Фота hi-tech.ua

Што гэта такое?

У ClubHouse нельга пісаць пасты і абменьвацца тэкставымі паведамленнямі — толькі камунікацыя голасам, без відэа. Карыстальнік стварае чат (тут ён называецца «пакой»), і тыя, каму цікава гэта тэма ці чалавек, далучаюцца да яго. Гаварыць могуць адначасова некалькі спікераў, калі хтосьці са слухачоў хоча выказацца, можна папрасіць дазвол у мадэратара. «Пакой» умяшчае да 5 тысяч чалавек.

Калі з’явілася сацыяльная сетка?

Яе запусцілі вясной 2020 года. Стваральнік — былы супрацоўнік Google Пол Дэвісан. Каб раскруціць сацыяльную сетку, у яе запрашалі селебрыці са свету музыкі, кіно, тэхналогій. Усплёск цікавасці адбыўся пасля таго, як Ілан Маск у канцы студзеня анансаваў сваю гутарку на гэтай платформе. Цяпер ClubHouse налічвае 2,4 мільёна карыстальнікаў.

Цікава, што падобную ідэю рэалізоўваюць і на базе іншых сацыяльных сетак: твітара, фэйсбука. Відаць, гэта рэакцыя на пандэмію і абмежаванасць жывой камунікацыі. Але каманда ClubHouse ўсіх апярэдзіла.

Як туды патрапіць?

Фішка ў тым, што гэта закрытая суполка. Трапіць у сацсетку можна толькі па запрашэнні таго, хто ўжо там. Або зарэгістравацца і чакаць, пакуль платформа вас пусціць (невядома, як хутка гэта здарыцца). У інтэрнэце ўжо прадаюцца запрашэнні — на беларускіх анлайн-барахолках па 20 рублёў. Але ёсць прапановы і па некалькі соцень даляраў — у закрытыя чаты па інтарэсах.

Як працуе?

Сацсетка даступна пакуль толькі для карыстальнікаў айфонаў. Пры рэгістрацыі ўказваеце, чым цікавіцеся, — і платформа прапануе гутаркі па вашых інтарэсах.

Пакоі бываюць публічныя (зайсці ў такі чат можа любы карыстальнік) і прыватныя. Як толькі гутарка пачынаецца, падпісчыкам спікера прыходзяць паведамленні пра гэта. Далучыцца да пакоя можна ў любы момант. Як толькі да гутаркі дадаецца новы слухач, паведамленні пра гэта рассылаюцца і яго падпісчыкам. Расклад запланаваных чатаў можна ўбачыць у календары. Так, седзячы ў кватэры ў Мазыры, маеце шанец задаць пытанні Марку Цукербергу ці Джарэду Лета.

Гутаркі тут толькі ў рэальным часе — яны не запісваюцца, іх нельга адматаць. Як толькі яны заканчваюцца, чаты выдаляюцца.

Калі падсумаваць, то спадабаецца тым, хто любіць падкасты (толькі тут яшчэ і пытанне эксперту задаць можна) і стаміўся ад рэкламы ў сацсетках (сюды яна пакуль не дабралася). 

А беларусы там ёсць?

Ёсць. Днямі, напрыклад, можна было пагутарыць з фудхантарам Кокобай, заснавальнікам PandaDoc Мікітам Мікада. Цяпер абмяркоўваюць, чат з кім варта адкрыць: Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Мікалаем Халезіным ці Вадзімам Пракоп’евым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0