Фота Кацярыны Гардзеевай

Фота Кацярыны Гардзеевай

Практычна кожную нядзелю жыхары Навагрудка ходзяць на экскурсіі. Мясцовыя кажуць, што і на гэтых мерапрыемствах іх пастаянна суправаджаюць супрацоўнікі міліцыі.

24 студзеня ў раённым цэнтры праходзіла экскурсія, прысвечаная гісторыі Халакоста. Некаторыя ўдзельнікі прымацавалі да сваёй вопраткі жоўтыя зоркі з надпісам «23.34».

— Хтосьці сфатаграфаваў гэтую экскурсію — і здымак з'явіўся ў адным з тэлеграм-каналаў. Экскурсія прайшла без эксцэсаў. Жанна ішла дзесьці ззаду, бо была пасля хваробы, ёй было складана хутка перасоўвацца. Карацей, дзесьці там «целяпалася», як мы жартавалі. Быццам бы на вопратцы ў яе таксама была зорка. Аднак ні фігура, ні лічбы ў нас яшчэ не забароненыя, здаецца. Тады ў пешай экскурсіі ўдзельнічала каля 20 чалавек, прагулка доўжылася прыкладна дзве гадзіны, нікога не затрымлівалі, заўваг нікому не рабілі, міліцыянты толькі назіралі — распавядаюць мясцовыя жыхары.

Жанна тады не была затрыманая, пратакол у міліцыі на яе склалі 27 студзеня, калі яна прыйшла ў мясцовае аддзяленне па іншай справе.

— Справа ў тым, што ў навагоднюю ноч яна была на плошчы, і намеснік начальніка нашай міліцыі гучна камусьці сказаў, што, маўляў, вунь тая, якая хварэе цяпер на каранавірус. Гэта чулі многія. Жанна і праўда хварэла, але раней — і выйшла на вуліцу ўжо пасля хваробы і абавязковай самаізаляцыі. Яна абурылася, што такім чынам распаўсюджваюцца звесткі пра яе здароўе, а гэта медыцынская таямніца. Хтосьці з міліцыянтаў сказаў ёй: «Так напішыце заяву». Яна гэта і зрабіла. У міліцыю яе выклікалі менавіта па гэтай справе, але склалі пратакол з нагоды нібыта праведзенага пікету падчас экскурсіі, — распавядаюць мясцовыя жыхары.

8 лютага адбылося судовае пасяджэнне па гэтай адміністрацыйнай справе — і Жане далі 10 сутак арышту за несанкцыянаваны пікет.

— Яе адразу ж павезлі ў Карэлічы, — распавядаюць мясцовыя.

Жанчына раней ужо была асуджаная ўсё па тым жа артыкуле 23.34 КаАП: у кастрычніку, у Дзень маці, выйшла на галоўную плошчу з плакатам. Тады яна адседзела 5 сутак у Карэліцкім СІЗА.

Таксама паводле інфармацыі гарадзенскіх праваабаронцаў днямі асудзілі яшчэ аднаго мясцовага жыхара — Віктара Мацкевіча. Мужчына атрымаў 10 сутак за несанкцыянаваны пікет: ён размясціў БЧБ-сцяг з гербам «Пагоня» ў акне сваёй кватэры.

Дарэчы, 31 студзеня падчас чарговай гарадской нядзельнай экскурсіі ў Наваградку затрымлівалі сертыфікаванага экскурсавода і стваральніцу Музея габрэйскага супраціву ў раённым цэнтры, а таксама супрацоўніцу Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамару Вяршыцкую. Пасля апытання ў міліцыі яе адпусцілі, але экскурсію і прагляд фільма пра Халакост прыйшлося згарнуць. Таксама ў РАУС даставілі былога дырэктара мясцовай гімназіі 72-гадовага Аляксандра Быстрыка. Яго забралі ў цэнтры горада. Мужчына на экскурсію так і не дайшоў. Потым у яго дома супрацоўнікі міліцыі правялі агляд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0