У канцы мінулага года VOKLADKI запусцілі новы прадукт — скрэтч-карту Беларусі. Расказваем, як яна з’явілася на свет і чым вылучаецца.

Па промакодзе nashaniva да 28 лютага вы можаце атрымаць зніжку 5% не толькі на скрэтч-карты, а ўвогуле на любы прадукт ад брэнда VOKLADKI. Глядзіце рэчы тут.

«Магу з заплюшчанымі вачыма паказаць на карце любы беларускі горад»

Фёдар вельмі любіць вандраваць і ў любы вольны ад працы па развіцці бізнэсу час адразу ж сядае ў цягнік або дабіраецца да патрэбных пунктаў аўтаспынам. Сёння хлопец наведаў ужо 25 краін.

Фёдар Шылін.

«Актыўна ездзіць па Беларусі я пачаў, калі ў мяне з’явілася ўласная машына, дзесьці восем гадоў таму. Гэта цяпер у сувязі з пандэміяй вандраваць па радзіме, можна сказаць, стала мэйнстрымам. Я даўно паставіў сабе мэту пабачыць родную краіну: спачатку адпраўляўся да вядомых славутасцяў, а пасля, калі іх спіс амаль скончыўся, мэтанакіравана шукаў цікавосткі на месцах. Так адбылося, напрыклад, з усходам Магілёўскай вобласці — Крычавам, Клімавічамі, куды турысты наведваюцца рэдка і ты не ведаеш, чаго чакаць. Цяпер я магу з заплюшчанымі вачыма паказаць на карце, дзе знаходзіцца любы са 115 беларускіх гарадоў», — расказвае Фёдар.

Начуе хлопец звычайна ў намётах або броніць гатэлі. Хаця часцей для падарожжа з Мінска ў новы пункт хапае сутак.

Адным з самых любімых беларускіх месцаў для Фёдара стала балота Ельня.

«Я лічу, што менавіта туды трэба запрашаць турыстаў з Еўропы і не толькі. Руіны замкаў, цэркваў іх не так моцна ўражваюць, бо ў іх саміх такой спадчыны хапае. А вось балота — гэта нешта неверагоднае. Прырода там проста касмічная! Я быў на Ельні вясной, але з задавальненнем вярнуўся б туды ў іншыя сезоны. І ўжо з правадніком, каб убачыць больш без рызыкі для жыцця», — кажа суразмоўца.

«Скрэтч-карта — гэта даведнік галоўных беларускіх скарбаў»

Уласны багаты досвед вандровак па Беларусі натхніў Фёдара на стварэнне скрэтч-карты славутасцяў, якая б магла стаць свайго роду дапаможнікам для даследавання роднай краіны.

«У Беларусі ўжо былі скрэтч-карты, але для мяне асабіста яны былі нязручнымі. У першую чаргу тым, што падзеленыя на раёны. А якім чынам тады «сціраць» іх — калі ты там пераначаваў або проста праехаў наскрозь? І што рабіць з раёнамі, куды не хочацца ехаць? Ва Украіне ёсць карта, падзеленая на вобласці, але там іх 24. У нашых абставінах такі падыход таксама быў бы недарэчны. Менавіта таму я і вырашыў зрабіць свой даведнік па беларускіх скарбах. І, мяркуючы па водгуках людзей, якія ўжо карысталіся картай, такая фішка многім даспадобы».

Усе рэкамендацыі, змешчаныя на карце, Фёдар праверыў на сабе. Ëн сам склаў спіс скарбаў, а пасля звярнуўся да рэкламнага агенцтва са сваёй ідэяй перанесці іх на скрэтч-карту. Вясёлыя ілюстрацыі шклоўскага гурка, магілёўскіх львоў і хіпстараў каля салігорскіх тэрыконаў зрабіла Алена Урбановіч. Увесь працэс вытворчасці ад ідэі да прамалёўкі і друку заняў прыблізна 1,5 месяца.

Ілюстрацыі на карце ад Алены Урбановіч (salatova9).

Спачатку карту запакоўвалі ў фірмовы чорны мяшочак ад «Вокладак», але пасля вырашылі захоўваць яе ў кардонавых скрынках — так яна лепш захоўваецца пры транспарціроўцы.

У апісанні да рэлізу Фёдар адразу пакінуў свае асабістыя дадзеныя з разлікам на зваротную сувязь: вельмі перажываў, што яны ў спешцы маглі нарабіць геаграфічных памылак ці забыцца ўключыць у свой папяровы экскурсавод нейкі знакаміты будынак ці скульптуру. Але пакуль крытыкі на адрас стваральнікаў не паступала.

«Адзінае: мы зрабілі пару граматычных памылак у першым тыражы. Гэта ўсё было выпраўлена ў новай партыі. Але калі ўсё ж будуць прапановы па паляпшэнні карты, мы з радасцю зробім версію 2.0», — кажа Фёдар.

Цікава, што дзякуючы картам многія ўпершыню даведаліся пра брэнд VOKLADKI, які насамрэч больш пра пашытыя рэчы, а не пра папяровыя.

«З іншага боку, сувязь паміж заплечнікамі і вандроўкамі самая натуральная. Прыемна, што ў нас з’явілася шмат кліентаў, якім карта дасталася ў падарунак, а пасля яны ўжо самі прыйшлі да нас, каб набыць яе на свята сябрам і блізкім».

Калі і вы плануеце набыць карту і адправіцца ў падарожжа па Беларусі, то вось вам месцы ад Фёдара, якія ён раіць адкрыць у першую чаргу:

  1. Кар’еры пад Клімавічамі. Яны не такія вядомыя, як мелавыя пад Ваўкавыскам, але не менш цікавыя. 
  2. Прысядзібны парк Тышкевічаў у Лагойску. Я пабываў там толькі гэтым летам і не ведаў, што такая прыгажосць — усяго ў 30 кіламетрах ад Мінска. Там вельмі душэўна.
  3. Альманскія балоты і балота Ельня. Па дарозе раю завітаць на вадаспад на рацэ Вята, ён рэальна ўражвае. Адназначна must see!
  4. Экасцежка Блакітныя азёры. Прыгожае месца з азёрамі, пагоркамі і паўночнымі пейзажамі. Людзей няшмат, а сямікіламетровая сцежка будзе трымаць ваш маршрут.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?