Перамовы чакаюцца працяглымі, а на парадку будуць дамінаваць сумесныя інтэграцыйныя праекты. Пры гэтым эксперты нейкіх лёсавызначальных рашэнняў ад сустрэчы ў Сочы не чакаюць, піша Tut.by.

Назіральнікі меркавалі, што Лукашэнка ляціць у Сочы, каб атрымаць новую крэдытную ін'екцыю. Хоць мінулая «доза» яшчэ не да канца выкарыстаная.

Падчас апошняй сустрэчы ў Сочы ў верасні 2020 года Пуцін паабяцаў Лукашэнку даць дзяржкрэдыт на 1,5 млрд даляраў. Па сутнасці гаворка ішла аб рэфінансаванні даўгоў. Беларусь атрымала 500 млн даляраў ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, і яшчэ столькі ж склаў першы транш расійскага дзяржкрэдыту. Пры гэтым прыкладна траціна сродкаў пайшла на пагашэнне доўгу за пастаўкі газу перад «Газпрамам». Мінфін Беларусі чакае 500 млн даляраў другога транша расійскага дзяржкрэдыту ў першым паўгоддзі.

Нядаўна расійскае выданне «КоммерсантЪ» паведаміла, што ў ходзе візіту Лукашэнкі ў Расію бакі могуць закрануць тэмы новага расійскага крэдыту ў памеры 3 млрд даляраў з рэшты сродкаў, вылучаных расійскім урадам на будаўніцтва Беларускай АЭС. Прадстаўнік Мінфіна Беларусі не пацвердзіў гэтую інфармацыю. Ад такіх мэтаў адхрысціўся і сам Лукашэнка.

18 лютага ён заявіў на сустрэчы з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам, што не едзе ў Расію «чагосьці прасіць». Ён нагадаў, што Беларусь ужо падпісала на гэты год дакументы па адчувальных пытаннях — па энерганосьбітах і агульных рынках.

Газавыя нюансы

На самай справе Беларусь працягвала перамовы з «Газпрамам», нягледзячы на заключаны кантракт на пастаўку газу ў 2021 годзе па 128,5 даляраў за тысячу кубаметраў. У 2020 годзе цана на газ для Беларусі складала 127 даляраў за тыс. кубаметраў. У Мінэнерга Беларусі адзначалі, што ўзгодненая бакамі цана на газ у 2021 годзе значна ніжэйшая за прадугледжаную формулу, якая вызначае цану на газ для краіны і якая фіксуецца ў міжурадавым пагадненні аб парадку фарміравання цаны пры пастаўцы і транзіце газу, што падпісана ў 2011 годзе.

Яшчэ адно пытанне можа быць ускосна звязаны з «Газпрамам». Журналісты запыталіся ў прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, ці сочаць у Маскве за працэсам над былым кіраўніком Белгазпрамбанка Віктарам Бабарыкам, паколькі заяўлялася аб наяўнасці расійскіх «лялькаводаў» ў справе.

— Мы абавязкова паглядзім, што гэта былі за заявы. Калі гэта сапраўды так, то, вядома, будзе добрая магчымасць і гэта таксама абмеркаваць на сустрэчы 22 лютага, калі гэта адпавядае рэчаіснасці, — сказаў прадстаўнік Крамля, адзначыўшы, што расійскі бок не хоча ўмешвацца ў судовыя ўнутрыбеларускія справы.

Нагадаем, у чэрвені 2020 года тады яшчэ кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель, каментуючы затрыманне прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта і экс-банкіра Віктара Бабарыкі, заявіў аб лялькаводах, якія стаяць за яго дзейнасцю. «Такімі асобамі з'яўляюцца, мы ведаем, вялікія начальнікі ў «Газпраме», а можа быць, і вышэй», — сказаў Церцель.

Інтэграцыйныя праекты

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, каментуючы будучую сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна, не выключыў, што можа быць закранутая тэма ўзаемадзеяння ў фінансава-крэдытнай сферы.

— Але гэта не значыць, што Беларусь будзе прасіць абавязкова крэдыты ў Расіі і прасіць нейкай дапамогі. Магчыма, будзе абмяркоўвацца пытанне фінансава-крэдытнага ўзаемадзеяння з пункту гледжання рэалізацыі розных выгадных сумесных праектаў, якія абмяркоўваліся, дарэчы, падчас візіту віцэ-прэм'ера Барысава ў Беларусь, — сказаў міністр.

Мяркуючы па ўсім, Менск і Масква маюць намер вярнуцца да буйных інтэграцыйных пытанняў. Першы раўнд перамоваў на гэтую тэму адбыўся 3 лютага ў Мінску. Віцэ-прэм'ер РФ Юрый Барысаў па выніках сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам заявіў, што краіны могуць аб'яднаць намаганні па стварэнні электрамабіляў.

— Мы прапануем разгледзець магчымасць сумесных намаганняў у галіне нафтагазахіміі. І таксама нам цікава — бо і ў Расіі, і ў Беларусі ёсць назапашаныя кампетэнцыі ў галіне аўтамабілебудавання — паглядзець магчымасць правядзення работ, звязаных з «аўтамабілямі будучыні», у першую чаргу з электрамабілямі, — сказаў Барысаў.

Варта сказаць, што ў складзе расійскай дэлегацыі ў сустрэчы таксама браў удзел гендырэктар КамАЗа Сяргей Кагогін.

— У нас была досыць шчырая размова (…) Вырашылі, што ёсць неабходнасць у пэўнай ступені перазагрузіць узаемаадносіны на ўсіх узроўнях: паміж прадпрыемствамі, паміж канцэрнамі, паміж федэральнымі органамі, галіновымі, у першую чаргу Мінпрамгандлю, «Расатамам», «Раскосмасам». Мы пазначылі свае інтарэсы на найбліжэйшую перспектыву для беларускага боку і запрасілі іх прыняць актыўны ўдзел у новых праектах, якія сёння актыўна абмяркоўваюцца і рэалізоўваюцца ў Расіі, — адзначыў Кагогін.

Аб «буйных сумесных праектах у гандлёва-эканамічнай, энергетычнай і культурна-гуманітарнай галінах» гаворыцца і ў анансаванай Крамлём сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна.

У 2011-2014 гадах Беларусь і Расія вялі працу па пяці інтэграцыйных прамысловых праектах: холдынг «Расбелаўта» (МАЗ — КамАЗ), «Інтэграл» і «Расійская электроніка», Мінскі завод колавых цягачоў і ГК «Растэх», «Пеленг» і Федэральнае касмічнае агенцтва «Раскосмас», «Гродна Азот» і «Еўрахім» альбо іншы партнёр. Аднак у выніку ні па адным з іх «не знайшлі агульнага разумення». Усе спробы рэанімаваць праекты не ўвянчаліся поспехам. Мяркуючы па ўсім, гэтаму кірунку хочуць надаць новы імпульс.

Ваеннае супрацоўніцтва

Найбольш рэальным кірункам бачыцца ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Тым больш Лукашэнка анансаваў сустрэчу ў Сочы і з намеснікам старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым, каб абмеркаваць «самыя актуальныя пытанні, якія нас сёння хвалююць».

— Ёсць больш важныя пытанні — забеспячэнне абароны, бяспекі нашай дзяржавы, — сказаў Лукашэнка.

18 лютага ваенныя ведамствы Расіі і Беларусі ўзгаднілі дарожную карту па развіцці ваеннага супрацоўніцтва на найбліжэйшую перспектыву.

Незадоўга да гэтага прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін даручыў Мінабароны сумесна з МЗС правесці з Мінскам перамовы аб падаўжэнні выкарыстання двух вайсковых аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі.

Пагадненні аб размяшчэнні на беларускай тэрыторыі радыёлакацыйнай станцыі «Вілейка» і сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе на радыётэхнічным вузле «Баранавічы» былі падпісаныя 6 студзеня 1995 года. Дакументы складаліся на 25 гадоў з наступным прадаўжэннем кожныя пяць гадоў.

У інтэрв'ю галоўнаму рэдактару «Эхо Москвы» Аляксею Венедыктаву ў 2019 годзе Лукашэнка нагадаў, што за вайсковыя аб'екты Расія Беларусі ўсе гэтыя гады не плаціць ні капейкі.

Лакальныя праблемныя пытанні

Лукашэнка і Пуцін могуць абмеркаваць і лакальныя праблемныя пытанні.

Расія і Беларусь у пятніцу, 19 лютага, падпісалі міжурадавае пагадненне аб арганізацыі перавалкі беларускіх нафтапрадуктаў у расійскіх партах. Аднак камерцыйных кантрактаў паміж беларускімі грузаадправіцелямі і расійскімі тэрміналамі яшчэ не падпісана. 

Днямі таксама высветлілася, што расійская мытня блакуе пастаўку кветак з Беларусі. Улічваючы, што раней за гэты бізнэс адказвалі блізкія да Лукашэнкі бізнэсмены, то, цалкам верагодна, і да таго пытання могуць звярнуцца ў ходзе перамоваў. Тым больш што перад 8 сакавіка ў Расіі паўстаў дэфіцыт кветак.

Меркаванні экспертаў

Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі 22 лютага ў Сочы не прынясе прарыўных рашэнняў, лічыць намеснік дырэктара Інстытута краін СНД Уладзімір Жарыхін.

— Думаю, усё пройдзе дастаткова спакойна. Улічваючы рэзкае абвастрэнне сітуацыі ва Украіне, практычна дзяржаўны пераварот, не да таго, каб нейкія прарыўныя рашэнні прымаць. Чакаць ад Пуціна і Лукашэнкі цяпер нейкіх прарыўных рашэнняў, новых ініцыятыў я б не стаў, — сказаў ТАСС аналітык.

На яго думку, у асноўным размова на гэтых перамовах «будзе ісці аб агульнай сітуацыі ў Еўропе, вакол Расіі, Беларусі, адносінах з Еўрасаюзам, адносінах з Украінай, адносінах з ЗША, улічваючы новую каманду».

Акрамя таго, Лукашэнка праінфармуе Пуціна аб выніках «Усебеларускага народнага сходу», казаў Дзмітрый Пяскоў.

— Думаю, Лукашэнка раскажа пра [яго] вынікі, аб тых рашэннях, якія прынятыя, не ўсе яны апублікаваныя публічна, — мяркуе Жарыхін.

Беларускі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць, што «правадырам двух роднасных рэжымаў, звязаных адным ланцугом, наканавана сустракацца і зноў дэманстраваць на тэлекамеры нацягнутыя ўсмешкі».

— На сустрэчы ў Сочы 22 лютага Крэмль напэўна закране шэраг непрыемных для беларускага госця тэм, уключаючы тэму транзіту ўлады. Але пры гэтым спадзяванні некаторых назіральнікаў: маўляў, вось ужо на гэты раз Пуцін задасць Лукашэнка такога жару, што толькі пер'е паляціць, — падаюцца наіўнымі, — лічыць Класкоўскі. — Так, напэўна, у ідэале Крэмль палічыў бы за лепшае мець справу з менш увертлівым і таксічным партнёрам. Але з каго выбіраць? Асноўныя апаненты Лукашэнкі выглядаюць у вачах Масквы залішне празаходнімі або нацыяналістычнымі. Прарасійскі ж сегмент у Беларусі даволі маргінальны. Ды і замуціць тут катавасію з мэтай змены кіраўніка дзяржавы — справа па многіх прычынах рызыкоўная. Прычым для Пуціна відавочна непрымальна, каб цяперашняга кіраўніка-хаўрусніка скінула вуліца. А выбараў як такіх у Беларусі няма. Зачараванае кола.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0