Справу разглядае суддзя Вольга Малашэнка, дзяржабвінаваўца — Фёдар Сініцкі.

Ілля Толкач быў затрыманы 21 кастрычніка 2020 года і з таго часу знаходзіцца пад вартай.

Суддзя Вольга Малашэнка падтрымала пазіцыю дзяржабвінаваўцы і зачытала пастанову суда — 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

На тэрмін абскарджання прысуду Ілля Толкач быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Паводле абвінавачвання, як пішуць праваабаронцы, Ілля Толкач у ноч з 9 на 10 жніўня знаходзіўся на праезнай часцы каля архітэктурнага комплекса «Мінск — горад-герой» і прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях з іншымі пратэстоўцамі, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, што пацягнула парушэнне працы транспарту (дапамог незнаёмцу перанесці лавачку на праезную частку). Ілля Толкач публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні і не падпарадкоўваўся патрабаванням спыніць такія дзеянні.