Прэм`ер‑міністр Расіі Уладзімір Пуцін заявіў пра неабходнасць фарміравання адзіных умоў выдзялення датацый сельгасвытворцам Расіі і Беларусі.

5 чэрвеня ў Белгародскай вобласці на сустрэчы з губернатарамі шэрагу цэнтральных абласцей краіны і прадстаўнікамі сельгаспрадпрыемстваў кіраўнік урада даў зразумець, што Расія гатова прыняць меры па абароне сваіх вытворцаў, паведамляе РІА «Новости».

Паводле слоў У.Пуціна, датацыі, якія Беларусь выдзяляе сваім вытворцам цэльнага малака, дасягаюць 24%, у той час як у Расіі гэтыя датацыі складаюць толькі 3%.

Прэм`ер‑міністр паведаміў, што закранаў гэтую тэму пры зносінах з беларускімі партнёрамі і тыя выказалі гатоўнасць абмяркоўваць пытанне аб датацыях на перамовах.

Пры гэтым У.Пуцін падкрэсліў: «Я добра ведаю, у якім рэжыме гэтыя падыходы выпрацоўваюцца з нашымі калегамі — гэта можа быць доўга, таму я цяпер даў указанне мытнай службе сфармуляваць прапановы, якія б дазволілі нам стварыць неабходныя ўмовы для вядзення гэтага перамоўнага працэсу».

Губернатар Белгародскай вобласці Яўген Саўчанка, які браў удзел у нарадзе, паведаміў, што імпарт цэльнага малака з Беларусі ў Расію складае 2 млн. тон у год. «Беларусь сёння знішчае нашу малочную галіну. Можа, гэта робіцца мэтанакіравана», — сказаў губернатар.

У.Пуцін пагадзіўся з гэтым часткова: «Гэта, вядома, робіцца не мэтанакіравана».

«Я пра гэта [датацыі] Аляксандру Рыгоравічу сказаў. Ён чалавек арыгінальны, адказ у яго быў такі: «Няхай вашы не пішчаць, няхай зніжаюць выдаткі», — сказаў прэм`ер‑міністр.

Ён таксама паведаміў, што на перамовах з міністрам сельскай гаспадаркі Беларусі абмяркоўвалася пытанне аб умовах, на якіх расійскія інвестары, што пажадалі набыць беларускія сельгаспрадпрыемствы, змогуць пастаўляць прадукцыю ў Расію.

«Я яму сказаў: мы цяпер збіраемся зрабіць адзіную мытную прастору, і нашы інвестары збіраюцца набываць вашы прадпрыемствы, і мы павінны выстраіць адзіную сістэму рэгулявання і датавання ў сельскай гаспадарцы. На пытанне Аляксандра Рыгоравіча, ці змогуць яны пастаўляць [прадукцыю] як захочуць, я кажу — не, яны павінны працаваць па адзіных правілах. А калі яны будуць карыстацца вашымі прывілеямі, мы вымушаны будзем іх прадукцыю на расійскім рынку закрыць», — сказаў У.Пуцін.

1 чэрвеня ў інтэрв`ю буйным расійскім друкаваным выданням А.Лукашэнка абвінаваціў Расію ў абмежаванні паставак беларускіх прадуктаў, якія таннейшыя дзякуючы дзяржпадтрымцы сельскай гаспадаркі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0