Яна вырасла пад Лідай, а жыла ў Піцеры. Там трымалася як каталіцкай, так і беларускай суполак. Ад жніўня 2020-га яна рабіла для падтрымкі руху за сумленныя выбары ўсё, што толькі магла.

Тарэсе Шырме было 53 гады, яна родам з вёскі Рапейкі, што каля Ліды, піша Белсат.
У 1986 годзе дзяўчына прыехала рабіць у Ленінград, дзе далучылася да мясцовай каталіцкай супольнасці. Выкладала ў нядзельнай школе, супрацоўнічала з каталіцкай дабрачыннай арганізацыі «Карытас», шмат часу аддавала наведванню хворых, арганізоўвала працу сацыяльнай дапамогі.
На мяжы стагоддзяў разам з ксяндзом Сяргеем Сурыновічам, які тады яшчэ быў студэнтам духоўнай семінарыі, яна стала арганізатарам рэгулярных імшаў на беларускай мове ў парафіі Успення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу, якія здзяйснялі святары-выхадцы з Беларусі і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Два разы на месяц Тарэса вяла праграмы на беларускай мове на Пецярбургскім хрысціянскім радыё «Марыя», а таксама рэдагавала газету «Krynica» на беларускай мове.
Са жніўня 2020 года Тарэса зноў актыўна ўлілася ў жыццё нефармальнага беларускага зямляцтва ў Санкт-Пецярбургу. Рэгулярна прыязджала на акцыі пратэсту перад аддзяленнем амбасады Беларусі ў Санкт-Пецярбургу, а калі пачаліся затрыманні пратэстоўцаў, ездзіла па аддзяленнях паліцыі ды дапамагала затрыманым актывістам.
Яе жыццё раптоўна абарвалася 5 лютага. Сваякі спадзяюцца пахаваць яе ў Беларусі, у Лідскім раёне, побач з бацькамі.
Цяпер чытаюць
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Каментары