Фота Depositphotos.com

Pymetrics — адна з кампаній у Нью-Ёрку, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння для найму на працу. Штучны інтэлект падбірае пытанні і аналізуе адказы, каб выявіць якасці асобы і ўзровень інтэлекту кандыдата, а таксама яго схільнасці да рызыкі і хуткасць рэакцыі. Па словах кампаніі, штучны інтэлект дапамагае «дакладна і хутка выявіць кагнітыўныя і эмацыйныя характарыстыкі ўсяго за 25 хвілін».

Такое праграмнае забеспячэнне ўжо выкарыстоўваецца на першых этапах найму ў такіх транснацыянальных кампаніях, як McDonald's, JP Morgan, PWC, Kraft Heinz. Другі этап — сумоўе з чалавекам, калі штучны інтэлект вызначыць вас як добрага кандыдата, паведамляе BBC. 

«Мэта ў тым, каб дапамагчы кампаніям разгледзець больш кандыдатаў і атрымаць сігналы ад штучнага інтэлекту, хто з іх будзе паспяховым на той ці іншай працы», — сцвярджае Фрыда Полі, заснавальніца Pymetrics.

Распрацоўкай праграмнага забеспячэння для падбору персаналу таксама займаецца амерыканская кампанія HireVue. Яго сістэма штучнага інтэлекту запісвае відэа кандыдатаў, якія адказваюць на пытанні праз вэб-камеру і мікрафон свайго ноўтбука. Потым штучны інтэлект ператварае гук у тэкст, які пасля аналізуе на наяўнасць ключавых слоў. Напрыклад, выкарыстанне займенніка «я», а не «мы» ў пытаннях пра камандную работу. На аснове гэтага аналізу працадаўца можа або адхіліць заяўку кандыдата, або правесці з ім суразмоўе ўжывую.

Мяркуецца, што штучны інтэлект заменіць 16% працоўных месцаў у рэкрутарскім сектары да 2029 года.

Кевін Паркер, дырэктар HireVue, перакананы, што штучны інтэлект значна больш аб’ектыўны за чалавека ў ацэнцы кандыдатаў.

Прадстаўнікі Pymetrics сцвярджаюць, што сістэма іх кампаніі забяспечвае справядлівасць. «Рэзюмэ можа даць інфармацыю аб прафесійных навыках, але часта якраз асабістыя якасці прыводзяць да поспеху на працы», — кажа Фрыда Полі.

Аднак сістэмы штучнага інтэлекту для найму на працу яшчэ маюць шмат праблем. Па-першае, узнікаюць складанасці з тым, што штучны інтэлект далёка не заўсёды разумее, што менавіта кажа чалавек. Напрыклад, галасавыя памочнікі ад Google, Amazon ці Apple усё яшчэ не здольныя разабраць шатландскі акцэнт. Таксама яны не распазнаюць незвычайных слоў ці выразаў.

Па-другое, штучны інтэлект не дае рады распазнаванню сэнсу таго, што сказаў кандыдат. Трэба ўлічваць семантыку, кантэкст і іншыя нюансы сказанага, што пакуль што па сілах толькі homo sapiens.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?