Суд Цэнтральнага раёна арыштаваў сёння на 15 сутак аўтамабіліста Паўла Падаляку, які ўчора сігналіў на праспекце Незалежнасці. Каля 9-й раніцы яго спыніў рэгуліроўшчык каля цырка і сказаў, што яму перадалі па рацыі, што ён «падаў гукавы сігнал». З супрацоўнікам ДАІ Павел на сваёй машыне праехаў у Цэнтральнае РУУС. І там ва ўнутраным дворыку за закрытай брамай ён нібыта адмовіўся прайсці ў РУУС, пачаў упірацца нагамі і хапацца за форменнае абмундзіраванне супрацоўніка. На яго склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП за непадпарадкаванне. Але ў РУУС яму прапаноўвалі падпісаць пратакол, што ён стаяў на Незалежнасці і выкрыкваў лозунгі.

У судзе дапыталі сведку-супрацоўніка, на што Павел Падаляка сказаў: «Дзе ў чалавека сумленне? Усё, што кажа сведка, глупства, а дурных пытанняў у мяне няма».

Суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў Паўла вінаватым па арт. 23.4 КаАП і арыштаваў яго на 15 сутак.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?