На судзе ён распавядае, што каля 20:00 29 мая па галоўнай радыёстанцыі міліцыі «паступіла каманда аб неабходнасці прыбыць на плошчу для правядзення тлумачальнай гутаркі грамадзянам». Казлоўскі разам з Александрам Хваленем [таксама пацярпелы па справе] адправіліся туды пешшу.

Паводле ацэнкі міліцыянта, на Савецкай плошчы 29 мая знаходзілася больш за 100 чалавек. Казлоўскі, паводле яго словаў, прыбыў для таго, каб растлумачыць людзям патрабаванні аб захаванні сацыяльнай дыстанцыі. Потым ён з калегам пачуў жаночыя гучныя галасы і крыкі. Яны вырашылі падысці і разабрацца, у чым справа:

«Падышлі, да нас звярнуліся жанчыны, якія растлумачылі, што ў Ціханоўскага адбываецца нейкі слоўны канфлікт з адной з жанчын, якая была апранутая ў кепку, з маскай на твары, а менавіта: задавала яму пытанні, а ён не хацеў адказваць на гэтыя пытанні. Далей мы вырашылі разабрацца і пайшлі на галасы.

Стаў чутны голас Ціханоўскага і голас нейкай жанчыны. Мы пайшлі і ўбачылі раней незнаёмую нам жанчыну і Ціханоўскага, якія размаўлялі паміж сабой на павышаных танах. Мы падышлі, прадставіліся, спыталі ў жанчыны, што адбываецца. Яна патлумачыла, што яна задае пытанні з нагоды сітуацыі Ціханоўскага, перадвыбарнай кампаніі яго жонкі, а Ціханоўскі ўсяляк ігнаруе і правакуе з ёй канфлікт, спрабуе сысці. З мэтай усебаковага разгляду мы вырашылі звярнуцца да Ціханоўскага, выслухаць яго меркаванне, што там адбывалася».

Па словах Казлоўскага, яго адразу абхапіў ззаду чалавек, потым яго ўдарылі ў бок у жывот, а пасля гэтага ён упаў на зямлю.

«Пасля ўдару ў скроневую вобласць я стаў губляць раўнавагу, то-бок мяне стала цягнуць назад»

З паказанняў міліцыянта на судзе стала зразумела, што першапачаткова асноўнай прэтэнзіяй міліцыі на выбарчым пікеце ў Гродне 29 мая стала невыкананне сацыяльнай дыстанцыі, што патрабуе эпідэміялагічная сітуацыя з COVID-19. Казлоўскі распавёў, што адразу яны папярэджвалі ўсіх аб захаванні дыстанцыі праз гучнагаварыцель, потым проста прасілі ўсіх не тоўпіцца і апранаць маскі. 

«Калі мы падышлі да Ціханоўскага, то я ўбачыў, што ён стаў адыходзіць назад. Такім чынам, ён паспрабаваў схавацца ад натоўпу. Я з мэтай звярнуць яго ўвагу паспрабаваў схапіць яго за руку. Затрымліваць яго ніхто не збіраўся: толькі звярнуць увагу, каб згладзіць канфлікт. Я ўзяў яго за руку, у гэты момант сталі чутныя крыкі, воклічы з натоўпу, натоўп пачаў сціскацца.

У гэты момант Ціханоўскі выхапіў руку, пасля чаго я адчуў удар у скроневую вобласць злева. Хто і чым мяне ўдарыў — я не бачыў. Гэта ўсё адбывалася вельмі хутка: за 10-15 секунд. Я знаходзіўся як быццам у шокавым стане. Калі я прыехаў у бальніцу, у мяне была шышка. На плошчы я адчуў боль. Пасля ўдару ў скроневую вобласць я стаў губляць раўнавагу, то-бок мяне стала цягнуць назад.

Я адчуваў, што нешта мяне цягне назад. У мяне перахапіла дыханне, стала цяжка дыхаць. Натоўп пачаў здушвацца — адчуванне, што мяне здушвалі. Я ўпаў, таму што нейкая сіла пачала мяне цягнуць. У гэтым момант я адчуў яшчэ дадаткова ўдар у жывот, пад рэбры.

Калі я апынуўся на зямлі, то ўбачыў, што за мной знаходзіўся мужчына шчыльнага целаскладу, у кепцы, у скураной куртцы. Раней я гэтага мужчыну не бачыў», — распавядае ўчастковы Казлоўскі пра падзеі 29 мая.

Пацярпела скура на службовых туфлях

Па словах участковага, яго калегу Хваленю натоўпам пачало «зносіць да цэнтра». Як лічыць Казлоўскі, іх хацелі раз'яднаць. Па словах участковага, з сабой у яго быў уключаны відэарэгістратар, але пакуль невядома, ці будзе відэазапіс з яго вывучаны ў судзе.

Казлоўскі патлумачыў, што адчуў фізічны боль два разы: падчас ўдару ў левую скронь і ў жывот:

«Я не магу сказаць, ці былі гэта нейкія ўдары або рухі». 

Таксама ўчастковы заявіў у судзе, што ў выніку дзеянняў 29 мая на Савецкай плошчы было пашкоджанае таксама яго форменнае абмундзіраванне: быў адарваны з левага рукава шаўрон, пашкоджаны службовыя туфлі.

«Адзеў новыя туфлі, атрымаў новыя туфлі. Падрапалі скуру. Гэта адбылося ў выніку бойкі: тапталіся па нагах, па асфальце дзесьці… На службу апрануў новыя туфлі».

Уладзімір Казлоўскі заявіў у судзе, што 29 мая ён сам упаў на зямлю — ніхто яго не прытрымліваў у гэты момант.

Пасля таго як ён упаў, натоўп разышоўся. Ён распавёў, што ў гэты час Мікалай Салянік стаў гаварыць у гучнагаварыцель, што гэта правакацыя і каб натоўп «не вёўся на гэта», пачаў высмейваць гэта. 

Пасля гэтага, як расказвае Казлоўскі, людзі дапамаглі яму падняцца, аддалі шаўрон, правялі на алею, пасадзілі на лавачку, выклікалі хуткую. Потым «хуткая» даставіла ў БХМД. Там яму дыягнаставалі траўму жывата. Раней Казлоўскі таксама заяўляў, што ў выніку ўдару ў скроню, у яго ўтварылася шышка. З матэрыялаў справы стала вядома, што на яго лячэнне сышло амаль 500 рублёў.

«Нам паведамілі толькі, што будзе праходзіць пікет па зборы подпісаў»

На пытанне пракурора, як Казлоўскі зразумеў, што гэта Ціханоўскі, ён распавёў:

«Да падзей 29 мая я з'яўляўся прадстаўніком у судзе міліцыі Ленінскага раёна па разглядзе адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП па факце ўдзелу грамадзян у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на набярэжнай, калі Ціханоўскі браў інтэрв'ю ў грамадзян. Ён мне быў знаёмы па службовай дзейнасці». 

Тут жа Казлоўскі патлумачыў, што ён не ведаў, што Ціханоўскі будзе прымаць удзел у пікеце 29 мая, аб гэтым не гаварылася і на інструктажы:

«Нам паведамілі толькі, што будзе праходзіць пікет па зборы подпісаў». 

На пытанне адвакаткі аб прозвішчы начальніка, які праводзіў інструктаж перад выбарчым пікетам 29 мая ў Гродне, Уладзімір Казлоўскі адмовіўся называць яго імя. Казлоўскі не стаў паведамляць таксама, хто менавіта прысутнічаў на гэтым інструктажы. Вядома толькі, што, акрамя Хвалені і Казлоўскага, там было яшчэ некалькі супрацоўнікаў міліцыі. Таксама ён не мог патлумачыць, якія задачы ставіліся перад супрацоўнікамі міліцыі на пікеце 29 мая.

Нагадаем, на першым судовым пасяджэнні Казлоўскі заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8000 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?