У інтэрв’ю «Еўрарадыё» расійскі аналітык праімперскіх поглядаў Канстанцін Затулін палохаў Лукашэнку стратай улады ў выпадку пераарыентацыі на Захад.

– Раней Расея часта прабачала выбрыкі нашага прэзідэнта ў бок Масквы. У сераду Дзмітрый Мядведзеў адказаў Менску вельмі цвёрда. Чым гэта можа быць выклікана?

– Для гэтага ёсць падставы. У тым ліку і межы трывання, якія на гэты конт ёсць у бакоў. Кожны з бакоў лічыць, што мае рацыю, ніхто не лічыць сябе вінаватым. Беларусь лічыць, што мае права на ільготы ад Расеі, нават калі яна не ідзе на сур’ёзную інтэграцыю.

Я не падтрымліваю ў цэлым гэтай сваркі і не падтрымліваю яе працягу. У гэтай сітуацыі заўсёды ёсць трэці, хто цешыцца. Ні Расея, ні Беларусь гэтым трэцім не з’яўляюцца.

Верагодна, гаворка ідзе аб нейкіх прапановах Расеі, якія не былі ўспрынятыя Беларуссю.

Мне здаецца, што вось гэтая рэакцыя расейскага кіраўніцтва залішне эмацыйная.

Яна якраз звязаная з тым, што Беларусь публічна паводзіць сябе адным чынам, а непублічна — іншым. Непублічна выступае просьбітам, а публічна — ледзь не патрабуе ад Расеі ва ўльтыматыўным тоне крэдыту. Непублічна аспрэчвае ініцыятывы Расеі па інтэграцыі, а публічна робіць выгляд, што яна за інтэграцыю, а Расея яе тармозіць.

Вось гэтае разыходжанне нажніцамі паміж прапагандай і сутнасцю палітыкі, мне здаецца, кіраўніцтва Расеі дадаткова ятрыць. Такое ўражанне, што ў апошні час прэзідэнт Лукашэнка больш зацікаўлены ў прапагандзе, а не ў дамоўленасці.

– А да якой мяжы могуць, на ваш погляд, працягвацца падобныя сваркі?

– Яны і зараз ужо перавысілі тую ступень, якая карысная для справы. Сваркі могуць працягвацца і на больш высокім узроўні. Меж тут няма ніякіх. Зразумела, што справа да вайны не дойдзе. Але фактычна гаворка ідзе аб здачы ў архіў ранейшых намераў.

– А што Беларусь можа страціць у такой сітуацыі?

– Беларусь з цягам часу, відавочна, на гэтым страціць цяперашні рэжым. Таму Лукашэнка, мне здаецца, контрпрадуктыўны з пункту гледжання сваіх уласных інтарэсаў.

Ён сячэ сук, на якім сядзіць. Ён цешыць сваё самалюбства, амбіцыі. Але не разумее, што калі будзе настойліва змяняць сваю арыентацыю — знойдуцца людзі, якім Захад паверыць значна больш. Ён немінуча павінен балансаваць паміж Захадам і Расеяй. Страціць адносіны з Расеяй — для яго гэта прысуд!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?