Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Калі летась ва Ухані пачалася ўспышка каранавіруса, многія маладыя жыхары не давяралі інфармацыі з дзяржаўных СМІ. Замест гэтага яны звярнуліся да сацыяльных сетак. Каля 10 журналістаў і блогераў з Уханя здымалі відэа на смартфоны, каб задакументаваць раннія стадыі пандэміі, піша DW.

Без гэтых звестак многія дэталі, якія кітайскаму ўраду было выгадна не разносіць, імаверна, так і не былі б абнародаванымі.

Аднак нават гэта праява свабоды слова ў сацыяльных сетках будзе абмежаваная. Цяпер усе пасты журналістаў у сацсетках будуць ацэньвацца, наколькі яны з'яўляюцца палітычна прымальнымі. Гэта ацэнка будзе пасля выкарыстоўвацца для таго, каб вырашыць, ці падаўжаць тым ці іншым журналістам акрэдытацыю.

Па заяве Галоўнага кіраўніцтва друку і публікацый Кітая (General Administration of Press and Publication) ад 19 студзеня, мэта такога рашэння ў тым, каб «рэалізаваць важныя ідэі генеральнага сакратара Сі Цзіньпіна па прапагандзе і ідэалагічнай працы і стварыць каманду журналістаў, якія з’яўляюцца палітычна моцнымі і інавацыйнымі, а таксама прытрымліваюцца рэалістычных поглядаў».

Новае рэгуляванне закране радыё, тэлебачанне, друкаваныя і інтэрнэт-СМІ. Той, хто будзе наймаць журналістаў без акрэдытацыі, будзе падвяргацца пакаранню. Такія змены, якія могуць падацца нязначнымі, верагодна, будуць мець доўгатэрміновыя наступствы.

Кітайскія СМІ заўсёды імкнуцца рэалізаваць свабоду слова ў аўтарытарным асяроддзі краіны. Гэта ўключае ў сябе выкарыстанне сацсетак для рэпартажаў на тэмы, якія не выклікаюць адабрэння ў дзяржаўных цэнзурных органаў.

Таксама пад кантроль возьмуць карыстальніцкі кантэнт, які публікуюць людзі без журналісцкай адукацыі.

Некаторыя з журналістаў Уханя ўжо сутыкнуліся з рэпрэсіямі за сваю прафесійную дзейнасць. 37-гадовы відэаблогер Чжан Чжань (Zhang Zhan) атрымаў 4 гады арышту. Яшчэ двое журналістаў застаюцца пад арыштам. А месцазнаходжанне рэпарцёра Фан Біня (Fang Bin) невядома з лютага 2020 года.

Пасля таго, як Сі Цзіньпін узначаліў дзяржаву, цэнзура ў Кітаі значна ўзмацнілася.

Яшчэ адной новай падзеяй стала ўзмацненне рэпрэсій супраць кітайскіх карыстальнікаў замежных платформ Twitter і Facebook, якія ў Кітаі даступныя толькі з VPN. За апошнія тры гады больш за 50 кітайскіх грамадзян арыштавалі за выкарыстанне гэтых сацсетак для выказвання свайго меркавання наконт пратэстаў у Ганконгу, статусу Тайваня і парушэння правоў чалавека ў Сіньцзяні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0