Учорашняя чарга ў суд. Фота «Радыё Свабода»

Учорашняя чарга ў суд. Фота «Радыё Свабода»

У судзе працягваюць зачытваць абвінавачанне, якое займае 340 старонак. Віктара Бабарыку абвінавачваюць у тым, што ён з 2008 па 2020 год кіраваў арганізаванай злачыннай групай, вызначаў у ёй месца і ролю кожнага, а таксама — узнагароджанне. Ён мэтанакіравана рабіў так, каб большасць членаў праўлення ўваходзіла ў гэтую групу.

Згадваўся ў абвінавачванні і яго сын, Эдуард Бабарыка. У прыватнасці, агучана, што з 2017 года яму на рахункі рэгулярна пераводзілі незаконна атрыманыя грашовыя сродкі, хоць ён не з'яўляўся членам групы.

У абвінавачванні згадваюцца латвійскія кампаніі, на рахункі якіх пераводзілі грошы.

У перапынку адвакат Бабарыка Дзмітрый Лаеўскі распавёў, што ён паказаў свайму падабароннаму фота людзей, якія ўчора спрабавалі трапіць на суд, той вельмі крануты.

— Мы ў перапынку і да пасяджэння паразмаўлялі з Віктарам Дзмітрыевічам. Я паказаў яму раздрукаваныя фатаграфіі з учорашняй абстаноўкай тут. Адна справа, калі на словах распавядаеш, што прыйшло шмат людзей, іншая — паказаць. Ён ведае, што на марозе людзі стаялі, што іх не пусцілі. Ён вельмі глыбока крануты, дзякуе за падтрымку, і мы, абаронцы, таксама дзякуем, — сказаў Лаеўскі.

Ён адзначыў, што адчуванні чалавека ва ўмовах абмежавання волі вельмі залежаць ад таго, як ён настроены.

— Віктар Дзмітрыевіч настроіўся добра і даўно — яшчэ ў маі 2020 года — і працягвае, раз ужо мэта пакуль не дасягнутая, — распавёў абаронца.

Лаеўскі адзначае, што недахоп прасторы, прагулак, безумоўна, адбіваецца.

— Але калі чалавек валявы, а ён чалавек валявы, перакананы, што рабіў слушную справу, то ён спраўляецца лепш, — дадаў адвакат.

Журналістаў недзяржаўных беларускіх СМІ і парталаў сёння ў залу суда зноў не пусцілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0