Віктар Таўгень знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. За ўдзел у той жа акцыі ён ужо адбыў адміністрацыйны арышт з 12 па 16 жніўня па артыкуле 23.34 КаАП.

Яго абвінавачваюць у тым, што ўвечары 9 жніўня ён груба парушаў грамадскі парадак, а менавіта «махаў рукамі, уключаў гучна музыку на магнітафоне, ствараў штучнае асвятленне ліхтарыкам». Падчас допыту на пасяджэнні 16 лютага Таўгень сваёй віны не прызнаў і не лічыць, што ён парушаў грамадскі парадак. Заўваг як з боку міліцыі, так і з боку грамадзян не было.

Затым быў дапытаны сведка — міліцыянт Бурачонак. Ён распавёў, што ў той вечар у горадзе сабраўся натоўп людзей, стаяў шум. Людзі крычалі. З калонкі грала «Перемен» Цоя і іншыя песні. Сярод людзей ён бачыў Таўгеня, але не чуў, што канкрэтна той выкрыкваў. Ён бачыў, што Таўгень у счэпцы не стаяў. На пытанне адваката, што супрацоўнікі міліцыі рабілі падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, ён адказаў, што «стаялі».

— Што міліцыя павінна была рабіць, калі бачыць правапарушэнне?

— Не ведаю, я заблытаўся. Калі прыехаў АМАП, людзі пабеглі, нам далі каманду з'язджаць.

Абвясцілі паказанні Бурачонка, дадзеныя падчас следства і на вочнай стаўцы. Там былі некаторыя супярэчнасці. Спачатку ён казаў, што Таўгень не выкрыкваў лозунгі, а падпяваў музыцы, затым казаў, што часам выкрыкваў, на судзе зноў сказаў, што не выкрыкваў.

Другім дапыталі сведку міліцыянта Сіняўскага. Ён сказаў, што бачыў абвінавачанага з адлегласці не менш за 30 метраў. Бачыў, што той уключаў музыку, але не чуў яго выказванняў. Адзначыў, што «грамадзяне яго падтрымлівалі воплескамі, падпявалі». На наводнае пытанне пракурора Балоцінай пра тое, ці не станавілася паводзіны грамадзян агрэсіўным, ён адказаў сцвярджальна.

— Якая задача была пастаўлена вам асабіста? — спытаў адвакат.

— Была агульная задача не дапусціць праходу грамадзян да райвыканкаму.

— Хто-небудзь з іх спрабаваў туды прайсці?

— Не, ніхто.

— Што адбывалася на плошчы?

— Адміністрацыйнае правапарушэнне, несанкцыянаванае мерапрыемства.

— Што павінны рабіць супрацоўнікі міліцыі пры правапарушэнні?

— Быў начальнік, без яго каманды не мог нічога.

Сведка — інспектар па справах непаўналетніх Станкевіч — быў на плошчы з мегафонам.

«Таўгень вызначаўся тым, што меў пры сабе калонку, чым заводзіў натоўп. Нешта выкрыкваў, але што менавіта — не чуў. Адзін раз падыходзіў да мяне на адзін метр. Калі я пачынаў гаварыць у мегафон, ён узмацняў гук калонкі».

Пры гэтым сведка сказаў, што не бачыў, як Таўгень узмацняў гук.

Таксама ён апісаў тое, што адбывалася на плошчы, апісаў траіх актыўных удзельнікаў, але Таўгеня не згадаў.

Сведка — міліцыянт Аляксандр Сянько — таксама бачыў абвінавачанага з калонкай на плошчы з адлегласці ў 30 метраў. Ён не памятае, Таўгень «крычаў, падпяваў ці маліўся». Нічога агрэсіўнага ў яго дзеяннях не было і нічым, акрамя калонкі, з натоўпу не выдзяляўся.

Ён таксама распавёў, што, акрамя Таўгеня, на плошчы былі яшчэ тры ці чатыры чалавекі з калонкамі і магнітоламі. І ўздоўж шарэнгі міліцыі хадзіў не Таўгень, а іншы чалавек.

Сведка — міліцыянт Філістовіч — сцвярджаў, што Таўгеня заўважыў не адразу і толькі дзякуючы музычнай калонцы. Гэты сведка сцвярджаў, што Таўгень ўсё-такі падыходзіў да міліцыянтаў і нешта ім гаварыў. «Народ на яго музыку наогул не рэагаваў. Самыя актыўныя сталі ў ланцужок, счапіўшыся рукамі локцямі. Таўгеня сярод іх не было. Лічу яго дзеянні актыўнымі, ён хадзіў і махаў рукамі».

— Лозунгі « Жыве Беларусь!», «Міліцыя з народам» агрэсіўныя?

— Так, агрэсіўныя.

На гэтым допыт сведак завяршыўся. На наступным пасяджэнні, 17 лютага, дэманстраваліся відэаматэрыялы са справы — а менавіта відэа з плошчы 9 жніўня. Далёка не адразу прысутныя ў зале змаглі разгледзець на іх Віктара Таўгеня. Па відэа бачна, што на плошчы было больш актыўных людзей, чым Таўгень, таксама відаць, што калі многія іншыя ўключылі ліхтарыкі на тэлефоне, абвінавачаны яшчэ гэтага не зрабіў. На пасяджэнні 18 лютага прадоўжыўся прагляд відэа, на якіх практычна не відаць Таўгеня.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?