Фота Tut.by

«Да мяне ломяцца ў дзверы. Трымайцеся, калегі. Мы нічога не парушаем», — напісаў прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў фб. Пост з'явіўся а 7.27 раніцы. Цяпер Гарэцкі не адказвае на тэлефанаванні.

Каля 7.50 пра тое, што да яго таксама «прыйшлі», паведаміў кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец. Прыйшлі і да намесніка старшыні арганізацыі Алега Агеева.

Пазней стала вядома, што Андрэя Бастунца забралі супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама. Дома ператрус не праводзілі, сказаўшы што ён будзе праводзіцца ў офісе БАЖ. 

Але прыехалі з ператрусам да жонкі Андрэя Бастунца Сабіны Брыло. Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі тэлефоны ў яе сына і ягонай дзяўчыны.

Пасля 9-й раніцы ў офісе БАЖ у бізнэс-цэнтры «Ветразь» на Кальварыйскай, пачаўся ператрус. Ператрус праводзяць супрацоўнікі, якія прадставіліся супрацоўнікамі МУС. У рамках якога артыкула праводзіцца ператрус, не ўдакладнілі.

Ператрус у офісе БАЖ скончыўся ў 12:05. Дзверы апячаталі.

Tut.by

Андрэй Бастунец, фота Белсат

Праводзіцца ператрус таксама ў офісе пазбаўленай рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі «Вясна»

***

Ператрусы сёння ад самай раніцы адбываюцца ў гомельскіх журналістаў Ларысы Шчыраковай і Анатоля Гатоўчыца.

У Магілёве ператрус праводзіцца на кватэры журналіста-фрылансера Алеся Буракова-малодшага, а таксама Аляксандра Буракова-старэйшага, піша «Вясна».

Паведамляецца, што адбываюцца ператрусы і ў праваабаронцаў Аляксея Колчына і Барыса Бухеля (Магілёў), Уладзіміра Целяпуна (Мазыр), Алены Маслюковай (Светлагорск), Андрэя Палуды.

Прайшоў таксама ператрус у бацькоў віцебскай праваабаронцы Ірыны Траццяковай. Забралі флэшку і кніжку «Маніторынг аддзяленняў міліцыі». Сама Ірына на волі.

Пачаўся ператрус у прэс-сакратара Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозкава Яўгеніі Парашчанкі.

У Брэсце прыйшлі з ператрусамі да бацькоў валанцёрак Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч. Тэлефон праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна недасяжны.

Праводзіцца вобшук у Мінску ў кватэры маці праваабаронцы Наталлі Сацункевіч.

Таксама вобшук быў у юрысткі Крысціны Рыхтэр (342 арт. КК), забралі тэлефон, дакументы, датычныя да дзейнасці БАЖ.

Вобшук у Гомелі таксама праходзіць у актывіста і валанцёра Валерыя Сляпухіна.

Магчыма, ідуць ператрусы ў Ігара Комліка, Андрэя Комліка-Ямаціна

Ад самай раніцы недасяжныя тэлефоны юрыста «Вясны» Паўла Сапелкі і праваабаронцы Змітра Салаўёва. Не адказваюць на тэлефонныя званкі лідар РЭП Генадзь Фядыніч і старшыня прафсаюзу Васіль Завадcкі.

Паведамляецца пра ператрус ва Уладзіміра Кацоры з Гомеля

У Рэчыцы міліцыя зладзіла ператрус у бацькоў праваабронцы, аднаго з лідараў фонду By_Sol Андрэя Стрыжака. Забралі дыск ад камп'ютара і стары мабільны тэлефон.

У Гомелі таксама прайшоў ператрус у настаўніцы Надзеі Лашэнка-Казаковай. У лістападзе яе з сяброўкай затрымала міліцыя за «адзенне пратэстных колераў». Таксама з раніцы па месцы рэгістрацыі актывісткі Святланы Кароль пад дзвярыма кватэры дзяжураць некалькі супрацоўнікаў у міліцэйскай форме. У кватэры нікога няма.

У кватэры бацькі журналіста Яўгена Меркіса адбыўся ператрус. Забралі тэхніку (камп'ютар брата і бацькі, тэлефоны).

Ператрус таксама прайшоў у гомельскага актывіста Іллі Міронава. Ён займаецца дапамогай тым, хто трапіў пад палітычны пераслед ці паводле артыкула 23.34 КаАП. Вядома што ў Міронава забралі ўсю тэхніку і тэлефоны

Паведамляецца, што магілёўскія праваабаронцы Колчын і Бухель затрыманыя.

У праваабаронцы з Рэчыцы Валерыя Пуціцкага не адказвае тэлефон. Ператрус у правааабаронцы і журналіста з Рэчыцы Андрэя Мядзведзева.

Пазней Следчы камітэт пракаментаваў ператрусы

«Следчым камітэтам працягваецца расследаванне крымінальнай справы па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя.

Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзена пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?