Кацярына Андрэева на судзе

Кацярына Андрэева на судзе

«Я закахаўся ў Кацю фактычна пасля першай сустрэчы. Дакладней, першы раз мы з ёй сустрэліся на акцыі пратэсту Статкевіча перад выбарамі 2015 года, але літаральна пару хвілін пабачыліся, перакінуліся парай слоў, я нават тэлефон яе не паспеў узяць. Я, канечне, падумаў: якая прыгажуня, трэба яе запрасіць на каву. Але не паспеў у той раз. Тады перад выбарамі быў шэраг акцый, і мы праз тыдзень сустрэліся на той жа плошчы Свабоды, на той жа акцыі Статкевіча.

Вось тады ўжо я глядзеў, пільнаваў яе да канца акцыі, каб у канцы ўсё ж запрасіць на каву. Мы пайшлі ў кавярню пасля гэтага. І быў вельмі смешны эпізод, з чаго пачыналіся нашы стасункі.

Гэта быў дзень да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, мы разважалі пра журналістыку, пра сітуацыю ў краіне, пра палітыку. І яна кажа, маўляў, зараз жа апошні дзень датэрміновага галасавання, імаверна зараз будуць нейкія ўкіды бюлетэняў, цікава, як гэта выглядае ў апошні дзень. Гэта быў яшчэ вечар, выбарчыя ўчасткі не зачыніліся.

Гэта было якраз на плошчы Якуба Коласа, побач гімназія, так таксама быў выбарчы ўчастак. І мы пайшлі паглядзець, як выглядае атмасфера апошняга дня датэрміновага галасавання. Ёй было гэта цікава, яна толькі пачынала працу, ніколі не працавала на выбарчых кампаніях.

І вось мы зайшлі. Калі чальцы выбарчай камісіі пабачылі, што зайшлі два журналісты ўвечары, перад закрыццём выбарчага ўчастка, у іх спрацаваў сігнал «трывога», яны выклікалі міліцыю, прыехалі «касманаўты», нас ледзь не затрымалі. Тады былі адносна ліберальныя часы, у нас проста праверылі дакументы і адпусцілі.

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева

Што мне спадабалася ў гэты момант? Яна настолькі захаплялася працай, што пасля таго, як адпрацавала на акцыі пратэсту, пасля таго, як мы сядзелі ў кавярні і размаўлялі пра ўсё гэта, была настолькі натхнёная працай, што хацела яшчэ пайсці і паглядзець. І тое, што яна зусім не спалохалася, калі прыехала міліцыя, гэтыя «касманаўты» страшныя.

І мяне гэта так захапіла, я падумаў, што гэта такая неверагодная дзяўчына, з такой энергетыкай, з такой моцай асобы, і зразумеў у той вечар, што закахаўся ў яе. І ў прынцыпе, потым нашы стасункі былі шчыльна звязаныя з працай. Фактычна мы пачалі сустракацца, ужо працуючы разам над тэмай Данбаса, і ўжо ў канцы 2016 года ажаніліся.

Тое, што мяне захапляе і натхняе ў Каці, — гэта тое, што яна развіваецца як асоба і як журналіст пастаянна, яна ніколі не стаіць на месцы. І гэта тое, што натхняе кожны дзень».

Больш — у відэа:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0