Фота Раман Юргель, harodniaspring.org

Справа разглядаецца ў судзе Ленінскага раёна Гродна. З пяці абвінавачаных на лаве падсудных засталося чатыры чалавекі — браты Уладзімір і Юрый Сідзянеўскія, сёстры Жанна Захарэвіч і Надзея Сцяпанцава.

Аляксандр Якубоўскі знік — цяпер абвешчаны ў вышук.

Справа тычыцца акцыі пратэсту, якая праходзіла 6 верасня. Тады гарадзенцы выйшлі на вуліцу ў некалькіх месцах. Былі сутычкі з АМАПам на вуліцы Гарнавых і каля ўніверсама «Брэст». Па гэтых эпізодах і абвінавачваюцца пяць чалавек.

У панядзелак дапытвалі пацярпелых супрацоўнікаў АМАПа. Першым выступаў «Віктар Дмухоўскі». Сваім хатнім адрасам ён назваў месца прапіскі гродзенскага актывіста Эдуарда Дмухоўскага. На пытанне, чаму ў афіцыйных дакументах ён указвае гэтыя звесткі, амапавец адказаў, што прыйшло ў галаву — і назваў».

Падчас дачы паказанняў супрацоўнік знаходзіўся за дзвярыма. Распавядаў, што людзі 6 верасня на вуліцы Гарнавых выкрыквалі антыўрадавыя лозунгі, потым сталі ў счэпку, штурхаліся і спрабавалі сарваць з сілавікоў маскі. Асабіста ён затрымаў трох ці чатырох чалавек. Аднак тое, што менавіта адна з абвінавачаных зрывала з яго балаклаву, ён дакладна сказаць не змог. Другую абвінавачваную ён не памятае. На яго твары засталася драпіна, была парваная балаклава. У бальніцу ён не звяртаўся, на бальнічным не быў.

Таксама выслухалі яшчэ двух пацярпелых амапаўцаў. Іх імёны зменены: гэта «Базылевіч» і «Мянько».

Пры гэтым «Юрыя Базылевіча «на вуліцы Гарнавых не было, ён знаходзіўся каля ўніверсама «Брэст». Там таксама «людзі стаялі ў счэпцы, ішлі на супрацоўнікаў, распылялі газ». Ён нікога не затрымліваў у той дзень. У якасці свайго адрасу ён назваў адрас гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчы. На пытанне, чаму менавіта гэтыя даныя, адказаў: «Гэта сакрэтная інфармацыя, мы засакрэчаныя».

Далей дапытвалі амапаўца «Ігара Мянько». Якія непасрэдна незаконныя дзеянні здзяйснялі абвінавачаныя, ён патлумачыць не змог.

У працэсе ўжо дапытаныя ўсе пацярпелыя і сведкі. На наступным пасяджэнні плануюць глядзець відэаматэрыялы справы.