Вечарам у пятніцу нібыта ад імя пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра быў дасланы ліст на англійскай мове па 85 электронных адрасах еўрапейскіх парламентарыяў і амбасадараў еўрапейскіх краін, паведамляе spring96.org.

У ім значылася, што «Вясна» нібыта сур’ёзна заклапочаная ростам парушэнняў правоў грамадзян на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў у шэрагу еўрапейскіх краін і нібыта заклікае правесці расследаванне такіх выпадкаў парушэнняў. У дадатку змяшчалася 28 фота, відавочна, спампаваных з адкрытых крыніц у інтэрнэце.

Ліст быў дасланы з адраса viasna.spring97@gmail.com, які ніколі не належаў і не мае дачынення да «Вясны».

«Афіцыйна заяўляем, што ніякіх лістоў з указанай скрыні мы не дасылалі, ніякіх заклікаў да еўрапейскіх краін не распаўсюджвалі. Расцэньваем такі ліст ад імя ПЦ «Вясна» як брудную правакацыю з боку беларускіх спецслужбаў», — пракаментаваў сітуацыю Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, што 16 лютага ў офісах арганізацыі і ў праваабаронцаў прайшлі ператрусы.