Дар'я і Кацярына падчас першага пасяджэння 9 лютага. Фота Надзеі Бужан

Дар'я і Кацярына падчас першага пасяджэння 9 лютага. Фота Надзеі Бужан

Адвакаты падсудных — Сяргей Зікрацкі і Аляксандр Хаецкі.

Пасля перапынку суд абвясціў пастанову: паколькі шкода «Мінсктрансу» кампенсаваная цалкам, і прэтэнзій у прадпрыемства не маецца, вытворчасць па грамадзянскім пазове вырашана спыніць.

Далей у судзе працягнулі даследаваць доказы. У залу ўнеслі вялікую чорную сумку і скрынку, дзяржабвінаваўца Аліна Касьянчык паказала іх змесціва.

Згодна з тлумачальнай запіскай, у сумцы знаходзяцца рэчавыя доказы па справе: мабільныя тэлефоны, камп'ютары, флэш-назапашвальнікі, плэер, дыктафон, чатыры штодзённікі, паперы з запісамі, мікрафон, акумулятарны блок, перадатчык, штатыў, манішка сіняга колеру з надпісам Press, відэакамера, кабелі розных колераў.

Таксама ў скрынцы быў бел-чырвона-белы сцяг і розныя налепкі, пералічыла Аліна Касьянчык.

Cуддзя Наталля Бугук зачытала па-беларуску аналіз стрыму лінгвістам. Аўтар лінгвістычнай экспертызы — прадстаўнік Акадэміі навук, акадэмік Аляксандр Лукашанец.

Паводле яго, словы Андрэевай мелі «аб’ектыўную мадальнасць» і «нейтральны характар».

Эксперт адзначае, што словы Кацярыны Андрэевай не ўтрымліваюць заклікаў да нейкіх актыўных дзеянняў. Яна проста апісвала сітуацыю.

Затым адзін з адвакатаў падаў хадайніцтва аб перапынку для сувязі з яшчэ адным спецыялістам-лінгвістам. Пракурор была супраць, суддзя хадайніцтва адхіліла.

Такім чынам судовае следства скончанае.

Суд пераходзіць да спрэчак бакоў.

Пракурор запатрабавала для Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе Белсат.

Адвакат Дар'і Чульцовай Аляксандр Хаецкі кажа, што прадастаўленыя пракурорам у абвінавачванні аргументы не могуць быць доказам правапарушэння журналістак.

Дыскі з доказам не былі апячатаныя, таму ёсць сумневы, адкуль у следства ўвогуле гэтыя запісы. Ператрус праходзіў без санкцыі пракурора.

Сяргей Зікрацкі, адвакат Кацярыны Андрэевай падрыхтаваў для свайго выступа вялікую прэзентацыю.

Ён узгадвае падзеі паслявыбарнага перыяду і забойства Рамана Бандарэнкі.

«Улады ведалі, што на Плошчу Пераменаў прыйдуць людзі і мусілі арганізаваць іх бяспеку. Тысячы чалавек не маглі змясціцца на ходніках, таму цалкам лагічна, што яны выйшлі на дарогу. Улады мусяць выконваць права грамадзянаў на мірныя сходы. Нават калі сход не арганізаваны, нішто ня мусіць замінаць журналістам яго асвятляць.

Я упэўнены, што ніякіх дзеянняў, якія бы груба парушалі грамадскі парадак не было. Аднак следчыя ўсё ж завялі крымінальную справу і нават «расcледавалі» яе», — кажа Сяргей.

Па яго словах, суд праглядзеў толькі тыя запісы, якія запатрабавала дзяржабвінаваўца.

«Мы ж не можам убачаць агульную карціну і ўжо даказана, што ў словах Кацярыны няма заклікаў. Калі журналістка палічыла патрэбным спаслацца на нейкі тэлеграм-канал, то гэта цалкам яе права».

Дар'я Чульцова ўвогуле толькі здымала відэа і ніяк не каментавала падзеі, — дадаў Зікрацкі

«Я не здзяйсняла ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Усе матэрыялы паказваюць на маю невінаватасць. Я спадзяюся на сумленны і справядлівы апраўдальны прысуд», - сказала ў апошнім слове Дар'я Чульцова.

Кацярына Андрэева сказала, што апошнія шэсць гадоў яна прысвяціла журналістыцы. Цяпер ёй — 27. Апошні год яна часта працавала ў небяспечных умовах.

«Кожны раз, сыходзячы на працу, я рызыкавала сваім здароўем і жыццём. Тым не менш, я ішла ў эпіцэнтр падзей. Мне ўдавалася хавацца ад абстрэлаў гумовымі кулямі, выбухаў святлошумавых гранат, удараў дубінак.

Маім калегам пашанцавала значна менш. У іх прыцэльна стралялі, ламалі насы, але да гэтага часу па фактах гвалту над імі не заведзена ніводнай крымінальнай справы, як і над мірнымі пратэстоўцамі. 11 лістапада быў забіты Раман Бандарэнка за тое, што не дазваляў зрэзаць стужачкі.

15 лістапада на «Плошчу пераменаў» выйшлі людзі. Я паказвала гэтыя падзеі ў прамым эфіры. За гэта мяне кінулі ў турму паводле прыдуманага абвінавачвання. Прадстаўленыя доказы даказваюць маю невінаватасць. Я не здзяйсняла злачынства сама і не падбухторвала нікога да гэтага. <…> У мяне ёсць ўсё: маладосць, любімая прафесія, вядомасць і, галоўнае, чыстая сумленне.

Свае сілы я хачу прысвяціць на стварэнне, на пабудову Беларусі, у якой не будзе палітычных рэпрэсій. Я патрабую апраўдальнага прысуду для сябе, для сваіх калег і для сотняў палітвязняў»»

Прысуд будзе абвешчаны ў чацвер а 10-й гадзіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?