Фота «Гарадзенскай вясны»

Справу разглядала старшыня Гродзенскага раённага суда Ганна Чылека. Дзяржабвінаваўца — Марына Цярэшка.

Сёння Марына Цярэшка запатрабавала для Палтавец пакаранне ў выглядзе штрафу ў 150 базавых велічынь, Андрэю Апанасовічу 100 базавых, плюс канфіскацыю ў дзяўчыны ровара, а ў яго аўтамабіля.

Ганна Чылека абвясціла прысуд: 150 базавых — Палтавец (4350 рублёў), 100 — Апанасовічу (2900 рублёў).

Арышт на аўтамабіль пастанавілі зняць, паколькі ён па дакументах з’яўляецца уласнасцю іншага чалавека, а ровар у Палтавец канфіскавалі як сродак, з дапамогай якога здзейснена злачынства.

Нагадаем, што паводле праваабаронцаў, у справе фігуравала каля 20 розных эпізодаў. Пачынаючы з канца жніўня і да 21 снежня Крысціна Палтавец у розных месцах Скідзеля, а таксама на прыпынках і мастах Гродзенскага раёна, у вёсках і мястэчках Саволеўка, Бірулічы, Сухаўляны, Абухава, Азёры выконвала мастацкія малюнкі з рознымі выявамі. Пры тым ніякіх гвалтоўных заклікаў ці непрыстойнасцяў яна не малявала. Наадварот, мастачка нават замалявала некалькі нецэнзурных надпісаў на аб’ектах.

Палтавец позна ўвечары ездзіла пераважна на ровары ў розныя кропкі згаданых месцаў і рабіла разнастайныя выявы буслоў, катоў, дзяўчат з бел-чырвона-белымі валасамі, герба «Пагоні», бел-чырвона-белая ялінкі, былі таксама надпісы салідарнасці «Жыве Беларусь!», «Далучайся!», «Я выхожу», выява Рамана Бандарэнкі.

З канца восені ў некаторыя месцы Палтавец падвозіў на сваёй машыне Андрэй Апанасовіч. Так у снежні яны зрабілі тры супольныя выезды, пры тым Апанасовіч толькі падвозіў Палтавец, але не дапамагаў ёй у маляванні.

Скрыншот з відэа МУС

Агулам абодвум абвінавачаным налічылі 596 рублёў 21 капейку — на гэтую суму нібыта былі нанесеныя страты розным дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам. Гэтая сума выплачана абвінавачанымі яшчэ да суду.

10 снежня у працэсе прайшоў допыт абвінавачаных. Пракурор Цярэшка доўга зачытвала пералік эпізодаў справы з характэрнымі фармулёўкамі кшталту «цынічны малюнак у выглядзе бусла», «чым істотна знізіла эстэтычныя характарыстыкі сцены плота» і да г.д.