Фота Depositphotos.com

Масавая вакцынацыя ў Ізраілі пачалася 20 снежня. Ужо больш за 3,67 мільёна жыхароў атрымалі першую дозу вакцыны, што складае 40% насельніцтва. А сярод старэйшых за 60 вакцыну атрымалі ўжо больш за 80%, паведамляе DW.

Для параўнання: у Беларусі пакуль вакцынавалі толькі медыкаў — і першай дозай. Дый у краінах Еўрасаюза доля вакцынаваных не перавышае яшчэ 5—10%.

Праграма вакцынацыі Ізраіля ўжо дае эфект: колькасць выпадкаў заражэння значна знізілася, асабліва сярод людзей, старэйшых за 60. У гэтай узроставай групе ўжо назіраецца на 56% менш выпадкаў захворвання, на 42% менш шпіталізацый і на 35% менш смерцяў ад кавіду.

Той факт, што краіна з дзевяцімільённым насельніцтвам здолела забяспечыць жыхароў такой вялікай колькасцю вакцын, звязаны з пэўнымі ўмовамі, прапісанымі ў кантракце з вытворцамі вакцыны.

Згодна з пагадненнем, Ізраіль за адну дозу вакцыны плаціць значна больш, чым ЕС (каля 23 даляраў, ЕС — 12 даляраў). Акрамя гэтага, урад Ізраіля ўзяў на сябе адказнасць за бяспеку вакцыны, у той час як ЕС настойвае на тым, каб адказнасць за вакцыну несла кампанія BioNTech-Pfizer.

Да таго ж Ізраіль згадзіўся штотыдзень прадастаўляць вытворцам звесткі наконт вакцынацыі, сярод якіх колькасць выпадкаў заражэння і колькасць вакцынаваных, а таксама пол і ўзрост пацыентаў. Усе гэтыя звесткі, якія з’яўляюцца важнай інфармацыяй для фармацэўтычных кампаній, цяпер перадаюцца Pfizer ананімна.

Кампанія Pfizer, у сваю чаргу, на такіх умовах пагадзілася забяспечваць Ізраіль вакцынамі да таго часу, пакуль не будзе прышчэплена 95% насельніцтва краіны.

Медыцынская страхавая ізраільская кампанія Maccabi апублікавала звесткі, якія пацвярджаюць, што эфектыўнасць вакцыны складае мінімум 93%, што супадае з лабараторнымі дадзенымі. З 523 тысяч прышчэпленых застрахаваных кліентаў кампаніі заразіліся толькі 544 чалавекі. З 628 тысяч непрышчэпленых кліентаў Maccabi за той жа перыяд заразіліся 18 425.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?