Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня на сустрэчы з міністрам замежных спраў Славеніі Самуэлем Жбогарам. Славенія зараз старшынствуе ў Радзе Еўропы.

«Вы павінны быць абсалютна ўпэўненыя, што ўсё, што адбываецца ў адносінах з нашым заходнім партнёрам — Еўрапейскім саюзам, гэта не разавае мерапрыемства з нашага боку, не якая‑небудзь гульня — гэта ажыццяўленне нашага даўняга стратэгічнага курсу», — цытуе прэзідэнта яго прэс‑служба.

Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяванне,

што візіт Жбогара «надасць дадатковы імпульс супрацоўніцтву і будзе садзейнічаць паляпшэнню палітычнага ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі, а таксама паміж Беларуссю і Еўрасаюзам».

Кажучы пра двухбаковыя гандлёва‑эканамічныя адносіны, прэзідэнт Беларусі зазначыў, што сярод усіх краін былой Югаславіі найбольш дынамічна яны развіваюцца менавіта са Славеніяй. Тавараабарот у 2008 годзе дасягнуў 92 млн. даляраў, а ў студзені—красавіку 2009 склаў амаль 21 млн.

Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі «аб’яўлены дакладны курс на падтрымку бізнесу з рэспублік былой Югаславіі». «У нас ёсць сур’ёзны фундамент, база для далейшага супрацоўніцтва са Славеніяй. Гэта дарагога каштуе, таму што, будуючы адносіны з іншымі дзяржавамі, мы гэтага не маем», — сказаў прэзідэнт.

Самуэль Жбогар у сваю чаргу пацвердзіў, што Славенія і Беларусь здаўна былі добрымі партнёрамі. «Я сёння знаходжуся тут, каб вывучыць магчымасці, каб тыя добрыя адносіны, якія мы мелі ў мінулым, перанесці ў будучыню», — цытуе міністра прэс‑служба прэзідэнта.

Ён зазначыў, што ў Мінску знаходзіцца прадстаўнічая дэлегацыя славенскіх дзелавых колаў — прыкладна 40 бізнесменаў. Паводле слоў Жбогара, гэта «пацвярджае тую глыбокую цікавасць, якая існуе ў Славеніі да развіцця дзелавых адносінаў з Беларуссю».

У склад славенскай дзелавой дэлегацыі ўваходзяць кіраўнікі Гандлёва‑прамысловай палаты Славеніі, прадстаўнікі Славенскага банка экспарту і развіцця, дырэктары і прадстаўнікі кампаній, якія працуюць у сферы высокіх тэхналогій, тэлекамунікацый, металаапрацоўкі, станкабудавання, турызму, лагістыкі, а таксама фірм‑вытворцаў будматэрыялаў, электраабсталявання, абсталявання для ванных пакояў, сухіх прадуктаў харчавання, алкагольных напояў, паведамляе прэс‑служба.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0