Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

DW: на вашай першай прэс-канферэнцыі 20 мая 2020 года вы назвалі «міфатворчасцю» масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Як вы цяпер ацэньваеце тое, што адбываецца ў краіне?

Віктар Бабарыка: Адразу скажу, мае адказы абапіраюцца на вельмі бедную інфармацыю. Амаль 8 месяцаў я знаходжуся ў фізічнай і камунікацыйнай ізаляцыі, большую частку навін атрымліваю з беларускага тэлебачання, а яго прагляд можна прыраўняць да маральных катаванняў.

Але нават у такім становішчы магу сказаць, што тое, што адбываецца ў нашай краіне, нельга назваць масавымі рэпрэсіямі. Фактычна — гэта вайна ўладнай вярхушкі, якая абапіраецца на ваенна-сілавы блок, а значыць, хунты, супраць часткі свайго народа.

І нават не важна, якой па колькасці гэтая частка з'яўляецца — большасцю або не. Самае страшнае, што яна тычыцца ўсіх слаёў насельніцтва.

Гэтую вайну могуць ператварыць у грамадзянскую два моманты. Па-першае, спешнае падвядзенне пад свае дзеянні заканадаўчай базы праз узмацненне жорсткасці пакарання за простае выказванне меркавання. А па-другое, уцягванне ў барацьбу простага цывільнага народа (чыноўнікаў, дзяржслужачых, работнікаў камунальнай гаспадаркі і гэтак далей), вымушаных выконваць загады і службовыя абавязкі, уступаючы ў сутыкненне з такімі ж грамадзянамі краіны.

Але расколатае грамадства не злепіш. Нельга дапусціць, каб простыя людзі сталі ненавідзець адно аднаго толькі за тое, што яны любяць сімвалы рознага колеру. Кожны павінен разумець, што індывідуальная адказнасць за здзяйсненне дзеяння не знікае, нават калі хтосьці скажа, што бярэ на сябе ўсе грахі за асобныя загады і распараджэнні.

Я не кажу пра крымінальны пераслед. Ёсць больш важная ацэнка — нашых дзяцей і ўнукаў. У жыцці не сустракаў аніводнага чалавека, што ганарыўся б продкамі, якія ўдзельнічалі ў гвалце супраць простых людзей.

— Ёсць меркаванне, што ваша вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ўзбудзіла грамадства і стала штуршком для палітызацыі і барацьбы з рэжымам Лукашэнкі. Што вы скажаце на гэты конт?

— Змрочна жартую: яно сапраўды ўзбудзіла супраць мяне крымінальны пераслед. А калі сур'ёзна, то мне заўсёды складана ацэньваць свае ўчынкі і іх уплыў на іншых, хай гэта робяць людзі самі.

Я ж скажу, чым я б вельмі ганарыўся і чаго б вельмі хацеў — бачыць вынікі сваіх дзеянняў. Так ужо атрымалася, што я застаў толькі пачатак працэсу абуджэння і раскрыцця нашых людзей. Я не бачыў вачэй і шчаслівых усмешак шматтысячных удзельнікаў ланцужкоў салідарнасці і маршаў свабоды. Але калі хоць малая частка гэтых людзей лічыць, што я ім чымсьці дапамог, то для мяне гэта найвышэйшая пахвала. Быць датычным да адраджэння нацыі, да абуджэння ў чалавеку самых каштоўных яго якасцяў — значыць нездарма пражыць жыццё.

Аднак мне здаецца, што тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, — гэта не барацьба з рэжымам Лукашэнкі. Я наогул прыхільнік дзеянняў не «супраць», а «за». Сённяшнія падзеі я ацэньваю як барацьбу за новую Беларусь, за лепшага чалавека, за будучае шчаслівае жыццё — не толькі наша, але і будучых пакаленняў.

— Чаму, на ваш погляд, нягледзячы на тое, што пратэсты працягваюцца паўгода, беларускі народ усё яшчэ не змяніў рэжым Лукашэнкі?

— Рэжым дзейнай сёння ўлады — гэта не адзін чалавек, а сукупнасць людзей, гатовых жыць у атмасферы хлусні і вымушанай бездапаможнасці. Гэта аналаг добраахвотнага асобаснага рабства, якое не памірае пры знікненні рабаўладальніка. Чалавек не становіцца свабодным па загадзе або дазволу зверху.

Нам доўгія гады ўнушалі думку, што мы нявартыя або няздольныя быць адказнымі за свой лёс, што нам патрэбныя кантроль і кіраўніцтва, бо мы «народзец», які жыве на «кавалку зямлі», акружанай ворагамі. Асноўным дасягненнем і гонарам лічылася што мы бедныя, але не жабракі, што нашы веды і здольнасці не патрэбныя нідзе і нікому, акрамя як унутры краіны. Што мэта жыцця — стабільнасць з «чаркай і скваркай».

Але 2020 год паказаў ілжывасць гэтага сцвярджэння. Мы ўбачылі, што велізарная колькасць людзей не згодныя з такімі каштоўнасцямі і мэтамі — менавіта гэта я лічу перамогай або першым крокам да большай перамогі. Многія людзі здзейснілі вельмі важную асобасную перамогу — заваяваць сваё права называцца чалавекам з пачуццём уласнай годнасці, гатовага ўзяць адказнасць за свой лёс і лёс сваіх дзяцей на сябе.

Нам не хапіла крыху часу, каб пасталець як нацыя. Ніхто не чакаў, што ў XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы за такія агульначалавечыя каштоўнасці, як самапавагу, права на праўду і мірны пратэст, паследуе такая неадэкватна жорсткая рэакцыя.

Цяпер у нас посттраўматычны шок. Ён абавязкова пройдзе, і я веру, што ўсё ў нас будзе добра.

— Што самае важнае вы вынеслі з сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020?

— Я заўсёды імкнуся прытрымлівацца простага прынцыпу: судзіць па справах, а не па словах. Таму магу сказаць, што сцэнар, выкладзены ў рамане «Восень патрыярха», рэалізуецца (у Беларусі) вельмі блізка да тэксту.

У цэлым, я яшчэ раз пераканаўся ў грамадска вядомай праўдзе, якую даказала сістэма ў дэмакратычных краінах.

Выбарныя пасады павінны займаць людзі, у якіх ёсць куды вяртацца пасля страты ўлады. Інакш для такіх людзей узнікае знак роўнасці паміж пасадай і шчасцем у жыцці. А часам і такая роўнасць: улада роўна жыццё. У такім выпадку барацьба за ўладу ператвараецца ў барацьбу за жыццё — і ў такой бітве палонных не бяруць.

Выклікае аптымізм толькі тое, што для такіх людзей кожны наступны дзень набліжае іх да горшага, а астатніх — да лепшага.

— Лукашэнка казаў, што ў Беларусі спрабавалі зладзіць дробнабуржуазную рэвалюцыю, але цяпер рэвалюцыі ў краіне няма, бо няма рэвалюцыянераў, гатовых ісці на ўсё. Вы падтрымліваеце гэта сцвярджэнне?

— Як бы гэта ні здалося дзіўным, але гэта праўда, і гэта добра. Я ніколі не любіў рэвалюцыі і іх лозунг — «разбурыць да фундамента, а затым…». Тое, што мы назіралі ў Беларусі — паскораная эвалюцыя.

Мы на неверагоднай хуткасці праходзім працэс фарміравання самасвядомасці сябе як асоб, а таксама аб'яднання людзей у нацыю. Як вынік — патрабаванні новага, запыт на іншую сістэму кіравання.

Хоць і спрэчны, але для мяне ўсё ж верны шлях, нежаданне праліваць чужую кроў дзеля ўласных, хоць і добрых мэтаў. А гэта і мае на ўвазе сцвярджэнне — гатоўнасць на ўсё. Наш народ не апусціўся да такой мярзоты, якую прадэманстравала ўлада. Мы не заплямілі сваіх рук чужой крывёю. Новая Беларусь павінна будавацца не на крыві, хоць старая ўтрымліваецца менавіта гвалтам і жорсткасцю. Менавіта дабро забяспечыць шчаслівую будучыню краіны.

І пра дробнабуржуазнасць тых, хто імкнецца да зменаў, усё абсалютна дакладна: людзі стаміліся жыць на мяжы галечы і беднасці. «Па 500» (даляраў у месяц заробак) — недасяжная «шамбала» — набіла аскому.

Мы хочам стаць «дробнымі буржуа». Толькі ў сучасным свеце такіх людзей называюць «сярэдні клас», і яны складаюць аснову і апору ўсіх цывілізаваных і высокаразвітых краін.

— Як далей будзе развівацца сітуацыя ў краіне?

— Гэта адно з самых складаных пытанняў для чалавека, які атрымлівае 90% інфармацыі, насычаных выключна хлуснёй, страхам і нянавісцю (гэта значыць з дзяржтэлебачання).

Але, мне здаецца, варыянтаў толькі два. Альбо новая Беларусь, эканамічна і палітычна незалежная, альбо спыненне існавання фактычна незалежнай краіны (хай нават юрыдычна яна захоўвае свой статус) шляхам уключэння нас у арбіту нечага «свету».

Выбіраць адну з гэтых дарог прыйдзецца ў найбліжэйшы час — эканоміка не дазволіць доўга працягвацца цяперашняму стану. Калісьці было сказана вельмі дакладна: «Палітыка ёсць канцэнтраванае выражэнне эканомікі». Таму крайняя кропка — 2025 год, але хацелася б думаць, што гэта фантастычна доўгі тэрмін. Я за першы варыянт.

— Вы ўсё яшчэ хочаце стаць прэзідэнтам у будучай новай Беларусі?

— Я заўсёды казаў, што маё рашэнне не было прадыктавана менавіта мэтай стаць прэзідэнтам. Прэзідэнцтва — гэта інструмент і магчымасць удзельнічаць у зменах у краіне. Я зыходзіў з таго, што прапаноўваў сваю кандыдатуру як нанятага менеджара са сваім вопытам і бачаннем. Але пасля падзей 2020 года я зразумеў, што змены, якія адбываюцца ў нашых людзях і якія паказалі ўсю неверагодную таленавітасць, шчырасць і годнасць беларусаў як нацыі, моцна зрушылі акцэнты і патрабаванні да таго чалавека, які мог бы хоць і на некаторы час прадстаўляць інтарэсы нашага народа.

Таму мне б вельмі хацелася быць годным такога народа. Тых, хто, нягледзячы на ўсю несправядлівасць і жорсткасць, захавалі сваю чысціню. Я разумею, што апошні год даў нам шмат маладых і годных людзей, якія цалкам здольныя прэтэндаваць на ролю лідара. Так што майго жадання і раней было недастаткова, а цяпер і патрабаванні моцна выраслі. Але пры захаванні запыту на маё бачанне шляхоў развіцця краіны ў мяне застаецца гатоўнасць падаць усе свае ўменні і навыкі. Прапанова з майго боку ёсць, але ці будзе на гэта попыт — будзем глядзець.

— Што б вы хацелі сказаць ці пажадаць пратэстоўцам беларусам?

— Я хачу звярнуцца не толькі да пратэстоўцаў-беларусаў. Мне хацелася б, каб гэтыя словы прачыталі ўсе грамадзяне нашай краіны. Кожны з вас унікальны і мае права на ўласнае меркаванне. Усе разам мы фарміруем нашу дзяржаву і нацыю, якая таксама ўнікальная і мае права на выбар уласнага шляху. Але кожная ўнікальнасць мае агульныя каштоўнасці, для чалавека — гэта непарушнае права свабоды выбару, павагі да асобы і каштоўнасці жыцця.

У нашай краіне, на жаль, склалася сітуацыя, калі стаўленне да гэтых каштоўнасцяў падзяліла ўсіх на тры катэгорыі.

Тых, хто ўсведамляюць гэтыя рэчы і гатовыя для іх рэалізацыі здзяйсняць актыўныя дзеянні. Тых, хто згодны з неабходнасцю мець падобную сістэму каштоўнасцяў, але з-за страху не гатовы што-небудзь для гэтага рабіць. А таксама тых, якія лічаць, што яны не маюць права разважаць пра гэта, і проста чакаюць шчасця, якое ім абяцаюць іншыя. І хачу звярнуцца да кожнай з гэтых катэгорый маіх суайчыннікаў.

Я схіляюся перад тымі, хто ўсвядоміў сябе гаспадаром лёсу і адчувае сваю датычнасць і адзінства з усім чалавецтвам. Вы сапраўдныя асобы, вы святло дабра і свабоды. Тыя выпрабаванні, праз якія праходзіце вы і вашы блізкія, акупяцца сто разоў і апраўдаюцца ўцягваннем і натхненнем іншых грамадзян Беларусі. Не спыняйцеся! Лёгкім бывае толькі шлях у рабства. Часам Свабода патрабуе цвёрдасці і непахіснасці. Але яна сапраўды варта таго.

Я разумею нерашучасць тых, хто баіцца страціць утульнасць і спакой свайго маленькага свету. Але трэба разумець, што сёння выбар стаіць не паміж лепшым або добрым жыццём, не паміж дрэнным і добрым. Гэта выбар для наступных пакаленняў — зрабіць крок наперад да лепшай долі. І для гэтага кроку нават не трэба выйсці на барацьбу, дастаткова проста не здзяйсняць подлых і супрацьзаконных учынкаў. Памятаеце словы Чэрчыля: «Калі краіна, выбіраючы паміж вайной і ганьбай, выбірае ганьбу, атрымлівае і вайну, і ганьбу».

І я таксама хачу, каб задумаліся тыя, хто лічыць, што адказнасць за злачынствы і амаральныя ўчынкі будзе апраўданая словамі «нам загадалі» і «што мы маглі зрабіць?». Ніколі ў гісторыі падпарадкаванасць не змывала крыві з рук забойцаў.

У сённяшніх абставінах заспакаяльная думка «я стараўся змякчыць жорсткасць мер і распараджэнняў і служыў свайму народу» не з'яўляецца апраўданнем. Змякчаць распараджэнні, якія з'яўляюцца супрацьзаконнымі і парушаючымі агульначалавечыя прынцыпы, — усё роўна здзяйсняць злачынствы. Будучыня непазбежная, і пытанні зададуць кожнаму. Таму можа лепш застацца па-за камандай, чым у камандзе, якая ажыццяўляе ці спрыяе пагібельных для ўсіх дзеянняў.

Мы беларусы, мы павінны быць разам! Разам — да лепшага!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?