У чым абвінавачвалі Сяргея Сакуна?

Паводле абвінавачання, першага лістапада 2020 года з 14 да 15 гадзіны па пр. Незалежнасці ад дома 95а да дома 99 Сяргей Сакун наўмысна прыняў удзел у руху па праезнай частцы, чым груба парушыў грамадскі парадак. Ён выкрыкваў лозунгі, ускідваў рукі над галавой і «ажыццяўляў гучныя воплескі». Знаходзіўся ў счэпцы ў першых шэрагах. Таксама ён не падпарадкаваўся неаднаразовым законным патрабаванням супрацоўнікаў ГУУС і ажыццявіў перакрыццё праезнай часткі.

У той дзень Сяргея затрымалі, затым яму прысудзілі арышт паводле ч.1 арт. 23. 34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Пастанову суда ён не абскарджваў.

Паказанні сведак

Імёны і прозвішчы сведак-міліцыянтаў былі змененыя «у мэтах іх бяспекі». Першы сведка паведаміў, што ў той дзень знаходзіўся на службе ў складзе мабільнай групы з 5-6 чалавек у раёне Нацыянальнай бібліятэкі. У 14.00 ім паведамілі пра людзей у раёне крамы «Харлі Дэвідсан». Яны прыбылі на месца, выстраіліся ў шарэнгу. Перад калонай ехала машына ДАІ, адкуль паведамлялі праз гучнагаварыцель, што мерапрыемства незаконнае, прасілі вызваліць праезную частку і разысціся. Сведка не пазнаў абвінавачанага, сказаў, што яго не затрымліваў і апісаць яго дзеянні не можа.

Другі сведка са змененым прозвішчам Назараў даў падобныя паказанні.

Таксама былі зачытаныя паказанні, дадзеныя падчас следства, сведкамі-амапаўцамі Кухарчыкам і Свірыдавым (імёны змененыя).

Пазоў ад «Мінсктранса» — больш за 10 тысяч рублёў

Падчас пасяджэння быў заяўлены пазоў ад «Мінсктранса» за блакаванне руху транспарту на суму больш за 10 тысяч рублёў. Пракурор Зубік прыклала грамадзянскі пазоў на ўсю суму ад прастою транспарту па ўсім Мінску за дзень, не вылучыўшы суму па тым раёне на праспекце Незалежнасці, дзе праходзіла акцыя.

У судзе ад «Мінсктранса» выступала юрысконсульт Анастасія Кузняцова, якая проста зачытала свае службовыя абавязкі прадстаўляць «Мінсктранс» і агучыла шкоду ў 10 689 рублёў. Юрысконсульт не змагла патлумачыць, чаму заяўляецца менавіта такая вялікая сума.

Далей запрасілі начальніка аддзела перавозак «Мінсктранса» Рамана Прановіча, які павінен быў усё ж такі растлумачыць фармаванне гэтай сумы. Ён доўга распавядаў, як вылічалі шкоду, не прыводзячы дакладных формул і лічбаў. Калі адвакат папрасіла вылучыць менавіта той транспарт, руху якога перашкодзіла акцыя на гэтым участку Незалежнасці, ён назваў 5 маршрутаў аўтобусаў і ніводнага тралейбуснага. Адвакат прасіла ўсё ж такі прывесці дакладны разлік шкоды, на што сведка паведаміў, што дакладны разлік перадаваўся ў пракуратуру. Суддзя зрабіла заўвагу пракурору, сказаўшы, што вылічыць сапраўдны шкоду павінен быў чалавек, які рыхтаваў пазоў.

Што казаў абвінавачаны?

На судзе Сяргей Сакун распавёў, што першага лістапада прыехаў у салон А1, прыпаркаваўся каля «Аляксандраўскага пасажа», але салон працаваў да 14. Таму ён зайшоў у кафэ, пасля выйшаў на вуліцу і ўбачыў натоўп людзей, зацікавіўся і далучыўся да іх у раёне пр. Незалежнасці, 99. Затым прыехаў АМАП, байцы сталі ў шарэнгу і зрабілі стрэл у паветра, а ў гэты час перад ім (Сакуном) стаялі жанчыны і дзяўчаты. Ён выйшаў на праезную частку, каб прыкрыць іх, і падняў рукі, дэманструючы сваю бяззбройнасць. У счэпцы не стаяў, на праезную частку выйшаў не больш чым на 2 хвіліны. Ні з кім з пратэстоўцаў не знаёмы. Ужо адбыў арышт па 23.34, дзе не было складу злачынства.

Пракурор паведаміла, што ёсць разыходжанні ў паказаннях, дадзеных падчас следства і на судзе. Першапачаткова абвінавачаны паведамляў, што знаходзіўся на праезнай частцы да 15 хвілін, а цяпер кажа, што ўсяго 2. Таксама там сцвярджалася, што ён выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю і нязгоду з гвалтам, а на судзе заявіў, што абараняў дзяўчат і жанчын.

Абвінавачаны адказаў, што яго грамадзянская пазіцыя не мае дачынення да суду і што дзве хвіліны ўпісваюцца ў перыяд «да 15 хвілін», у гэтым разыходжанняў няма. Адвакат спасылалася на стэнаграфіі відэа, дзе прапісана, што ён быў толькі паўтары хвіліны на праезнай частцы.

Вывучэнне матэрыялаў справы

Затым суд перайшоў да вывучэння матэрыялаў справы. Дэманстравалася відэа, дзе відаць, што прыехалі ўзброеныя стрэльбамі людзі ў зялёнай форме і пачалі папярэджваць аб незаконнасці акцыі (гучнагаварыцеляў не было, неаднаразова выкарыстоўваўся мат). На відэа чутныя стрэлы. Людзі разышліся па ходніках, вызваліўшы праезную частку. Абвінавачанага на відэа відаць дрэнна, затым быў паказаны скрыншот з ім. Відэа пацвердзіла, што на дарозе ён быў усяго паўтары хвіліны.

Спрэчкі бакоў

Пракурор папрасіла выключыць з абвінавачвання фармулёўку пра ўдзел у «счэпцы», а таксама ўлічыць папярэднія паказанні, дзе абвінавачаны сцвярджае, што знаходзіўся на праезнай частцы «да 15 хвілін». Яна запатрабавала для Сакуна тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

На думку адваката, паказанні сведак не даказалі актыўнага ўдзелу абвінавачанага ў пратэстах, а толькі апісалі атмасферу таго, што адбывалася ў той дзень.

«Абвінавачаны не з'яўляецца актыўным удзельнікам пратэстаў, бо да таго дня не прыцягваўся па арт. 23.34, хоць пратэсты доўжыліся ўжо больш за тры месяцы. Сакун ўжо адбыў арышт за дадзенае правапарушэнне. Станоўча характарызуецца на працы. У справе няма перапісак, дзе б ён дамаўляўся з кім-небудзь аб удзеле ў акцыі».

У выпадку, калі суд прызнае Сакуна вінаватым, адвакат папрасіў даць тэрмін, роўны ўжо адседжанаму і вызваліць у зале суда, каб абвінавачаны мог вярнуцца да сям'і і займацца выхаваннем сына, а таксама працаваць у адпаведнасці са сваёй кваліфікацыяй.

Суддзя Дзмітрый Астапенка вынес роўна такі прысуд, які прасіла пракурор.