5 лютага суд Жлобінскага раёна прызнаў Дзмітрыя вінаватым у тым, што 10 жніўня ён каля Жлобінскага ДК «удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, кідаў камяні ў бок міліцыі і ў аўтазакі», — і прысудзіў два гады калоніі.

Экспертыза прыйшла да высновы, што, нягледзячы на праблемы з паводзінамі, хлопец можа адказваць за свае дзеянні — і таму павінен несці пакаранне.

«Дзіма і масавыя беспарадкі? Вы сур'ёзна?»

Маці Дзмітрыя Вольга расказвае, што, калі 28 жніўня па яго сына прыйшлі і забралі з дому, для сям'і быў сапраўдны шок.

— Я была на працы. Суседзі патэлефанавалі мне і сказалі, што Дзіму шукае Следчы камітэт. Потым патэлефанавала дачка і распавяла, што прыехалі нейкія людзі, паклікалі Дзіму, ён моўчкі зайшоў дадому, узяў байку і сышоў. Увечары патэлефанаваў адвакат і паведаміў, што Дзіму затрымалі за масавыя беспарадкі, у якіх ён удзельнічаў. Я яшчэ вельмі здзівілася, памятаю: «Дзіма і масавыя беспарадкі? Вы сур'ёзна?» Як аказалася, усё гэта вельмі сур'ёзна.

— Чаму вы так здзівіліся?

— Тады мне гэты выраз здаўся нейкім дзіўным. Гэта ўжо цяпер я бачу, што ўсіх цяпер за гэтыя масавыя беспарадкі саджаюць. Ну і я ведаю лепш за ўсіх свайго сына: ён не агрэсіўны, вельмі даверлівы, з усім згаджаецца — асабліва з тымі, хто можа пераканаць.

Праз тры дні Дзмітрыя выпусцілі.

Ужо пазней Вольга даведалася, што ён даў прызнальныя паказанні.

Пасля гэтых сутак у зняволенні, успамінае жанчына, Дзіму нібы падмянілі: ён быў падаўлены, не спаў начамі, хоць раней на бяссоніцу не скардзіўся. Але Вольга была ўпэўненая, што з гэтым яны дакладна справяцца і неўзабаве іх непрыемнасці скончацца.

— Калі зачыталі прысуд, я проста не магла паверыць. Як — два гады? Тут жа да яго падышоў канвой, Дзіма заплакаў: «Мама, я не хачу!» — Вольга да гэтага трымалася, а цяпер плача.

У гэтай гісторыі, кажа Вольга, яе трывожаць два моманты. Па-першае, ёй не зразумела, на якой падставе следства зрабіла высновы, што сын удзельнічаў у беспарадках.

Міліцыянты, якія выступалі ў судовым працэсе ў ролі пацярпелых, сказалі, што ніякіх пашкоджанняў не атрымалі. Ніякіх відэа- і фотадоказаў таго, што Дзмітрый рабіў тое, у чым яго абвінавачвалі, таксама ў судзе не было. Так, хлопец яшчэ на этапе следства даў прызнальныя паказанні — але Вольга да такіх паказанняў сына ставіцца крытычна.

— Я не ведаю дакладна, ці быў ён ля ДК у той вечар і не ведаю, ці кідаў ён камень, як яго абвінавачваюць — але ведаю, што сын вельмі ўнушаемы. Што яму скажуць рабіць — тое ён і робіць. Я дапускаю, што ён паўтараў свае паказанні за тымі, хто яму нешта казаў ці абяцаў. Не ведаю. Цяпер ён паўтараў на ўсе пытанні суда: «Так, кідаў».

Ёсць пытанне, якое цяпер ірве матчына сэрца на часткі: як з такім дыягназам сын будзе ў калоніі? Да зусім самастойнага жыцця Дзіма не прыстасаваны і мае патрэбу ў пастаяннай апецы і доглядзе.

— Сам ён, можа, і прыстасуецца да ўмоваў, у якія трапіў. Але ці прыстасуюцца да яго тыя, хто будзе побач? У Дзімы пастаянныя энурэзы, ёсць спецыфіка паводзін падчас прыёмаў ежы. І гэта далёка не ўсе могуць успрымаць нармальна. Дома мы ўвесь час за ім сачылі, кантралявалі. Устаў раніцай — ложак мокры: памянялі ўсё, памылі. Але сам ён можа гэта ж мокрае бруднае надзець і пайсці. Што там з ім будзе, уяўляеце?

Жанчына кажа, што не мае намеру здавацца: збіраецца падаваць апеляцыю ў суд вышэйшай інстанцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?