Лідзія Ярмошына назвала аптымальную дату для правядзення рэферэндуму па Канстытуцыі. Пра гэта старшыня ЦВК заявіла ў інтэрв'ю Sputnik, піша Tut.by.

Яна не змагла дакладна сказаць, калі пройдзе рэферэндум.

— [Мясцовыя] выбары павінны прайсці не пазней за 18 студзеня наступнага года. Такім чынам рэферэндум пройдзе ў гэтыя ж тэрміны. Хутчэй за ўсё, гэта канец гэтага года. Лепш гэта зрабіць у сярэдзіне снежня, — заявіла Ярмошына.

На яе думку, выбары і галасаванне на рэферэндуме вельмі проста сумясціць, бо гэта два выбарчыя бюлетэні.

— Гэта наадварот самы выгадны варыянт. У нас рэферэндум, як правіла, сумяшчаўся з выбарчай кампаніяй. Дастаткова ўспомніць рэферэндум 2004 года — гэта сумяшчэнне з парламенцкімі выбарамі. Рэферэндум 1996 года часткова сумяшчаўся з выбарамі ў мясцовыя органы ўлады, — нагадала Ярмошына.

Кіраўніца ЦВК звярнула ўвагу, калі рэферэндум праводзіцца асобна, заўсёды ёсць праблемы з фінансаваннем.

— Бо грошы на рэферэндум ніколі не плануюцца. Гэта заўсёды такое спантаннае рашэнне. А вось грошы на выбары дэпутатаў ці прэзідэнта ёсць заўсёды ў бюджэце. Таму рэферэндумы заўсёды імкнуцца сумясціць, — рэзюмавала яна.

11 лютага, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на працягу гэтага года праект Канстытуцыі будзе гатовы, а ў пачатку 2022 года — вынесены на рэферэндум. 12 лютага ён паведаміў, што рэферэндум могуць сумясціць з правядзеннем мясцовых выбараў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?