Пасля паўзы беларускія дзяржаўныя медыі падрабязна пераказалі інтэрв’ю Лукашэнкі расійскім СМІ, дадзенае ў панядзелак. Выказванні даволі жорсткія, але перасыпаныя запэўніваннямі ў шчырых інтэграцыйных памкненнях. Такім чынам, канфлікт між заклятымі саюзнікамі не затушаны.

Лукашэнка выдаў сакрэт полішынеля: за апошнюю траншу двухмільярднага крэдыту Расія патрабуе прызнаць Абхазію ды Паўднёвую Асецію.

Ён таксама звінаваціў Маскву за тое, што сарвана «саюзнае будаўніцтва» і тарпедуюцца дамоўленасці ў эканамічнай сферы. Маўляў, зачынілі свой рынак, блакавалі продаж нашых трактараў, МАЗаў і г.д.

Можна здагадацца і аб іншых аспектах закулісных дыскусій між заклятымі саюзнікамі. Так, заяўлена, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі: «Вы што, хочаце стварыць яшчэ адну Чачню тут? Я не хачу».

Пры гэтым, каб не падумалі, што гэта кіраўнік саюзнай «сінявокай рэспублікі» асабіста пагражае, адказнасць за магчымую «беларускую Чачню» элегантна ўскладзена на апазіцыю. Маўляў, «тут нашы адмарозкі, іх няшмат, хай два, нават тры працэнты, але гэта самыя актыўныя, самыя амбіцыйныя, самыя-самыя адмарожаныя ў любым грамадстве. Яны гатовы разгарнуць нацыянальна-вызваленчую вайну. Ім патрэбна падстава».

Лукашэнка распавёў таксама пра палітычны торг з Саланам. «І калі мне было пастаўлена пытанне па Расіі ды іншае, мы спрачаліся, спрачаліся, а далей я яму кажу: «Вы нам Расію заменіце?» — «Не, не, не». — «Дык чаго ж перад намі пытанне ставіце?!».

Карацей, рэзюмаваў Лукашэнка, Беларусь не разглядае «Усходняе партнёрства» як замену праекта саюзнае дзяржавы. Фактычна ён пацвердзіў намер доўжыць палітыку арэляў, атрымліваючы прагматычныя выгады з абодвух бакоў. Наўпрост патлумачыў: збліжэнне з ЕС дае нам доступ да заходніх крэдытаў. Нават прыхавана ўпікнуў: МВФ даў пазыку на лагоднейшых умовах, чым братняя Расія.

Разам з тым ішла гульня на фобіях расійцаў. Нагадана пра стратэгічнае значэнне Беларусі. Зроблены намёк на вераломнага монстра: «Дык вы ж паглядзіце, што яны вырабляюць ля нашых межаў... Самалёты на мяжы пашыхтаваны... Бачаць усё адтуль і да Крамля».

Нарэшце, прагучала сакраментальная фраза, што беларусы і рускія — адзін народ. «Мы думаем як рускія, як расійцы. Мы жывём як яны. У нас адны каштоўнасці».

Карацей, усё ціп-топ, мір-дружба-жуйка. Але на суверэнную аўтакратыю хай лепей не замахваюцца. Бо будзе Чачня.

Лукашэнка заявіў: вастрыня ў дачыненнях Мінска з Масквой зараз такая, што Расія можа страціць Беларусь. Але гэта не падрыхтоўка зыходу на Захад. Відавочны разлік на тое, што Масква спалохаецца і праплаціць.

ЗЫ. Каму цікава — варыянт «Известий». Там, у прыватнасці, пасаж наконт апазіцыі: «Цывілізавана з імі змагаемся, нейтралізуем іх. Іх нельга жахнуць — і ўсё! Нас проста раздушаць дэмакраты ў Расіі і дэмакраты на Захадзе. Мы не хочам у гэтыя абцугі трапляць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?