БелТА

Паводле слоў Лукашэнкі, у сацыялагічным апытанні ўзялі ўдзел каля 10 тыс. чалавек. «Гэта, можна сказаць, глыбокае вывучэнне настрояў у нашым грамадстве. Гэта ў 10 разоў больш, чым звычайна сацыёлагі даследуюць па тым ці іншым пытаннях групы людзей», — адзначыў ён.

«Першы этап — мы ўзялі практычна чыста гарадское насельніцтва. Прадпрыемствы былі даследаваны сярэдняга ўзроўню (па настроях). Гэта значыць, не самыя адданыя ўладзе, але і не самыя апазіцыйныя — узялі сярэдзіну, — распавёў Лукашэнка. — Другі этап — у апошні тыдзень пасля майго звароту да людзей, каб яны адказалі на пытанні. І там мы даследавалі ўсё насельніцтва, пачынаючы ад сёлаў і вёсак і заканчваючы горадам Мінскам».

Па яго словах, зараз вынікі абагульняюцца. «Асабліва для мяне гэта было вельмі важна. Бо выступаць на Усебеларускім народным сходзе, планаваць нешта, не ведаючы глыбінных настрояў у грамадстве, гэта вельмі складана. Таму было праведзена вывучэнне настрояў нашых людзей», — адзначыў ён.

Лукашэнка ўпэўнены, што аб'ектыўнасць даследаванняў самая высокая. У правядзенні сацапытанняў былі задзейнічаны замежныя сацыялагічныя службы. «Яны будуць, перш за ўсё, падводзіць вынікі. І нашы працавалі — і дзяржаўныя, і прыватныя сацыялагічныя арганізацыі», — сказаў ён.

Лукашэнка асобна выказаў словы падзякі ў адрас людзей, якія прымалі ўдзел у апытаннях у якасці рэспандэнтаў, і нагадаў, што даследаванне праводзілася на ўмовах поўнай ананімнасці. «Я вельмі ўдзячны людзям за тое, што яны прынялі ўдзел у гэтым даследаванні. Гэта будзе мець вялікае значэнне для выпрацоўкі будучых праграм і будучага руху нашай краіны ў тым ці іншым кірунку», — падкрэсліў ён.