Міністр фінансаў Расіі прапаноўвае сур'ёзна прааналізаваць мэтазгоднасць пераходу на адзіную валюту з Беларуссю, паведамляе РІА Новости.

Падчас сустрэчы з журналістамі 6 чэрвеня ў ходзе Санкт-Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму Аляксей Кудрын заявіў:

"З пазіцыі Мінфіна трэба сур'ёзна паглядзець на мэтазгоднасць пераходу на адзіную валюту з Рэспублікай Беларусь у сувязі з нявызначанасцю дзеянняў беларускага ўрада".

Пры гэтым кіраўнік Мінфіна зазначыў, што да апошняга часу пытанне аб пераходзе на адзіную валюту заставалася на парадку дня.

Кудрын таксама лічыць, што адмова прэзідэнта Лукашэнкі ад прапановы Расіі перайсці на адзіную валюту ў свой час была памылкай.

Ідэя ўвядзення расійскага рубля ў якасці адзінай валюты абмяркоўваецца кіраўніцтвам Расіі і Беларусі ўжо каля 15 гадоў. Планавалася, што з 1 студзеня 2005 года расійскі рубель стане адзіным плацежным сродкам на тэрыторыі дзвюх краін, а 1 студзеня 2008 года ў саюзнай дзяржаве будзе ўведзена адзіная валюта.

Планам не суджана было здзейсніцца з-за прынцыповых рознагалоссяў бакоў па шэрагу пазіцый, у тым ліку па пытаннях стварэння адзінага эмісійнага цэнтра. У Мінску заявілі, што ўвядзенню адзінай валюты павінна папярэднічаць стварэнне адзінай эканамічнай і мытнай прасторы, а таксама роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання і насельніцтва ў эканоміцы і сацыяльнай сферы.

3 лютага 2009 года пасля пасяджэння вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы памочнік прэзідэнта Расіі Сяргей Прыходзька паведаміў журналістам, што Расія і Беларусь распрацавалі план сумесных дзеянняў па ўвядзенні адзінай валюты — рубля, разлічаны на адзін год.

9 лютага міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў у эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала заявіў: «Пытанне аб увядзенні расійскага рубля ў якасці адзінай валюты саюзнай дзяржавы ні на праведзеным ВДС, ні падчас яго падрыхтоўкі, ні наогул, шчыра кажучы, за апошнія два-тры гады ніхто на сур'ёзным узроўні не ставіў».

Ён удакладніў, што на вышэйшым дзяржсавеце гаворка ішла пра ролю расійскага рубля як рэгіянальнай рэзервовай валюты на постсавецкай прасторы ў якасці валюты, якая б выкарыстоўвалася пераважна ў разліках.

Мартынаў падкрэсліў, што беларускі бок заўсёды выступаў за пераход на адзіную валюту. «Але гэта павінна быць завяршэннем працэсу — гарманізацыі эканомікі, узаемадзеяння эканомікі», — сказаў ён.

20 сакавіка пасля пасяджэння сумеснай калегіі міністэрстваў фінансаў Беларусі і Расіі ў Мінску Аляксей Кудрын заявіў, што для ўвядзення ў рамках Саюзнай дзяржавы адзінай валюты патрэбныя больш стабільныя эканамічныя ўмовы.

«Прапановы па ўвядзенні адзінай валюты ёсць. Механізм увядзення такой валюты распрацаваны, падрыхтаваны неабходныя нарматыўныя дакументы», — сказаў ён. Пры гэтым кіраўнік Мінфіну Расіі зазначыў, што «ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу ёсць свае за і супраць у адносінах да гэтага пытання».

«Я б асцеражней ставіўся да гэтага цяпер, калі ёсць значныя змены ў плацежных балансах нашых краін, ёсць істотныя змены ў валютных рэзервах», — заяўляў тады Кудрын.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?