Пасла Кітая Се Сяоюна не было сярод іншых дыпламатаў на «Усебеларускім народным сходзе».

Пры гэтым вядома, што адпаведнае запрашэнне, як і кіраўнікі астатніх дыпмісій, Сяоюн атрымаў. «Згодна з пратакольнымі правіламі, беларускі бок аднолькава ставіцца да ўсіх кіраўнікоў дыпламатычных місій», — адказалі ў Міністэрстве замежных спраў на пытанне «Нашай Нівы». 

Аднак яшчэ ў панядзелак, 8 лютага, БелТА публікавала вялікае інтэрв'ю кітайскага пасла. 

Ці магчыма, што пасол не захацеў ісці праз рызыку каранавіруса? Кітайцы дома праводзяць у гэтым сэнсе строгую палітыку. Але гэтая версія выглядае спрэчна — вядома, што дыпламаты не цалкам самастойныя ў сваіх дзеяннях, бо выконваюць загады свайго міністэрства. Кітайцы тут надзвычай кансерватыўныя — пасол можа праігнараваць мерапрыемства ў іншай краіне, калі з «цэнтра» не прыйшло каманды туды ісці.

Се Сяоюн, фота БЕЛТА

Як было ў мінскім выпадку, незразумела. Тэхнічная гэта ці палітычная адсутнасць? Мы накіравалі адпаведны запыт у пасольства. 

Вядома, што нягледзячы на ўзнёслую палітычную рыторыку, наша гандлёвае сальда з Кітаем застаецца адмоўным, парк «Вялікі камень» працягвае існаваць у эмбрыянальным стане.

Ëсць падставы меркаваць, што Кітай расчараваны зрывам уступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Акрамя таго, Кітай негатыўна ўспрымае канфлікт Аляксандра Лукашэнкі з Польшчай, Літвой і Украінай, бо для рэалізацыі іх канцэпцыі «Пояса і шляху» важна, каб Беларусь мела добрыя адносіны з суседзямі з выйсцем да мора.

Варта адзначыць, што Кітай падтрымлівае роўныя і даволі цесныя эканамічныя сувязі з Украінай, якая атрымала свабодны доступ на прэміяльны еўрапейскі рынак.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?