Іван Канявега

Іван Канявега

Івана ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў на машыне ДАІ: уначы 10 жніўня ён двойчы стукнуў па ёй, каб прыцягнуць увагу даішнікаў і спыніць яе перад натоўпам. У выніку яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: спачатку за наўмыснае пашкоджанне маёмасці, а пазней яшчэ за грубае парушэнне грамадскага парадку і нават за гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў. Пацярпелымі выступілі даішнікі Раманоўскі і Раткевіч, якія прызналіся на судзе, што з-за сітуацыі, у якой натоўп акружыў іх машыну, яны зазналі страх, бяссонне і павышаны ціск. «Я адчуў маральную шкоду», — сказаў адзін з іх.

Сястра Марына і нявеста Таццяна

Сястра Марына і нявеста Таццяна

12 жніўня мама Івана атрымала ад яго паведамленне: «За мной прыйшлі». Некалькі дзён блізкія не ведалі, што з хлопцам. Яны раздзяліліся і сталі шукаць яго па РУУСах ды ІЧУ, знайшлі адваката, напісалі заяву аб знікненні чалавека.

«Мы з мамай паехалі да Акрэсціна, — расказвае Марына. — Там было шмат бацькоў, якія шукалі сваіх дзяцей, адна жанчына плакала і казала, што лепш бы забралі яе, чым дачку. Некаторыя з гэтых людзей дагэтуль стаяць перад вачыма, яны хадзілі там такія згубленыя. А калі мы ў прыгнечаным стане вярталіся, уздоўж дарог стаялі дзяўчаты ў белым адзенні, і мама ледзь не кожнай з іх кланялася, для яе гэта была вялікая падтрымка. У мяне не было часу падумаць, пакуль я была занятая і нешта рабіла. А потым наступіла паўза — помню, я ішла на сустрэчу з сябрамі і ў нейкі момант разрыдалася так, што забыла, як дыхаць».

Праз некаторы час пазваніў следчы і сказаў, што родныя могуць сустрэць Івана. Хлопец выйшаў і не мог зразумець, чаму да яго ўсе кінуліся і сталі аглядаць цела: на шчасце, гвалт за сценамі Акрэсціна яго не закрануў.

Некалькі месяцаў сям’і здавалася, быццам усё сышло на нішто, думалі нават, што справу закрыюць: яна ж бязглуздая. Аказалася, што наадварот, усё толькі закручвалася, і ў снежні пачаліся актыўныя дзеянні — на допыты ў Следчы камітэт выклікалі самога Івана, а таксама яго сваякоў, сяброў ды ўсіх, з кім ён размаўляў па тэлефоне ў тую ноч. Маці дапытвалі тры гадзіны. Урэшце Івана запрасілі азнаёміцца з матэрыяламі справы і там жа затрымалі.

«Мы не чакалі затрымання, — кажа Таццяна. — Гэта быў адзіны раз, калі Ваня ішоў у Следчы камітэт, і ні ў мяне, ні ў яго мамы не было дурнога прадчування. Раней я кожны раз хадзіла з ім — праводзіла і сустракала, а гэтым разам толькі спытала, у колькі ён будзе, Ваня напісаў, што вернецца а васямнаццатай, а я адказала: «Да сустрэчы». У Следчым камітэце яму прапанавалі прызнаць віну, а калі ён адмовіўся, сказалі, што ён небяспечны, можа з’ехаць з краіны, і змянілі меру стрымання на ўтрыманне пад вартай. Яго ўжо чакаў канвой».

Дзяўчыны ведаюць, што з’язджаць Іван нікуды не збіраўся: навошта з’язджаць, калі ты невінаваты і тваё сумленне чыстае. З хлопцамі ў камеры ён сышоўся ў меркаванні, што за кратамі ім спакайней, чым калі б яны з’ехалі. Між тым досвед жыцця за мяжой у Івана ёсць. Але ў 2014 годзе ён вярнуўся ў Беларусь, каб даглядаць за бацькам пасля інсульту.

Падышла да кратаў і кажу: «Згодны?»

«У нашай сям’і я песіміст, а Ваня — аптыміст, — расказвае Марына. — Перад судом Іван пісаў: «Хутка пабачымся, суд адбудзецца, я выйду і мы абнімемся». А я сачыла, што каму прысуджаюць, і напісала, што не была б такой аптымістычнай. Але нават я — песіміст — не думала, што яму запросяць тры гады, таму была ў шоку».

Абвяшчэнне пастановы суда было прызначана на наступны дзень. Таццяна разумела, што цуд адбудзецца наўрад ці, таму вырашыла стварыць яго сама — прыняла для сябе рашэнне і напісала хлопцу ліст, у якім прапанавала ажаніцца.

«А потым я іду дадому і думаю: «Навошта ліст, калі я магу зрабіць яму прапанову на судзе?». Я рыхтавалася, малявала вечарам плакаты, выбірала, які будзе лепш відаць здалёк. Калі суддзя зачытала прысуд і выйшла з залы, я дастала плакат і паказала Ваню. З аднаго боку было напісана, што я яго кахаю, а на другім: «Ванюша, стань маім мужам, калі згодны, кіўні ў адказ». Ён з такімі вялікімі вачыма стаяў і глядзеў на мяне. І тут ён кіўнуў. Я падышла да кратаў і кажу: «Згодны?», — а ён мне адказвае: «Так!». Яго выводзіў канвой, але ён быў у прыўзнятым настроі».

Потым хлопец распавядаў, што калі прыйшоў у камеру, яму сказалі: «Ты, канечне, прабач, але мы рады, што ты вярнуўся». А на навіну пра жаніцьбу: «Тады давай адзначаць, заварвай гарбату».

Калі Марына прыйшла на абвяшчэнне суда, перад дзвярыма ў залу зразумела, што не можа туды зайсці. «Навошта сядзець і рыдаць перад братам, навошта яму гэта бачыць. Раптам усе пачалі выходзіць. Я падумала, што перапынак, а аказалася, усё — далі столькі, колькі запрошваў пракурор. Я і да гэтага быццам была падрыхтаваная, але ўсё роўна мяне падкасіла».

«Перад судом было цяжка, — дзеліцца Таццяна, — Проста балела і гарэла ўсё унутры, але чамусьці калі прысуд агучылі, мяне быццам адпусціла, нават апетыт з’явіўся, хоць я ўжо тры дні не магла прымусіць сябе з’есці лыжку ёгурта. Раней быў страх невядомасці, а тут усё зразумела, можна складаць пункты, што рабіць далей, каб дапамагчы Ваню і каб яму было больш камфортна».

Таццяне ўдалося атрымаць дазвол на тры спатканні з Іванам. Першае прайшло 30 снежня, другое — на наступны дзень пасля прапановы ажаніцца. «На першым мы, канечне, крыху паплакалі: было балюча, незразумела, мы не ведалі, чаго чакаць. А на другім наадварот смяяліся, ён падзякаваў мне, сказаў, што моцна кахае і ў нас рана ці позна ўсё будзе добра. Самае цікавае, што ў гэты ж дзень яго сябру прыйшоў ліст, у якім дзяўчына таксама зрабіла прапанову ажаніцца, — так у камеры з’явілася адразу два жаніхі. Я яму сказала: «Тры гады дык тры гады». Я гатовая да любога тэрміну. Галоўнае, каб ён не зламаўся духам, і я буду рабіць для гэтага ўсё, што ад мяне залежыць».

«Ужо думаю, можа, дарэмна пераехала ў Кіеў»

«Я веру, што ён не будзе сядзець тры гады, — кажа сястра. — Іван вельмі свабодны, жыццярадасны, ён дапамагае людзям, намагаецца зрабіць свет лепшым. У яго столькі сяброў, што калі з ім ідзеш па горадзе, можна не дайсці. На абвяшчэнне прысуду прыйшлі толькі самыя блізкія, і тое іх было столькі, што нават тата, у якога заўсёды было шмат сяброў, здзівіўся. Іван дакладна не той чалавек, які павінен сядзець у турме. На пратэсце ён наадварот супакоўваў іншых і адцягваў ад магчымых сутычак. Артыкул за гвалт — гэта абсалютна не пра яго, ён не здольны на агрэсію. Мне цяжка прыняць, што мой брат пазбаўлены волі, пазбаўлены кніг, якія яму нельга перадаць, гэта несправядліва і вельмі балюча. Ці выйдзе ён такім жа праз тры гады? Мне здаецца, такі досвед адбіваецца на псіхіцы любога чалавека, нават самага моцнага». 

Пасля жніўня Марына пераехала ў Кіеў і стала арганізоўваць жыццё ў новым горадзе, але затрыманне і прысуд брата паставілі яе планы пад пытанне. Цяпер ёй трэба рыхтаваць перадачы, падтрымліваць бацькоў, займацца справамі Івана. «Жыццё змянілася і ў асабістым плане, і ў эмацыйным, бо ўсё гэта трэба неяк пераносіць і неяк з гэтым жыць. З’явілася шмат клопатаў, якіх дагэтуль не было. Ужо думаеш, можа, дарэмна паехала ў Кіеў, можа, трэба вяртацца. Пакуль мне дазволілі вярнуцца ў Мінск і працаваць дыстанцыйна, а там будзе бачна».

Некалькі разоў Марына лавіла сябе на тым, што бярэ тэлефон і хоча нечым падзяліцца з братам альбо адправіць яму фатаграфію. «Ёсць адчуванне, што ён недзе побач, можа табе адказаць, падтрымаць цябе. Напэўна, я звярнуся да псіхолага, бо назіраю за сабой неадэкватныя рэакцыі: магу мыць посуд і разрыдацца. Мне стала складана працаваць — справы Івана вымагаюць часу, да таго ж цяжка ўвайсці ў адпаведны стан, таму часта даводзіцца працаваць вечарам ці ноччу».

«Мы з Ванем кожны дзень былі разам, у нас былі свае маленькія радасці, штодзённыя рытуалы, — кажа нявеста, — Мне яго вельмі не хапае: цяпер і духоўную блізкасць мы можам падтрымліваць толькі праз лісты, і фізічна я яго не адчуваю. Але я ўвесь час з ім размаўляю, раюся».

Іван кажа, што распавядаць яму асабліва няма чаго, таму часам піша агульныя лісты для сястры і нявесты. І гэтыя лісты дзяўчынам вельмі дапамагаюць. «Яны ўсе светлыя, ён падтрымлівае нас, нават калі сядзіць у СІЗА, маўляў, у яго там усё добра, ледзь не санаторый. Такое адчуванне, што ён больш перажывае аб тым, каб мы тут не перажывалі за яго. Ён хоча, каб мы жылі тым жа жыццём, яму будзе прыемна ведаць, што мы шчаслівыя, усміхаемся і чакаем яго».

У перадачах дзяўчыны рыхтуюць хлопцу шмат зеляніны, гародніны, свежай выпечкі. «Ён просіць нешта незвычайнае. Я перадавала яму сушаныя імбір і манга — ён сказаў, што кайфануў. Ведаю, што кедравымі арэшкамі разлічваўся за мадэльную стрыжку», — расказвае Марына, а Таццяна працягвае: «Яго там нехта пачаставаў нугой, і ён папрасіў нугу без арэхаў. Мы шукалі-шукалі, перадалі, але ў выніку ён сказаў, што гэта не тое, давайце жэлацінкі. Мы атрымліваем шмат новага досведу — сустракаць сяброў у чарзе на перадачу, браць дазвол на шлюб у суддзі».

Арышт і прысуд роднаму чалавеку прымусіў дзяўчын па-іншаму паглядзець на свет. Таццяна страціла веру ў людзей і стала больш асцярожнай. А Марына не разумее, як з некаторымі далей жыць побач: «Мы ведалі, у якой краіне жывем, але цяпер нешта быццам падкалупнулі і адтуль палезла гніль. Раней ты ад яе сыходзіў ва ўнутраную эміграцыю, маўляў, ёсць мы, а ёсць нейкія людзі, вось наша музыка і кавярні, а ў іх Баскаў і трактары. І цяпер цябе прымушаюць любіць Баскава і трактары, выбірай, ты з намі ці не з намі, а калі не з намі, то ты лішні чалавек. Мы разумеем, што ўсё гэта палітычна матываваныя тэрміны, што гэта помста ўлады за меркаванне, за тое, што пасмеў, выйшаў, сказаў, і гэта патрэбна для застрашвання іншых». 

Таццяна яшчэ не вырашыла, што надзене на роспіс, але ў яе будзе букецік, а ў жаніха бутаньерка. А пярсцёнкі яны абяруць разам, калі Іван выйдзе на свабоду. Пасля рэгістрацыі шлюбу ім мусяць даць пятнаццаць хвілін пагаварыць. «Фатаграфавацца нельга, не ведаю, што там наконт пацалунка», — смяецца. У камеру яна перадасць што-небудзь смачнае. Хлопцы завараць гарбату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?