Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак

Першапачаткова супраць Ігната распачалі крымінальную справу паводле артыкула 293 КК, але потым справу перакваліфікавалі на «больш мяккую»: на ч. 1 арт. 342 КК. За кратамі Ігнат знаходзіцца ўжо паўгода. Справу Ігната разглядае суддзя Юрый Машкетаў. 

Хто такі Ігнат Сідорчык?

Ігнат пісаў вершы і арганізоўваў паэтычныя вечары. У 2016 годзе яны з прыяцелямі паставілі спектакль і выступілі з ім у ДК імя Шарко. Апошнім часам працаваў у рэкламнай кампаніі відэамантажорам.

У чым абвінавачваюць Ігната?

Дзяржаўнае абвінавачванне ў судзе падтрымлівае пракурор Дзмітрый Падліпскі. 

Паводле версіі абвінавачвання, 9 жніўня ён «прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады, што пацягнула за сабой парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, шляхам стварэння тэлеграм-чата «Прагулка», для размяшчэння ў ім інфармацыі з заклікамі збору ўдзельнікаў чата ў раёне кінатэатра «Беларусь» для наступнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады, што пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, шляхам ажыццяўлення блакавання транспарту, з дапамогай перакрыцця праезнай часткі, шляхам знаходжання ў счэпцы локцямі, тым самым аказваючы непадпарадкаванне супрацоўнікам улады». Па абвінавачванні Ігнат прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, калі 9 жніўня на скрыжаванні пр. Пераможцаў і вул. Мельнікайце «далучыўся да групы грамадзян і наўмысна ў тэлеграм-чаце заклікаў групу асоб сустрэцца каля кінатэатра «Беларусь» для далейшага ўдзелу ў групавых дзеяннях».

Час, у які па версіі абвінавачвання Ігнат прыняў удзел у групавых дзеяннях: з 21:30 па 22:30 9 жніўня. Ігнат сваімі дзеяннямі ў гэты час парушыў працу пяці транспартных сродкаў. 

Віну Ігнат прызнаў часткова: толькі пацвярджае тое, што стварыў чат «Прагулка».

Што кажа сам Ігнат на судзе?

Па словах Ігната, ён стварыў чат каля 6-й раніцы 9 жніўня для таго, каб камунікаваць з сябрамі. На выпадак, калі адключаць інтэрнэт прапанаваў адразу ўсім сустрэцца а 9-й вечара каля кінатэатра «Беларусь» і пагутарыць. Удзельнікаў у чаце было каля 20-30 чалавек. Як стала вядома на судзе, Ігнат пісаў не толькі пра сустрэчу, але і пра проксі серверы, і прылады на выпадак блакавання інтэрнэту. Ігнат сцвярджае, што ў гэтым чаце нікога не заклікаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Ён растлумачыў, што проста паклікаў сяброў сустрэцца, каб падыхаць свежым паветрам.

Ігнат Сідорчык распавядае ў судзе, што 9 жніўня цэлы дзень працаваў, выйшаў толькі прагаласаваць.

«У 19.30 стэлефанаваўся з сябрамі, сустрэліся каля Ліцэя БДУ і пайшлі ў бок кінатэатра «Беларусь».

З сабой у Ігната не было ні сімволікі, ні якіх-небудзь забароненых прадметаў, лозунгаў ён не выкрыкваў.

«Чуў толькі тое, што было нешта каля Стэлы, каля «Беларусі» нічога не было і не планавалася».

Па словах Ігната, ён прабыў каля «Беларусі» з кампаніяй каля хвілін 30.

«На скрыжаванні Мельнікайце і Заслаўскай убачылі натоўп і частка яго пабегла ў іх бок. Каля 21:50 спалохаліся і пабеглі назад праз двары. Вырашылі сысці ў бяспечнае месца, таму пайшлі ў бок Кастрычніцкай вуліцы».

Як распавядае Ігнат, ён бачыў на Мельнікайце спецмашыны, але супрацоўнікаў не бачыў. Ігнат на судзе падкрэсліў, што ён апалітычны.

На судзе аналізуюць перапіску чата. У ім маецца перасланае паведамленне з канала, які прызнаны экстрэмісцкім. Паведамленне пераслаў з мэтай засцерагчы сяброў, каб не хадзілі там, дзе заварушка», — кажа Ігнат.

Суддзя дапытвае Ігната з нагоды выбару месенджара, проксі серверах.

У чаце «Прагулка» было каля 100 чалавек. Суддзя здзівіўся, што чат быў адкрыты: 

«Чат не быў створаны з мэтай дэзарганізацыі грамадства ў Мінску, так?»

Суддзя Юрый Машкетаў дапытвае палітвязня на судзе:

— А чаму менавіта тэлеграм?

— Ну зручна проста.

— А вам было вядома, што адключаць інтэрнэт?

— Так. У мяне праца звязана з інтэрнэтам, таму мой кіраўнік скінуў у працоўны чат проксі серверы, каб можна было пазбегнуць адключэння.

— Вамі ў чат было дададзена 25 сяброў, то-бок астатніх 75 дадалі ўжо вашыя сябры, так?

— Так.

— Калі вы хацелі апавясціць сяброў аб сустрэчы, то чаму стваралі менавіта адкрыты чат?

— Я ў гэтым не разбіраюся.

Праз 10 хвілін:

— Ну ўсё ж такі, чаму менавіта ў тэлеграме, а не ў вайбере, напрыклад? І адкуль усё ж такі стала вядома, што будзе блакавацца інтэрнэт?

Суддзя працягвае задаваць пытанні Ігнату з нагоды проксі сервера:

— Ці тлумачылася вамі ў гэтым чаце, як выкарыстоўваюцца проксі серверы, каб можна было атрымаць доступ да чатаў?

— Эм, як выкарыстоўваць проксі серверы?

— Так, тлумачыліся Вамі ці кім-небудзь з удзельнікаў чата?

— Мне патлумачылі на працы, а я нікому.

Сідорчык распавядае на судзе, што яны з сябрамі ішлі па тратуары, адпаведна, не маглі перашкаджаць працы транспарту, а тым больш прадпрыемстваў. Паводле яго словаў, да яго супрацоўнікі міліцыі з ніякімі патрабаваннямі не звярталіся і не падыходзілі, таму што яны «не парушалі грамадскі парадак».

Святлошумавыя гранаты супрацоўнікі выкарыстоўвалі, калі ўжо вярнуліся да кінатэатра. Ігнат пісаў у чаце: «У пекла таксама не палезем, беражом сябе».

Сідорчык вярнуўся дадому а 5-й раніцы 10 жніўня.

Затрымалі, калі выйшаў па цыгарэты

Ігната затрымалі 10 жніўня паблізу крамы «Суседзі» на праспекце Незалежнасці. Увечары 10 жніўня ён выйшаў у магазін за цыгарэтамі, але дахаты ўжо не вярнуўся. Праспект у гэты час ужо быў перакрыты. Ён узяў пашпарт, бо ведаў, што могуць праверыць. Ён перайшоў праз дарогу да крамы, у яго папрасілі дакументы і праверылі заплечнік.

Яго папрасілі прайсці ў службовы транспарт, дзе сказалі разблакаваць тэлефон, пасля чаго і павезлі на Акрэсціна.

Як патлумачыла ягоная сяброўка ў судзе, іх агульны сябар паведаміў, што патэлефанаваў Ігнату, але слухаўку ўзяў незнаёмы чалавек. Дзяўчына вырашыла праверыць і патэлефанавала сама. Ёй адказаў чалавек з хрыплым голасам і прадставіўся Ігнатам. Так сябры зразумелі, што Ігнат затрыманы.

«Тут нешта страшнае адбываецца, таму давайце пойдзем дадому»

У судзе ў першы дзень пасяджэння былі дапытаныя шэсць сведак абароны: сябры Ігната, якія знаходзіліся ў чаце «Прагулка», а таксама яго калега.

Сябар Ігната Аляксей, з якім яны сябруюць каля 10 гадоў, распавёў, што яны часта сустракаліся з сябрамі позна ўвечары. Ён таксама знаходзіўся ў чаце «Прагулка»: не ведае, хто яго туды дадаў. Прабыў там 1-2 дня. 9 жніўня сустракаўся з Сідорчыкам і іншымі сябрамі на Кастрычніцкай каля 12-й ночы. Хлопцы распавядалі Аляксею, як дайшлі да яго, на што ён сказаў: «Дайшлі жывыя і добра».

Сяброўка Юлія распавяла, што да 14-й гадзіны 9 жніўня ў чаце «Прагулка» было ўжо каля 100 чалавек. Дзяўчына патлумачыла ў судзе, што гэта быў выключна чат для камунікацыі. 9 жніўня яна была ў кампаніі Ігната каля кінатэатра «Беларусь». Паводле яе словаў, яны проста сядзелі на парапеце і глядзелі, былі «назіральнікамі», потым вырашылі пайсці паглядзець, што там адбываецца. Пайшлі ўніз па вуліцы Мельнікайце, але на іх пачалі бегчы людзі.

Яшчэ адзін сведка Сяргей распавёў, што яны сустрэліся з Ігнатам і іншымі хлопцамі 9 жніўня каля кінатэатра «Беларусь» і селі піць гарбату, якую ён прынёс. Але, па яго словах, «вакол пачалася поўная блытаніна». Яны спусціліся па вуліцы Мельнікайце, і Ігнат прапанаваў разыходзіцца:

«Тут нешта страшнае адбываецца, таму давайце пойдзем дадому».

У гэты момант яны ўбачылі натоўп каля 100-200 чалавек, які бег ім насустрач. Пракурор паспрабаваў высветліць, чаму пабеглі разам з астатнімі людзьмі.

Калега Ігната распавёў, што ён скінуў у працоўны чат проксі сервера, якімі займаюцца сістэмныя адміністратары. Растлумачыў, што скінуў іх для працы, каб заўсёды былі падлучаныя да сеткі.

Працяг працэсу — 16 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0