Фота Надзеі Бужан

— У апошнія тыдні вакол вашай персоны шмат чутак і размоў. Людзі хвалююцца, ці ўсё ў вас добра?

— Дзякуй, галоўнае — здаровы, чаго і Вам зычу, асабліва падчас пандэміі.

— Ваша жонка сказала, што вы знаходзіцеся не ў Беларусі. Чым цяпер займаецеся?

— Так, цяпер я кантактую па працы з некалькімі фінансавымі інстытутамі і фондамі, усе з якіх, так атрымалася, знаходзяцца за мяжой. Як вы разумееце, у сувязі з эпідэміялагічным становішчам любыя перамяшчэнні зараз моцна ўскладненыя. Некаторы час таму знаходзіўся ў Казахстане, цяпер у Лондане.

— Гэтыя новыя праекты неяк звязаныя з Беларуссю?

— У некаторых з іх ёсць такі патэнцыял, так, але негатыўныя інвестыцыйныя настроі сёння стрымліваюць іх прыход у нашу краіну.

— Атрымліваецца, вы плануеце працаваць за мяжой?

— Гэта шмат у чым залежыць ад вынікаў перамоваў. Некаторыя з гэтых прапаноў не патрабуюць пастаяннай фізічнай прысутнасці, таму, магчыма, буду неяк сумяшчаць.

— Гэта чыста эканамічныя праекты? Ходзяць чуткі, што вы цяпер можаце заняцца і палітычнай дзейнасцю.

— Праекты фінансава-інвестыцыйныя, і ўдзел у любым з іх не прадугледжвае палітычнай актыўнасці, гэта агаворваецца практычна адразу. Калі б у мяне былі такія планы, то за мінулы пасля сыходу ў адстаўку [з пасады прэм'ер-міністра] час яны б ужо неяк рэалізаваліся. Цяпер я б хацеў вярнуцца ў больш звыклае для сябе фінансавае асяроддзе.

— Ваша імя цяпер згадваецца ў кантэксце затрымання банкіраў, з якімі вы раней разам працавалі. Можаце неяк пракаментаваць меркаваныя прэтэнзіі да іх з боку праваахоўных органаў?

— Наколькі я ведаю, прэтэнзіі датычацца 2011-2012 гадоў, калі Белаграпрамбанк адкрываў фінансаванне па праграме Прыпяцкага Палесся, у прыватнасці сваіх даччыных прадпрыемстваў «Тураўшчына» і «Тураўскі малочны камбінат». У рамках гэтай праграмы, у тым ліку, прадугледжвалася магчымасць атрымання льготнага фінансавання, якое, па ўсёй бачнасці, і з'явілася прадметам цікавасці правяраючых.

— Правільна я разумею, што вы ж і курыравалі гэтую праграму, будучы ў той час віцэ-прэм'ерам і затым кіраўніком Банка развіцця?

— Яшчэ да гэтага, калі я быў старшынёй праўлення Белаграпрамбанка, падчас наведвання Палесся кіраўнік дзяржавы паставіў задачу распрацаваць праграму развіцця Прыпяцкага рэгіёна. Фінансавае забеспячэнне гэтай праграмы ляжала на Белаграпрамбанку, таму ў яе распрацоўцы я браў непасрэдны ўдзел. У наступным, пасля яе прыняцця, я сапраўды курыраваў ход яе выканання. Хачу сказаць, што гэта была паспяховая дзяржпраграма, дзякуючы якой Прыпяцкі рэгіён атрымаў значны імпульс у развіцці. Як прыклад, укладанні ў «Тураўшчыну» і ТМК не толькі змянілі Тураў, але і дазволілі ўсяму Жыткавіцкаму раёну, аднаму з адстаючых у краіне, перайсці ў разрад лідараў па асноўных паказчыках. Да таго ж, прэзідэнт двойчы наведваў ужо працуючы камбінат, і вынікам дзейнасці прадпрыемства былі дадзены высокія ацэнкі.

— Чаму ж тады ў кантралёраў узніклі прэтэнзіі да Тураўскага малочнага камбінату менавіта цяпер?

— У мяне няма адказу на гэтае пытанне. Камітэт дзяржкантролю штогод, пачынаючы з 2011 года, дакладваў кіраўніку дзяржавы, што фінансаванне праграмы ажыццяўляецца правільна. Паколькі, згодна з дакументам, менавіта на яго быў ускладзены кантроль за мэтавым выкарыстаннем крэдытных рэсурсаў. Акрамя таго, нельга разглядаць праект ТМК вырваным з кантэксту ўсёй праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся, бо льготнае крэдытаванне атрымлівала шмат прадпрыемстваў. І такім чынам была вырашана галоўная задача, вызначаная ўказам — рэалізаваны цэлы шэраг праектаў, якія змянілі эканоміку рэгіёна. А цяпер, як я чуў, правяральшчыкі трактуюць, што па праграме трэба было будаваць малочны завод, а пабудавалі малочны камбінат — і таму фінансавалі неправамерна.

— І апошняе пытанне. Ходзяць размовы, што насамрэч ідзе атака на вас. Паколькі вы не проста працавалі з людзьмі, якіх затрымалі, а з многімі з іх сябравалі.

— Мне б не хацелася так думаць. Я сапраўды ведаю іх усіх дастаткова добра, як прафесіяналаў і прыстойных людзей. І спадзяюся, што ва ўсёй гэтай сітуацыі, як і ў выпадку з дрэваапрацоўкай, у найбліжэйшы час разбяруцца і ўсе прэтэнзіі будуць знятыя.