Галоўны архітэктар Масквы Сяргей Кузняцоў, выступаючы на грамадскіх слуханнях па пытанні аб вяртанні помніка заснавальніку і кіраўніку ВЧК Феліксу Дзяржынскаму на Лубянскую плошчу, заявіў, што не супраць вяртання манумента, перадаюць «Адкрытыя медыя». Ён нагадаў, што на Лубянскай плошчы заўсёды нешта ўзвышалася, там магчымая дамінанта, гэта значыць ўсталяванне нейкага буйнога аб'екта.
Прыкладна ў тым жа ключы выказаўся і былы міністр культуры, а цяпер спецпрадстаўнік прэзідэнта РФ па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой. Аднак ён зазначыў, што помнік, які мог бы стаць такой дамінантай, павінен спрыяць кансалідацыі грамадства, «а не чарговай нязгодзе і звадзе з нагоды таго, хто там стаіць». Паводле яго слоў, на гэтым месцы можа стаяць помнік зусім не Дзяржынскаму, а, напрыклад, Юрыю Андропаву, які таксама «адыграў вялікую ролю ў жыцці гэтага месца».
Помнік Дзяржынскаму на Лубянцы, перад будынкам КГБ СССР (цяпер ФСБ РФ) быў адкрыты ў 1958 годзе, а знесены — у 1991-м пасля правалу спробы дзяржаўнага перавароту ГКЧП.
У пачатку лютага гэтага года прапуцінскія блогеры, пісьменнікі і журналісты, сярод якіх Захар Прылепін і Аляксандр Праханаў, звярнуліся да ўрада РФ з прапановай вярнуць Дзяржынскага на Лубянку.