5 лютага фуру з цыгарэтамі затрымалі ў пункце пропуску «Лаварышкі» (беларускі бок — «Катлоўка»), паведамляе «Звязда»

Паводле дакументаў, у аўто перавозілі гіпсавую тынкоўку і мінеральную вату, аднак ужо пры першапачатковым аглядзе транспартнага сродку літоўскія мытнікі выявілі, што будматэрыялы — толькі прыкрыццё кантрабанды. Скрынкі з цыгарэтамі знайшлі за фальшывай панэллю з ДСП, у кабіне машыны і ў дадатковым багажніку пад паўпрычэпам. Усяго было знойдзена і канфіскавана 255 тыс. пачак цыгарэт марак Fest, Minsk і NZ Gold.

Фота літоўскай мытні

На наступны дзень, 6 лютага, аналагічную знаходку ў адной з фур, якія рухаліся таксама з Беларусі ў Калінінград, выявілі мытнікі ў пункце пропуску «Мядзінінкай» (з беларускага боку «Каменны лог»). Замест прадуктаў харчавання, якія былі пазначаны ў накладных, у аўто былі знойдзеныя 400 тыс. пачак цыгарэт маркі Fest.

Кошт двух партый кантрабандных цыгарэт літоўскія мытнікі ацанілі ў 2,2 млн еўра. Затрыманы ў «Лаварышках» дальнабойшчык, грамадзянін Расіі, быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Беларус, затрыманы ў пункце пропуску «Меднікі», рашэннем Віленскага раённага суда арыштаваны на адзін месяц.