепшых шахматыстаў свету.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?