Шульжыцкі працуе настаўнікам фізкультуры. 21 кастрычніка ён ішоў па цэнтры Ашмянаў, калі да яго пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі паўдзельнічаць у ператрусе ў якасці панятога. Шульжыцкі бачыў, як Вярбіцкі рве дакумент, які яму далі супрацоўнікі, а пасля ён жа разбіў тэлефон аб машыну. Па словах сведкі, аніякай агрэсіі з боку абвінавачанага не заўважыў.

Шульжыцкага адвезлі назад у Ашмяны, далей ён камунікаваў толькі са следчым на папярэднім следстве.

Адвакат Крывалапаў хадайнічаў аб выкліку сведак Мулінковай і Мардовіч, якія былі ў чаце «Ашмяны», дзе абвінавачаны пакінуў каментары, што ляглі ў аснову крымінальнай справы. Мулінкова і Мардовіч паяснілі, што не ўспрынялі гэтыя допісы сур’ёзна. Абедзве сказалі, што ўспрынялі каментары ў тэлеграм-чаце як жарт.

Абаронца Вярбіцкага заўважыў, што паведамленні Вярбіцкага дагэтуль застаюцца даступнымі ў чаце «Ашмяны».

— Мой падабаронны абвінавачваецца не ў закліках да акту тэрарызму. Яго абвінавачваюць у асабліва цяжкім злачынстве. Апошні раз такое абвінавачванне тычылася выбуху ў метро ў Мінску. Органы папярэдняга следства і далей дзяржаўны абвінаваўца ўспрымаюць дзеянні майго падабароннага як звыш павышаную грамадскую небяспеку — акт тэрарызму. То чаму не прынятыя ўсе меры, каб гэтыя допісы ў тэлеграм-канале былі ліквідаваныя? — запытаўся абаронца.

Сам Вярбіцкі заявіў, што суд па яго справе — гэта паказальны працэс.

У судзе праглядзелі відэазапіс ператрусу, суддзя яшчэ раз даследавала вынікі камп’ютарна-тэхнічнай экспертызы. Дзяржаўны абвінаваўца хадайнічаў аб выкліку Бяляева, які быў панятым пры ператрусе ў Вярбіцкага. Абвінаваўца абяцаў забяспечыць яўку Бяляева, бо ён праходзіць тэрміновую службу ў арміі.

Наступнае пасяджэнне пройдзе 16 лютага.

14 кастрычніка Іван Вярбіцкі пакінуў некалькі каментарыяў у тэлеграм-чатах «Ашмяны» і «Астравец для жыцця», якія абвінавачванне расцэньвае як акт тэрарызму. 21 кастрычніка Вярбіцкі разарваў пастанову аб ператрусе. У той жа дзень у доме бацькоў у Гальшанах, дзе жыў Вярбіцкі, падчас ператрусу знайшлі некалькі дзясяткаў патронаў і порах.

Вярбіцкага абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. У тым ліку і ў акце тэрарызму.