Пратэсты ў Ерэване 20 лютага.

«Мы заклікаем кожны дзень праводзіць акцыі пратэсту, мітынгі, забастоўкі, аўтапрабегі — горад павінен быць паралізаваны», — заявіў на мітынгу ў Ерэване кандыдат на пасаду прэм'ера ад апазіцыі Вазген Манукян.

Нягледзячы на снегапад, у суботу, 20 лютага, на заклік аб'яднанай апазіцыі і «Руху за выратаванне радзімы» на плошчу Свабоды ў Ерэване прыйшлі, паводле дадзеных арганізатараў, ад 15 да 18 тысяч чалавек. З заклікамі выйсці на вуліцы ўпершыню звярнуліся да сваіх прыхільнікаў экс-прэзідэнты Арменіі Роберт Качаран і Серж Саргсян.

З 9 лістапада, калі прэм'ер-міністр Арменіі падпісаў сумесную з Азербайджанам і Расіяй заяву аб спыненні баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху, людзі дамагаюцца адстаўкі Нікола Пашыняна і ягонага ўрада. Яны і сёння лічаць, што гэта было здрадай і патрабуюць не толькі адстаўкі ўрада, але і прыцягнення Пашыняна да крымінальнай адказнасці за «дзяржаўную здраду». «Арменія без Нікола!», «Нікол-здраднік!» — скандуюць людзі, якія сабраліся на плошчы.

Вазген Манукян заявіў, што ў першую чаргу неабходна «зламаць апору» цяперашняга ўрада — сілавыя структуры і парламент, а таксама пераканаць частку грамадства, якая падтрымлівае Пашыняна, у тым, што «ўлады вядуць краіну да прорвы».

Апазіцыя абвясціла пра сваю рашучасць дамагчыся адстаўкі ўрада і правядзення пазачарговых выбараў у парламент. Па словах аднаго з яе лідараў Ішхана Сагатэляна, «мы не спынімся, з сённяшняга дня Нікол Пашынян і яго ўлада забудуць пра спакой».

У сваю чаргу, улады не лічаць пратэсты ў краіне «крытычнымі» і працягваюць працаваць над «дарожнай картай» Пашыняна «па пераадольванні сітуацыі, якая стварылася ў краіне, усталяванню стабільнасці і бяспекі». У чэрвені гэтага года прэм'ер збіраецца выступіць са справаздачай аб праведзенай працы і толькі тады, з улікам грамадскай думкі, вырашыць, што рабіць далей.

Сілы правапарадку ўзялі будынкі ўрада і парламента пад узмоцненую ахову. У цэнтр горада сцягнутыя некалькі дзясяткаў аўтобусаў з паліцэйскімі і спецназам, спецтэхніка.

Пасля мітынгу ўдзельнікі акцыі падзяліліся і шэсцем пайшлі блакаваць цэнтр сталіцы. На шэрагу кірункаў, у прыватнасці на праспектах Маштоца і Баграмяна, людзям удалося перакрыць рух транспарту, ён тут цалкам паралізаваны. З надыходам цемры пратэстоўцы перакрылі рух на плошчы Рэспублікі, дзе размешчаны будынак урада. Рэзідэнцыя прэм'ер-міністра ўзятая пад трайное кальцо аховы.

Час ад часу паліцыя патрабуе ад маніфестантаў спыніць блакаванне вуліц і аднавіць рух транспарту. Аднак людзі не разыходзяцца. Іх колькасць на вуліцах расце.

Не абышлося без боек з паліцыяй. Непадалёк ад плошчы Свабоды паміж удзельнікамі акцыі і прыхільнікамі Пашыняна адбылася бойка, аднак паліцыі ўдалося развесці завадатараў. Паводле звестак на 19.00 па мясцовым часе, затрыманыя да сарака пратэстоўцаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?