Ёсць надзея, што масавая вакцынацыя насельніцтва дапаможа стрымаць распаўсюджванне кавіду, але і ўрады, і ўладальнікі бізнэсу ўсведамляюць тое, пра што папярэджвалі эпідэміёлагі: вірус будзе цыркуляваць па планеце многія гады або нават дзесяцігоддзі. Кавід застанецца ў грамадстве так, як засталіся эндэмічныя захворванні, напрыклад, грып, адзёр ці ВІЧ, піша The Wall Street Journal.

Лёгкасць, з якой распаўсюджваецца каранавірус, з’яўленне новых штамаў, недаступнасць вакцын у некаторых частках свету сведчаць пра тое, што кавід з пандэмічнага захворвання стане эндэмічным. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да доўгатэрміновых змен у асабістых і сацыяльных паводзінах, сцвярджаюць эпідэміёлагі.

Хваробы лічацца эндэмічнымі, калі яны пастаянна прысутнічаюць, але знаходзяцца пад кантролем, як грып. Маштабы распаўсюджвання адрозніваюцца ў залежнасці ад захворвання і месцазнаходжання.

«Мы мусім усвядоміць, што наша жыццё ўжо ніколі не будзе ранейшым», — кажа Томас Фрыдэн, былы дырэктар Цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША. «Мне падаецца, свет яшчэ не разумее, што гэта доўгатэрміновыя змены», — дадае эксперт.

На сённяшні дзень няма вакцыны, якая б была дазволеная малым дзецям, а затрымкі вытворчасці зацягнуць вакцынацыю ў менш багатых краінах як мінімум да канца наступнага года. Між тым у Еўропе шмат людзей не жадаюць вакцынавацца ўвогуле: у нядаўнім апытанні французаў толькі менш за палову апытаных былі гатовыя зрабіць прышчэпку.

Тым не менш, эндэмічны кавід не значыць тое, што абмежаванні, звязаныя з вірусам, будуць доўжыцца бясконца. Вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць у прадухіленні цяжкіх выпадкаў захворвання, таму колькасць шпіталізацый і смерцяў будзе скарачацца. Напрыклад, у Ізраілі вакцыну атрымала трэць насельніцтва, а колькасць шпіталізацый ужо скарацілася на 30%. Чакаецца, што смяротнасць ад віруса ў краіне рэзка спадзе ў бліжэйшыя тыдні.

Аднак некаторыя арганізацыі плануюць доўгатэрміновую будучыню, дзе такія метады прафілактыкі, як добрая вентыляцыя памяшканняў, масачны рэжым або хуткія тэсты на кавід застануцца. У той жа час развіваецца новая і патэнцыйна прыбытковая галіна ў індустрыі, звязаная з кавідам. Шмат прадпрыемстваў інвестуюць у тавары і паслугі накшталт маніторынгу якасці паветра, фільтры, дыягнастычныя наборы або новыя метады лячэння.

Чакаецца, што колькасць даступных ПЦР-тэстаў сёлета вырасце, а іх вытворцы, напрыклад, кампанія New Jersey's Quest Diagnostics Inc., мяркуюць, што мільёны людзей будуць абавязаныя здаваць тэсты перад наведваннем канцэртаў, матчаў або іншых масавых мерапрыемстваў.

Вядучыя вытворцы лекаў, швейцарская кампанія Novartis International AG і амерыканская Eli Lilly & Co інвеставалі сродкі ў патэнцыйную тэрапію кавіду. На сённяшні дзень распрацоўваецца каля 300 такіх прадуктаў.

Многія авіякампаніі змяняюць сваю структуру, каб засяродзіцца на рэйсах па Еўропе, бо большасць ціхаакіянскіх краін заявілі, што сёлета межы застануцца закрытыя. Некаторыя аэрапорты плануюць увесці новыя сістэмы маніторынгу тых, хто атрымаў вакцыну, каб даць ім магчымасць вольна падарожнічаць. Рэстараны імкнуцца ўдасканаліць сістэму дастаўкі. Мясакамбінаты інвестуюць у рабатызаванае абсталяванне, каб скараціць колькасць работнікаў і тым самым знізіць рызыку ўспышак захворвання на прадпрыемствах.

Напэўна, 2021 год будзе яшчэ вельмі падобным да 2020-га, калі людзі падарожнічалі па мінімуме, а колькасць масавых мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях была таксама мінімальная. Але праз год жыццё паступова пачне вяртацца на ранейшыя каляіны, з папраўкай на кавід. Вакцынацыя і здача тэсту на кавід будуць умовай продажу білетаў у транспарт, на канцэрт, праходу на стадыён і ў музей. Прынамсі, так бачыцца будучыня сыходзячы з тых дадзеных, якія цяпер ёсць у медыкаў і палітыкаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?