Цыклон, які фарміруе надвор'е ў Беларусі, днём 5 чэрвеня зноў выклікаў навальніцу, град і парывісты вецер.

Як паведамілі БелаПАН у Рэспубліканскім гідраметэацэнтры,

ва ўсіх абласцях, за выключэннем Гомельскай і Магілёўскай, месцамі прайшоў град. Найбольш буйным ён быў у Віцебску (9 мм) і Івацэвічах Брэсцкай вобласці (8 мм).

Парыў ветру да 19 м/с зафіксаваны ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць), да 18 м/с — у Кастрычніцкім (Гомельская). Найбольшая колькасць ападкаў выпала ў Слуцку (Мінская) — 14 мм, або 14 літраў вады на квадратны метр тэрыторыі.

1 чэрвеня ў Лепелі (Віцебская вобласць) і Мар'інай Горцы (Мінская) выпаў град дыяметрам 1 см.

6 чэрвеня ў Беларусі будзе воблачна з праясненнямі. Месцамі кароткачасовыя дажджы, днём магчымыя навальніцы. Вецер пераменных напрамкаў 4—9 м/с, пры навальніцах парывы да 14 м/с. Тэмпература паветра ноччу плюс 2—8°C, на тарфяніках Палесся замаразкі ад 0 да мінус 2°C, днём плюс 12—18°C, на паўднёвым захадзе да плюс 21°C.

БелаПАН